Вы тут

Як механізаваная калона рыхтуецца да параду войскаў


На аэрадроме Міністэрства па надзвычайных сітуацыях «Ліпкі» гэтымі днямі курыцца пыл і дрыжыць зямля. Гэта механізаваная калона рыхтуецца да параду войскаў Мінскага гарнізона ў гонар Дня Незалежнасці, які традыцыйна пройдзе 3 ліпеня каля абеліска «Мінск — горад-герой». Адзін за адным едуць магутныя браніраваныя машыны, зенітныя ракетныя комплексы, сістэмы залпавага агню і артылерыйскія ўстаноўкі, якія стаяць на ўзбраенні ў беларускага войска. Карэспандэнты «Звязды» паназіралі за падрыхтоўкай вайскоўцаў да відовішча.


Ужо вядома, што ў складзе механізаванай калоны перад гледачамі праедуць 23 парадныя разлікі, якія будуць налічваць больш за 250 адзінак ваеннай тэхнікі. Акрамя таго, вайскоўцы сфарміруюць 18 пешых парадных разлікаў.

— Сярод іншага, у склад калоны ўвойдуць новыя і мадэрнізаваныя на айчынных прадпрыемствах узоры ваеннай тэхнікі. Гэта бронеаўтамабілі «Дракон», артылерыйская сістэма «Нона М1», бронетранспарцёр БТР-70МБ1, — паведаміў намеснік камандуючага войскамі Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання генерал-маёр Уладзімір КУЛАЖЫН.

Экіпажам БТР-70МБ1 камандуе старшы лейтэнант Яўген МІЛЕЎСКІ. Гэта ўжо пяты парад, да якога ён рыхтуецца.

— БТР-70МБ1 быў мадэрнізаваны ў Беларусі. У ім усталяваны больш магутны рухавік, крыху відазменены корпус, зроблены двухстворчатыя люкі для большай зручнасці ўваходу і выхаду асабовага складу з баявой тэхнікі. Бронетранспарцёр атрымаў новыя тармазы і каробку перадач. Таму хоць і давялося папрацаваць падчас навучання, але ніякіх складанасцяў у кіраванні тэхнікай няма. Механіка-кіроўцу навучаюць азам спецыяльнасці тры месяцы. Гэта рух у калоне і само кіраванне бронетранспарцёрам. Калі ж салдат быў прызваны ўжо з правамі, то перавучыцца будзе нескладана. Адзінае «але» — меншы агляд і больш складаная каробка перадач. Разам з тым БТР-70МБ1 — машына вельмі манеўраная і не саступіць у гэтым звычайным аўтамабілям.

А з люка браніраванай машыны тым часам вылазіць механік-кіроўца Мікіта ЗАЙЦАЎ. У разлікаў — рэгламентаваны перапынак, і таму паспяваем крыху пагутарыць з салдатам:

— Я служу ўжо паўгода. Вучымся трымаць дыстанцыю, ехаць з аднолькавай хуткасцю. Гэты парад для мяне першы, але хвалявання няма. Ад спёкі, якая ўсталявалася апошнімі днямі, ратуемся кандыцыянерам. За дзень мы тут праязджаем прыкладна 10 кругоў. Кожны з іх мае працягласць у два кіламетры.

На аэрадроме «Ліпкі» вайскоўцы трэніруюцца ўжо трэці тыдзень. Тэхніка праходзіць па аўторках, серадах і чацвяргах. Па рэгламенце, падрыхтоўка тут зойме яшчэ прыкладна два тыдні. А 23 і 28 чэрвеня генеральныя рэпетыцыі пройдуць ужо непасрэдна каля стэлы ў Мінску. Агульная працягласць параднага разліку складзе каля трох кіламетраў!

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Пад Мінскам танкі грукаталі...

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.