Вы тут

Каб лячэнне было паспяховым, рак важна знайсці на 1—2-й стадыях


Штогод 50 тысячам беларусаў ставіцца несуцяшальны дыягназ — рак. Каля 270 тысяч хворых знаходзіцца на ўліку ў анкадыспансерах. Што рабіць, каб дыягназ не стаў прыгаворам? Выйсце адно — своечасова абследавацца і з любымі праблемамі са здароўем адразу звяртацца да ўрача, не чакаючы, пакуль стане зусім дрэнна.


Як сцвярджае намеснік дырэктара па навуковай рабоце РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава Сяргей КРАСНЫ, калі рак выяўляюць і пачынаюць лячыць на 1—2-й стадыях, 80% хворых папраўляецца. Ужо на трэцяй стадыі так званы пяцігадовы парог выжывання пераадольвае ўсяго палова пацыентаў. На 4-й стадыі, на жаль, размову можна весці толькі пра падаўжэнне жыцця і медыкаментознае аблягчэнне пакут хворага.

На ранняе выяўленне раку арыентуюць і медыкаў. У прыватнасці, як заявіў першы намеснік міністра аховы здароўя Дзмітрый ПІНЕВІЧ, міжраённыя анкалагічныя дыспансеры ў хуткім часе будуць выконваць функцыі рэсурсных цэнтраў па скрынінгу. У перспектыве ў анкалагічных установах плануюць увесці дадатковыя стаўкі спецыялістаў, якія будуць займацца скрынінгам раку. Гэта дапаможа павысіць выяўляльнасць злаякасных утварэнняў на ранніх стадыях.

У Беларусі, як і ў большасці развітых краін свету, на лідзіруючых пазіцыях знаходзяцца гармоназалежныя пухліны. У мужчын гэта рак прастаты, у жанчын — рак малочнай залозы. Апошнім часам на першае месца выходзіць рак тоўстай кішкі, а паколькі ён сустракаецца і ў мужчын, і ў жанчын, то яго абсалютная колькасць большая.

Каб своечасова выявіць самыя распаўсюджаныя злаякасныя новаўтварэнні, у Беларусі з 2007 года пачалі весці даследаванні, а з 2016-га шырока ўкаранілі скрынінгавыя праграмы. Яны дазваляюць выявіць рак чатырох лакалізацый: малочнай залозы, шыйкі маткі, прастаты і тоўстай кішкі. Прычым зрабіць гэта на самых ранніх стадыях, калі пацыент не адчувае ніякіх сімптомаў. Такі скрынінг — гэта абследаванне ўсіх здаровых людзей пэўных узроставых катэгорый, так званых груп рызыкі. Ужо летась яно прынесла свае вынікі: рак выяўлены ў 1,5 тысячы чалавек, якія лічылі сябе цалкам здаровымі і звярталіся да ўрача на прафілактычны агляд ці з іншымі праблемамі. У большасці з іх — пухліны на 1—2-й стадыях, і прагнозы ўрачоў для такіх пацыентаў аптымістычныя.

Скрынінг раку шыйкі маткі вядзецца ў нашай краіне з 70-х гадоў мінулага стагоддзя, праўда, з таго часу тэхналогіі істотна змяніліся. Сёння ва ўсёй краіне адбываецца пераход на так званую вадкасную цыталогію. Сучаснае абсталяванне для гэтага даследавання з'явілася ва ўсіх абласных цэнтрах. Самі пацыенткі розніцы не адчуюць — гінеколаг, як і раней, бярэ мазок. Трэба адзначыць, што рак шыйкі маткі ў апошнія гады «памаладзеў», бо дзяўчаты раней пачынаюць палавое жыццё. Лічыцца, што захворванне выклікае вірус папіломы чалавека, і дзесяці гадоў пасля інфіцыравання дастаткова для развіцця злаякаснага новаўтварэння. Таму злаякасная пухліна можа ўзнікнуць ужо ў 22—24 гады. Праўда, здараецца такое нячаста. Сёння скрынінгавая праграма па раку гэтай лакалізацыі ахоплівае жанчын ва ўзросце ад 30 да 60 гадоў. Раз на год трэба з'яўляцца на прафілактычны агляд да гінеколага, які возьме неабходныя аналізы.

На рак малочнай залозы жанчын абследуюць з 50 да 70 гадоў. Раз на два гады робіцца рэнтген-мамаграфія. У больш раннім узросце гэта даследаванне неінфарматыўнае з-за высокай шчыльнасці малочных залоз. Таму больш маладым жанчынам урачы рэкамендуюць ультрагукавую дыягностыку. Пасля 70 гадоў, калі да гэтага не выяўлялася адхіленняў, мамаграфію рабіць ужо немэтазгодна, бо новаўтварэнне калі і з'явілася, то развіваецца марудна і, як правіла, не вядзе да сур'ёзных праблем.

Скрынінгам раку прастаты сёння ў нашай краіне ахоплена ўзроставая група мужчын ад 50 да 65 гадоў. Раз на два гады яны здаюць аналіз крыві на ПСА (прастатспецыфічны антыген). З часам, дарэчы, плануецца такое абследаванне распаўсюдзіць на больш маладых мужчын — з 45 гадоў.

Для выяўлення раку тоўстай кішкі выкарыстоўваецца два метады дыягностыкі. Найбольш дакладны — татальная каланаскапія пад анестэзіяй з выдаленнем паліпаў. Яна робіцца адзін раз на дзесяць гадоў, і пачынаць трэба з 50-гадовага ўзросту. Такім чынам можна папярэдзіць 80 % пухлін. Але гэта складаны метад дыягностыкі, і не ўсе пакуль выказваюць жаданне яго прайсці. Ёсць іншы — даследаванне калу на схаваную кроў. Ён не такі дакладны, але калі кроў выяўляецца, пацыента накіроўваюць на татальную каланаскапію.

— Сёння ў нашай краіне скрынінгам раку прастаты, напрыклад, ахоплена 40 % мужчын, раку малочнай залозы — 20 % жанчын, — заўважае Сяргей Красны. — Невялікія, здавалася б, лічбы, але ўлічваючы, што праграмы дзейнічаюць усяго два гады, гэта выдатны вынік. Скрынінг раку тоўстай кішкі найбольш складаны і пакуль ахоплівае 2,5 % людзей.

У найбліжэйшыя гады беларускія медыкі і навукоўцы правядуць даследаванні па стварэнні праграм скрынінгу раку лёгкага і страўніка. На рак лёгкага плануецца абследаваць мужчын пасля 50 гадоў, якія маюць 15-гадовы і большы стаж курэння. Пры выяўленні раку страўніка пацыенты будуць здаваць аналіз крыві на бактэрыю хелікабактар пілары. Пасля паводле паказанняў будзе прызначацца гастраскапія з біяпсіяй.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Своечасова выявіць

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.