Барбара Радзівіл


Гісторыя кахання Барбары Радзівіл і вялікага князя літоўскага і польскага караля Жыгімонта Аўгуста рамантычная і драматычная. Не пяро геніяльнага драматурга, а само жыццё напісала яе сюжэт. На фоне палітычных інтрыг і амбіцыйнай барацьбы самалюбстваў каханне Барбары і Жыгімонта Аўгуста паказала, наколькі ўсё гэта нязначнае і мімалётнае ў параўнанні са светлымі і шчырымі праявамі душы. Каханне вышэйшае за ўладу, яно — даражэйшы за багацце светлы божы дар!


Сучаснікі параўноўвалі Барбару з антычнай прыгажуняй Аленай Траянскай, бо за яе ледзь не ўспыхнула вайна. Ворагі ганілі яе імя, ачарнялі яе годнасць, а пачуццё зневажалася злоснымі намовамі.

Дачка аднаго з самых багатых і ўплывовых магнатаў у Вялікім Княстве Літоўскім Юрыя Радзівіла Барбара славілася сваёй прыгажосцю, вольным характарам і чароўнай вабнасцю. Магчыма, яе лёс склаўся б інакш, каб яна рана не аўдавела. Яе муж, наваградскі ваявода Станіслаў Гаштольд, аддаваў больш увагі дзяржаўным справам і проста сваім мужчынскім інтарэсам, чым сваёй юнай жонцы (Барбары было ўсяго 14 гадоў, калі яна ў 1537 годзе пабралася шлюбам). Так што ні мужчынскай ласкі і ўвагі, ні радасцяў кахання Барбара не зведала. Смерць мужа ў 1542 годзе вызваліла Барбару ад сумнага сямейнага адзіноцтва. Пэўна, Барбары перадаўся пачуццёва-чуллівы характар яе маці Барбары Калонскай, якую падазравалі ў любоўных сувязях з каралём Жыгімонтам Казіміравічам. Вясёлая і жыццярадасная ўдава нядоўга трымала жалобу. Геранёнскі замак, дзе жыла Барбара, ахвотна наведвала маладая знаць. Ды і сама Барбара прыязджала ў Вільню на вясёлыя прыдворныя баляванні, якія ладзіў у сваім шыкоўным палацы малады вялікі князь Жыгімонт Аўгуст. Вось там яны і пазнаёміліся. Паколькі гаспадар быў жанаты, дык адкрыта праяўляць свае пачуцці да Барбары ён не мог. І мы можам толькі здагадвацца, што менавіта тады паміж імі нарадзілася каханне, мацнейшае за плёткі і перашкоды. Знайшоўшы прыдатную нагоду, Жыгімонт Аўгуст прыехаў у Геранёны, дзе пражыў некалькі тыдняў. Для апраўдання ён спасылаўся на эпідэмію, маўляў, хаваўся ад яе. Але для людзей дасведчаных было зразумела, што Жыгімонт Аўгуст, зачараваны «павабамі і пяшчотамі» Барбары, пакахаў яе і, як згадваў адзін са сведкаў, «з запалам яе пажадаў».

Смерць жонкі Эльжбеты Габсбург у 1545 годзе вызваліла Жыгімонта ад сямейных ланцугоў. Не абышлося і без зласлівых пагалосак, што вялікую княгіню атруцілі з намовы Барбары. Так чорная няслава пачала ахутваць светлы арэол, за якім неўзабаве будзе цяжка разгледзець і саму постаць жанчыны.

Здавалася, цяпер нішто не магло перашкаджаць закаханым. Барбара перабралася з Геранёнаў у Вільню і жыла ў бацькоўскім доме непадалёк ад вялікакняжацкага палаца. Па загадзе Жыгімонта Аўгуста абодва палацы злучылі крытай галерэяй, па якой ён мог наведваць сваю каханую. Не абышлося без спрыяння маці Барбары. А вось яе браты — родны Мікалай Руды і стрыечны Мікалай Чорны Радзівілы — не вельмі прыхільна глядзелі на каханне гаспадара да іх сястры. Слава гаспадарскай палюбоўніцы ганіла родавую годнасць Радзівілаў. У выніку браты падлавілі Жыгімонта Аўгуста падчас ягонага чарговага візіту да Барбары і катэгарычна запатрабавалі, каб «неславы дому их не чинил». Жыгімонт Аўгуст паабяцаў не прыходзіць да іх сястры, але не змог стрымаць свайго слова. Каханне аказалася вышэйшым і за манаршае абяцанне, і за разважлівасць, і за прыстойнасць. І калі ён зноў наведаў Барбару, дык пад ціскам Радзівілаў згадзіўся ажаніцца з ёй. Адразу ж у палацавай капліцы адбылося таемнае вянчанне. Для тагачаснага грамадства адбылося неймавернае — манарх ажаніўся са сваёй падданай, чым зняважыў не толькі свой манаршы гонар, але і высокае значэнне манархіі.

Калі на Літве змірыліся са шлюбам іх гаспадара, то ў Польшчы яго палічылі абразай. Яшчэ пры жыцці бацькі Жыгімонт Аўгуст быў выбраны польскім каралём, а таму пытанне яго жаніцьбы лічылася найважнейшай палітычнай справай. Польскія магнаты баяліся ўплыву Радзівілаў на Жыгімонта Аўгуста, іх антыпольскіх настрояў і асабліва негатыўнага стаўлення да уніі Польскага каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага. Так што гэты шлюб набыў палітычнае значэнне, Жыгімонту Аўгусту давялося перажыць шмат непрыемнасцяў і выпрабаванняў, абараняючы свой выбар. Стары кароль усё ж пагадзіўся са шлюбам сына, а вось маці каралева Бона падняла супраць Барбары ўсю Польшчу. Краіну наваднілі брудныя пасквілі, дзе Барбару называлі самымі апошнімі словамі, прадстаўляючы яе вавілонскай блудніцай. Абуралася такім выбарам будучага свайго гаспадара шляхта, інтрыгавала панства, жадаючы дамагчыся ў смуце выгад для сябе. І перад бацькамі, і перад сваімі падданымі, і перад патрабаваннямі соймаў Жыгімонт Аўгуст быў цвёрдым і не выракся сваёй жонкі.

З трывогай чакала Барбара вырашэння свайго лёсу. Ад перажыванняў яна часта траціла прытомнасць. У знерваванай жанчыны заўчасна нарадзілася нежывое дзіця. Толькі пасля смерці бацькі ў 1548 годзе Жыгімонт Аўгуст змог адкрыта ўвесці Барбару ў вялікакняжацкі палац і прылюдна назваць сваёй жонкай.

А ў Польшчы па-ранейшаму не прызнавалі шлюбу свайго караля. Жыгімонт Аўгуст гатовы быў адмовіцца ад польскай кароны і хай «у апошняй кашулі, але застацца разам са сваёй жонкай». Ён запрасіў яе ў Польшчу і з вялікай пашанай і ўрачыстасцямі прывёз у Кракаў, адкуль дэманстратыўна з'ехала каралева Бона. Затое просты народ шчыра вітаў выбранніцу свайго гаспадара, які асыпаў жонку каралеўскімі міласцямі. У сваім прывілеі ён пісаў, што жыве з «намилешою малжонкою нашою... в почтивости и милости правдивой малженской». Недругі каралеўскага шлюбу зразумелі дарэмнасць сваёй упартасці. Каханне караля было мацнейшым за іх нянавісць. Каханне надавала яму сілы для пераадольвання ўсіх перашкод да шчасця, натхняла яго да рыцарскай пачцівасці да «найяснейшай пани» свайго сэрца.

Нарэшце апазіцыя здалася і прызнала Барбару жонкай караля. Цяпер ворагі зрабіліся сябрамі і крычалі: «Хай будзе забіты той, хто яе не хоча мець за пані». Барбару ўрачыста 7 снежня 1550 года каранавалі. Аднак яна нібыта адчувала свой хуткі драматычны канец. «Да іншай кароны Пан нябесны мяне воліць. Прасіце яго за мяне, каб замяніў зямны цяжар на нябесны вянец, а мілага мужа майго пасля мяне суцешыў у жалобе». Неўзабаве Барбара, падкошаная хваробай, злягла ў ложак.

Нягледзячы на ўсе намаганні лекараў, знахароў і нават чарадзеек, здароўе пагаршалася. Падазравалі, што Барбару атруцілі па намове каралевы Боны. Няшчасны Жыгімонт Аўгуст, верачы ў выздараўленне каханай, дзень і ноч праводзіў каля яе. Перад смерцю Барбара суцяшала мужа і прасіла яго ажаніцца, каб прадоўжыць род Ягелонаў. 8 мая 1551 года на вачах у Жыгімонта Аўгуста Барбара памерла. Выконваючы яе просьбу, кароль пахаваў Барбару ў Вільні. Да канца свайго жыцця ён насіў жалобу па сваёй каханай. У яе гонар ён пабудаваў у Вільні касцёл Святой Ганны і Барбары і завяшчаў пахаваць сябе ў ім побач з Барбарай, каб смерць зноў злучыла іх у вечнасці.

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.