Вы тут

Як дасягнуць запаветнага берага ва ўмовах духоўнага крызісу?


Сучаснае грамадства жыве ў рэжыме падзей, якія ствараюць магутнае інфармацыйнае поле. Яны замяняюць нам сэнс. Атрымліваецца, што мы, як той кіроўца, які едзе на вялікай хуткасці і не паспявае асэнсоўваць усё, што адбываецца вакол яго, а рэагуе толькі на сітуацыі, што ўзнікаюць непасрэдна перад ім на дарозе... Адсюль — пытанне: каго павінны рыхтаваць нашы ўніверсітэты? Добрых спецыялістаў, вузкіх прафесіяналаў ці асоб з маральным стрыжнем? Якія фактары ўвогуле ўплываюць на фарміраванне ў маладога пакалення духоўных арыенціраў? Як нараджаюцца дэструктыўныя ідэі, ідэалы і мадэлі паводзін? Пра ўсё гэта разважалі ўдзельнікі круглага стала «ІТ-краіна: маральнасць асобы ў інфармацыйным грамадстве», які прайшоў у сценах БДУІР па ініцыятыве Савета маладых вучоных універсітэта. Яго мэтай было стварыць пастаянную дыскусійную пляцоўку па праблеме дэгуманізацыі стасункаў і раз'яднанасці людзей у інфармацыйным грамадстве. Да размовы былі запрошаны прадстаўнікі тэхнічных універсітэтаў, БДУ, Інстытута тэалогіі, Міністэрства адукацыі, Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і Беларускай праваслаўнай царквы.


Дапамогуць сацыяльныя фільтры

— Віртуальны свет настолькі пашырае граніцы ўяўных магчымасцяў, што яны пачынаюць ужо межаваць з усёдазволенасцю. Не дзіўна, што асабліва прывабны гэты свет для маладых людзей: ён захоплівае іх настолькі, што набывае форму хваравітай залежнасці. Прычым размова ідзе ўжо не проста пра бескарыснасць віртуальных забаў, а пра пагрозу — духоўную, фізічную і нават псіхічную, — папярэджвае епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веніямін. — Каб разабрацца, чаго больш у інфакамунікацыйных тэхналогіях — шкоды ці карысці — трэба падысці да гэтай праблемы са светапоглядных пазіцый. Дзякуючы інтэрнэту людзі хутчэй адгукаюцца на заклікі пра дапамогу, хутчэй распаўсюджваецца сацыяльна важная інфармацыя. Ёсць пастаянны доступ і да царкоўных інфармацыйных рэсурсаў.

Камп'ютары дапамагаюць і ў вучобе, і ў засваенні прафесій, і ў рабоце. Аднак і там, і там патрабуюцца якасці, якія не набываюцца з дапамогай тэхналогій, напрыклад цярплівасць, мэтанакіраванасць, павага і любоў да бліжняга, гатоўнасць прыйсці на дапамогу. Несумненна, што светапогляд людзей змяняецца ў канкрэтныя гістарычныя эпохі. Характэрнай рысай інфармацыйнай эпохі з'яўляецца імклівае распаўсюджванне інфармацыі, якая ўплывае на эканамічную, палітычную і сацыяльна-культурную сітуацыю як у асобна ўзятым рэгіёне, так і ў свеце. Для абазначэння новага тыпу светапогляду з'явіўся тэрмін «інфармацыйны»: яго адметныя рысы — уключанасць у інфармацыйнае асяроддзе, сітуацыйнасць атрыманай інфармацыі і пасіўнасць яе спажывання. Чалавек аказваецца не ў рэальным свеце, а ў свеце інфармацыі пра рэальны свет. У такіх умовах усё большую актуальнасць набывае крытычнае стаўленне не толькі да спажывання, але і да пошуку інфармацыі. У інфармацыйным грамадстве чалавек перагружаецца інфармацыяй, стамляецца ад патоку навін, прыгнятаецца навязлівай рэкламай.

Адчуваючы адзіноту, юнакі і дзяўчаты шукаюць стасункаў у сацыяльных сетках, дзе ўсе кантакты зводзяцца да перасылкі тэкставых паведамленняў, часта на штучным слэнгу, а эмоцыі прысутнічаюць толькі ў выглядзе смайлікаў. Сёння мы назіраем імкненне людзей пераўтварыць свет і падагнаць яго пад сябе. Гэтым займаецца пакаленне Z.

У інфармацыйную эпоху маральныя арыенціры сталі размытыя, невыразныя і неабавязковыя. Між іншым, у любую гістарычную эпоху з любым узроўнем тэхнічнага развіцця чалавек застаецца тым жа самым — з усімі сваімі слабасцямі, сумненнямі і надзеямі.

«Ці парушае маральныя нормы гулец, які ў камп'ютарнай гульні забівае віртуальных ворагаў і захоплівае чужую маёмасць? Ці той, хто ананімна распаўсюджвае непраўдзівую інфармацыю? — задае зусім не рытарычнае пытанне праасвяшчэнны Веніямін. — Усё адбываецца быццам бы ў віртуальным свеце... Я лічу, што ён парушае не толькі хрысціянскія запаведзі, але і базавыя этычныя нормы. Паступова жыццё запаўняецца гульнёй, пераўтвараецца ў гульню... Развіццё інфармацыйных тэхналогій нацэлена на тое, каб зрабіць жыццё чалавека больш лёгкім, гарманічным, цікавым, але ў сеціве побач можа знаходзіцца як пазітыўная інфармацыя, якая нясе станоўчыя эмоцыі, так і інфармацыя, якая наносіць шкоду. Сацыяльнае зло імкнецца сябе рэкламаваць, выстаўляць напаказ...»

На думку прадстаўніка Царквы, актуальнай задачай становіцца развіццё сродкаў бяспекі інфармацыйнай культуры. «Сацыяльныя праграмныя фільтры змаглі б засцерагчы карыстальнікаў ад уздзеяння шкодных вірусаў, як абараняюць тэхніку розныя антывірусныя праграмы, — падкрэслівае ён. — Хрысціянскі светапогляд можа паслужыць надзейнай апорай у сцвярджэнні такіх каштоўнасцяў, якія б садзейнічалі выхаванню імунітэту да разбуральнага ўплыву ўсёдазволенасці ў інфармацыйнай прасторы».

Страчанае пакаленне?

— Пошук новых формаў маральнага рэгулявання з'яўляецца ўмовай выжывання сучаснай цывілізацыі, — упэўнена загадчык кафедры філасофіі БДУІР, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт Галіна МАЛЫХІНА. — Гэта задача ў сучасным свеце ўскладаецца ў першую чаргу на нацыянальныя сістэмы адукацыі, якія знаходзяцца ў прамой залежнасці ад стану і запытаў эканомікі, палітычных і культурных арыентацый, узроўню тэхналогій і сацыяльных чаканняў. Універсітэт абавязаны клапаціцца аб падрыхтоўцы «шматмерных» спецыялістаў з фундаментальнай і сістэматычнай адукацыяй, закладваць трывалы падмурак не толькі для будучай прафесійнай дзейнасці, але і фарміраваць светапогляд, ствараць сістэму каштоўнасцяў. Інакш кажучы, навучанне студэнтаў ва ўніверсітэце не павінна зводзіцца да вузкапрафесійнай адукацыі. Для таго каб стаць годным грамадзянінам сваёй краіны, адных тэарэтычных ведаў недастаткова. «Каб жыць мудра, аднаго розуму мала» — казаў Фёдар Дастаеўскі. Важна, каб веды злучаліся з вопытам, традыцыямі, культурай свайго народа і пераўтвараліся ў перакананні, фарміравалі пэўны сацыяльны ідэал.

Наколькі вышэйшая школа з гэтымі задачамі спраўляецца, асабліва ва ўмовах яе масавасці і скарачэння гадзін на гуманітарны блок? Наконт гэтага выказваліся розныя меркаванні. Прывядзём іх тэзісна.

«Мы не можам даць падрастаючаму пакаленню тое, чаго няма ў нас саміх. Калі мы кажам пра ролю асобы ў выхаванні, то ў першую чаргу павіны казаць пра асобу выкладчыка. На жаль, наяўнасць высокіх навуковых ступеняў яшчэ не гарантуе выхаваўчы патэнцыял».

Фо­та Над­зеі Бужан.

«Існуе праблема разрыву пакаленняў. Першакурснікі настолькі хутка змяняюцца, што вопыт, набыты за год работы з імі, на наступны аказваецца ўжо бескарысным. Мы іх увесь час даганяем... Выкладчыкі глядзяць на студэнтаў, абапіраючыся на свой светапогляд і традыцыйныя каштоўнасці, адсюль і непаразуменне. Трэба прымаць моладзь такой, якая яна ёсць, і не навешваць ярлыкі кшталту «страчанае пакаленне»: маладыя людзі — плод грамадства, якое мы для іх стварылі, мы самі выбілі ў іх табурэтку ў дзяцінстве!»

«Дзе, як не ў вышэйшай школе, чытаць кнігі па паліталогіі, філасофіі, вучыцца незалежнасці ў сваіх меркаваннях, у тым ліку і па палітычных пытаннях? Гэта задача вышэйшай адукацыі — выхаваць асобу, здольную да крытычнага аналізу. Але на якіх прадметах навыкі такога аналізу выхоўваць, калі ахвяруюць гуманітарнымі дысцыплінамі?»

Маяк на жыццёвым шляху

Між іншым, у Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі яшчэ восем гадоў таму быў прыняты «Маральны кодэкс выкладчыкаў, супрацоўнікаў і студэнтаў», які ўстанаўлівае прыярытэты ва ўзаемаадносінах ва ўніверсітэцкай супольнасці. Сярод іх, напрыклад, прафесіяналізм (кампетэнтнасць, інавацыйны і творчы падыход да справы, ініцыятыўнасць, настойлівасць у дасягненні пастаўленых мэт, працавітасць, дысцыплінаванасць), высокая маральная культура (патрабавальнасць да сябе, ветлівасць, карэктнасць, сумленнасць і праўдзівасць, справядлівасць, добразычлівасць, самакрытычнасць, сціпласць), грамадзянская сталасць.

Важны пункт — акадэмічныя прыярытэты: выкананне прынцыпаў навуковай этыкі, недапушчальнасць выкарыстання ідэй, матэрыялаў і вынікаў работы іншых аўтараў без спасылкі на крыніцу, акадэмічная добрасумленнасць — як для тых, хто выкладае, так і для тых, хто здае экзамены.

Члены ўніверсітэцкай супольнасці павінны клапаціцца пра захаванне культуры мовы, атмасферы даверу і ўзаемнай павагі, не дапускаць канфліктных сітуацый у калектыве.

— Калі толькі ўзнікла ідэя стварэння маральнага кодэкса, студэнты адразу запыталіся, ці будзе ён распаўсюджвацца на выкладчыкаў? Гэта была справядлівая заўвага, — падзялілася сваім меркаваннем Галіна Малыхіна. — Але прыняцце ўніверсітэцкай супольнасцю кодэкса яшчэ не азначае, што ўсе маральныя праблемы вырашыліся і больш нічога рабіць не трэба. Сам факт урачыстага прыняцця Маральнага кодэкса — падзея, безумоўна, знакавая. Аднак гэта не канец, а пачатак шляху. Кодэкс — не абломак патанулага карабля, а маяк на жыццёвым шляху. Яго задача — быць маральным арыенцірам у працэсе маральнага самаразвіцця.

У Старажытнай Грэцыі пераход паруснага судна на кіраванне з дапамогай вёслаў, калі заціхаў вецер і наступаў штыль, называўся, па вобразным выразе Платона, «другой навігацыяй». У такім выпадку даводзілася разлічваць ужо не на спадарожны вецер, а на ўласныя сілы. Гэты вобраз сімвалізуе не толькі пераход да іншага тыпу кіравання суднам, але і іншую ацэнку ролі кожнага члена каманды ў поспеху навігацыі.

Калі ўявіць сабе, што ўніверсітэт — гэта карабель, члены калектыву — весляры, а мэтай плавання з'яўляецца выхаванне высокамаральнай асобы, то вёсламі будуць каштоўнасныя прыярытэты маральнага кодэкса, на якія налягае каманда, каб сваімі сіламі дасягнуць запаветнага берага ва ўмовах штылю (духоўнага крызісу). Мы ўсе — у адной лодцы. І поспех нашай «другой навігацыі» будзе залежаць ад зладжаных, кааператыўных намаганняў усіх удзельнікаў плавання: і выкладчыкаў, і студэнтаў. Але «веславаць» прыйдзецца ўсім!

Па выніках круглага стала было прынята рашэнне праводзіць яго на базе БДУІР штогод, надаўшы яму статус рэспубліканскага міжвузаўскага мерапрыемства. Яшчэ адзін цікавы пункт рэзалюцыі — правесці конкурс сярод студэнтаў БДУІР па распрацоўцы праграмнага забеспячэння «Антымат» для смартфонаў і персанальных камп'ютараў. Яно дазволіць карыстальнікам абараніць сябе ад ненарматыўнай лексікі ў сацсетках і месенджарах. Для студэнтаў на рэгулярнай аснове будуць арганізоўвацца сустрэчы са спецыялістамі, якія займаюцца даследаваннямі сацыяльна-псіхалагічных аспектаў інфармацыйнай бяспекі. А сучасныя тэндэнцыі развіцця навукі і тэхнікі, іх маральны аспект прапанавана абмяркоўваць падчас адкрытых лекцый па навукова-папулярнай тэматыцы.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: «Другая навігацыя»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?