Вы тут

Палкоўнік міліцыі паказвае сваю незвычайную калекцыю


Гэтая рэч увайшла ва ўжытак не так даўно — усяго паўтара стагоддзя таму. Спачатку не прымалі, маўляў, як жа можна свае думкі і пачуцці выстаўляць напаказ. А крыху пазней палюбілі — за прыгажосць і невысокі кошт. А вось у галоўнага інспектара кантрольна-інспектарскага ўпраўлення штаба МУС Віталя БЫКАВА была іншая прычына захапіцца калекцыянаваннем гэтых прадметаў — захаваць і сістэматызаваць гістарычныя даныя аб сваёй малой Радзіме. Вы ўжо здагадаліся аб чым ідзе гаворка? Сапраўды, галоўная тэма нашага матэрыялу — яе вялікасць паштоўка!


Стагадовая фотапаштоўка з асабістым подпісам аўтара

Калекцыянаваннем Віталь Мікалаевіч захапляецца з дзяцінства, пачыналася ўсё з марак і мадэляў аўтамабіляў. Па меры сталення запал да пошуку новых асобнікаў не аслабеў, а толькі ўмацаваўся: мужчына зразумеў, што гэта хобі застанецца з ім на ўсё жыццё. Адзін з кірункаў — паштоўкі. Маючы досыць вялікі вопыт у гэтай справе, Віталь Мікалаевіч вырашыў займацца ёй не толькі дзеля задавальнення, але і дзеля глыбокага вывучэння пытання. Тэматыку абраў па душы — паштоўкі з выявай Ліды. Гэта горад, дзе прайшло яго юнацтва і дзе зараз яго чакае гасцінны бацькоўскі дом.

Расказваць пра паштоўкі палкоўнік міліцыі пачынае з гістарычнай даведкі. Першы ў свеце асобнік быў прададзены ў Аўстрыі ў 1869 годзе. А вось у Расійскай імперыі, да якой тады адносілася тэрыторыя Беларусі, іх пачалі вырабляць на некалькі дзесяцігоддзяў пазней — у 1894-м. Выявы розных гарадоў былі адным з самых распаўсюджаных сюжэтаў, якія друкавалі на паштоўках. У гэтым быў пэўны сэнс: часта паштоўкі выкарыстоўвалі, каб перадаць прывітанне з таго ці іншага месца. Праўда, паштоўка з выявай Ліды яшчэ не пацвярджае той факт, што чалавек пабываў у самім горадзе. Картку можна было купіць на вакзале падчас прыпынку цягніка, а адправіць ужо зусім з іншага населенага пункта.

Найстарэйшая паштоўка з выявай роднага горада ў калекцыі Віталя Мікалаевіча датуецца самым пачаткам ХХ стагоддзя. Саму калекцыю можна падзяліць на тры асноўныя перыяды: гады Расійскай імперыі, германская акупацыя ў перыяд Першай сусветнай і час, калі Ліда ўваходзіла ў склад Польшчы — да 1939 года. Больш за ўсё паштовак прыпадае на перыяд нямецкай акупацыі. Хоць ён і доўжыўся ўсяго некалькі гадоў, з 1915-га па 1918-ы, тады быў сапраўдны бум захаплення фатаграфіяй, таму паштовак з рознымі здымкамі выпускалі вельмі шмат.

Усяго ж, як расказвае палкоўнік міліцыі, яму вядома каля 500 паштовак з выявай Ліды. Віталю Мікалаевічу ўжо ўдалося сабраць больш за 300 з іх. Разглядаючы альбомы, абывацель можа падумаць, што паштоўкі дублююцца, таму што не тое што здымкі зроблены з аднаго ракурсу, а нават выявы паўтараюцца, і не раз. Але для сапраўднага калекцыянера — гэта не паказчык. Паглядзеўшы на адваротны бок з выгляду аднолькавых паштовак, можна ўбачыць, што ў іх адрозніваецца выдавец, а значыць, могуць быць розныя якасць паперы, подпісы і іншае.

Самыя каштоўныя асобнікі — фотапаштоўкі. Па сутнасці, гэта негатыў, разлінеены для адпраўкі. Такіх узораў у палкоўніка міліцыі ўсяго тры. Адзін вельмі рэдкі, з подпісам самога аўтара — вядомага ў пачатку ХХ стагоддзя ў Лідзе фатографа па прозвішчы Барон. Дарэчы сказаць, у той час у Лідзе працавалі сем фотаатэлье і не менш як тры прыватныя вытворцы паштовак.

А вось будзе паштоўка чыстай або спісанай спорным почыркам, на яе каштоўнасць не ўплывае. Даволі шмат асобнікаў на нямецкай мове, таму разабрацца ў сутнасці паслання не так проста. Але трыманне ў руках рэчы, якая мае не толькі гістарычную, але і для кагосьці асабістую значнасць, выклікае асаблівае трапятанне.

Ад замка да прадаўцоў венікаў

Будынак Лідскага вакзала.  Быў зруйнаваны ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

— Калекцыянер адрозніваецца ад збіральніка тым, што ён шукае асобнікі, каб даведацца нешта новае, а не дзеля самога факта назапашвання. Так і мне многае ўдалося даведацца пра гісторыю свайго горада. На жаль, у гады Вялікай Айчыннай вайны Ліда была практычна цалкам разбурана, таму зараз у ёй можна знайсці лічаныя будынкі з тых паштовак, — расказвае Віталь Мікалаевіч.

Прыклад такога будынка — візітная картка горада — Лідскі замак. Мабыць, гэта адзін з нямногіх выпадкаў, калі гады ідуць збудаванню на карысць. Бо ў пачатку ХХ стагоддзя на месцы замка быў усяго толькі кавалак адной са сцен, які, тым не менш, не раз захоўвалі на паштоўках. Яшчэ адзін будынак, які захаваўся, на шчасце, цалкам — цяпер дзейны касцёл Узвышэння Святога Крыжа. Калі параўноўваць паштоўкі з сучасным выглядам, можна знайсці ўсяго адно істотнае адрозненне: у 1970-я вакол яго прыбралі плот. Таксама цяпер у горадзе можна ўбачыць і былы касцёл піяраў — зараз царква Архістраціга Міхаіла, якая адзін час працавала як планетарый. Акрамя гэтага, стагадовы рубеж у Лідзе перайшло ўсяго некалькі дамоў, адзін з іх, пабудаваны ў 1812 годзе, належаў купцу Гурэвічу. Дарэчы, непарушанымі засталіся і ДАСы — дамы афіцэрскага складу. Іх пабудавалі ў 1908 годзе з цэглы, якая засталася ад манастыра кармелітак. У іх, у Паўночным гарадку, да гэтага часу жывуць сем'і лідчан.

Але часцей за ўсё сустракаюцца паштоўкі не з гэтымі знакавымі аб'ектамі, а з выявай галоўнай вуліцы горада, якая ў розныя гады насіла назву Віленскай, Сувальскай, а цяпер — Савецкай. Таксама традыцыйна часта фатаграфавалі пошту і вакзал. Лідскі, на жаль, не захаваўся, ён быў адбудаваны ўжо пасля вайны. Аднак на старых паштоўках яго часта блытаюць з маладзечанскім — дызайн практычна ідэнтычны.

Самыя любімыя сюжэты Віталя Мікалаевіча — тыя, дзе адлюстравана штодзённае жыццё простых людзей. Прадаўцы венікаў на рынку, ваданосы, дзеці, якія гуляюць на вуліцы... Сустракаліся і больш суровыя карцінкі: пажар і нават пахаванне карміцеля. Наогул, стаўленне да сюжэтаў, ды і надпісаў, раней было больш простым. У калекцыі ёсць паштоўка з выявай лідскага касцёла, які падпісалі як віленскі. Або з замкавай сцяной, на якой час пабудовы абазначаны як VІІІ стагоддзе, хоць узводзіць крэпасць пачалі ў ХІV. Ёсць і больш істотныя памылкі. Так, нямецкія вытворцы друкавалі паштоўкі з парадам расійскіх царскіх войскаў замест сваіх — узялі старыя негатывы.

Рэдкія знаходкі

Выявы Ліды, якія часцей за ўсё друкавалі на паштоўках.

— Сапраўднае шчасце даследчыка, калі ўдаецца знайсці паштоўку, якую ты яшчэ не сустракаў. Аднойчы я спачатку набыў паштоўку, а потым толькі дакладна вызначыў, што гэта Ліда — параўнаў з іншымі ўзорамі. Але цяпер мне засталося сабраць толькі самыя рэдкія, таму папоўніць калекцыю новым асобнікам атрымліваецца не часцей, чым раз на некалькі месяцаў. Больш за ўсё з гэтым дапамагаюць клубы калекцыянераў. Праўда, тых, хто займаецца менавіта Лідай, не так многа, асабіста мне знаемыя тры такія аматары, — расказвае палкоўнік міліцыі.

Мара Віталя Мікалаевіча — у перспектыве скласці каталог усіх паштовак, звязаных з Лідай, таму што пакуль паўнавартаснага даследчага матэрыялу па гэтай тэме няма. Не прапускае магчымасць калекцыянер набыць і пазнейшыя паштоўкі з выявай любімага горада, але адносіць іх ужо да асобнай часткі збору. Тым больш што яны істотна адрозніваюцца адна ад адной: пасля 1939 года аж да 1960-х паштоўкі з гарадамі практычна не выпускаліся.

Паўсядзённае жыццё было распаўсюджаным матывам для фотаздымкаў.

Як прызнаецца палкоўнік міліцыі, у хобі, якое патрабуе скрупулёзнасці і вялікай канцэнтрацыі ўвагі, прафесія толькі дапамагае. Тым больш што ў органах унутраных спраў ён працуе ўжо больш за 26 гадоў.

— Дысцыпліна выхоўвае любоў да парадку ў шырокім сэнсе гэтага слова. Думаю, без гэтай якасці мне не ўдалося б сабраць і дзясятай часткі калекцыі. Ну і вядома, неабходны аналітычны склад розуму, каб калекцыянаванне не ператварылася ў збіральніцтва, — адзначае Віталь Быкаў.

Віншуем!

Падведзены вынікі конкурсу на самае лепшае асвятленне дзейнасці Міністэрства ўнутраных спраў у СМІ. Пераможцам у намінацыі «Найлепшы аўтар» стала спецыяльны карэспандэнт газеты «Звязда» Дар'я Каско. Найлепшым праектам была прызнана праграма «Цяжкі панядзелак» дырэкцыі радыё тэлерадыёкампаніі «Магілёў», а найлепшым праектам да 100-годдзя беларускай міліцыі стала работа тэлерадыёкампаніі «Брэст» — тэматычны відэафільм «100-годдзю міліцыі Беларусі прысвячаецца» і іншыя. Лаўрэатаў конкурсу выбралі ў 10 намінацыях, усяго ж на суд журы была прадстаўлена 171 работа творчых калектываў і асобных аўтараў.

Дар'я КАСКО

Загаловак у газеце: Знак павагі да малой Радзімы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».