Вы тут

Падарожжа ў Гудзевіцкі музей


Стаю каля музея літаратуры і краязнаўства ў Гудзевічах, дзе слаўнае мінулае сутыкнулася з цяжарам сучаснага і — трэба ж! — яго перамагло. Знайшліся і спонсары, і праграмы развіцця, а з імі — вялікія грошы. Зрабілі рамонт, купілі еўрапейскае абсталяванне. І сёлета вясковы музей, які размяняў шосты дзясятак, прапаноўвае нам ужо якасна іншую, камфортную вандроўку ў этнаказку.

Уладзімір Караткевіч, Васіль Быкаў, Іван Мележ, Пімен Панчанка ў свой час атрымалі гудзевіцкія паясы і закладкі ў падарунак. Што і казаць! Класікі беларускай літаратуры ведалі дарогу ў гэтую старажытную вёску ў Мастоўскім раёне, што на Гродзеншчыне. Часта ступалі яны па гэтых сцежках у барвах бэзу. А сёння такая магчымасць ёсць у вас.


Топ-5

Гудзевіцкі музей — гэта 10 залаў у асобным будынку і хатка, сапраўдная, перавезеная з суседняй вёскі. Гэта вялікая тэрыторыя з ляском і пляцоўкай для правядзення фэстаў і гульнявых праграм. Але найперш — багацце, адзначанае залатой пробай часу. І музею ёсць чым не проста здзівіць сучаснага ўзброенага ўсёведным інтэрнэтам госця, а ўразіць. Якія ж каштоўныя экспанаты хаваюць гэтыя сцены і што абавязкова ўвойдзе ў топ-5?

Любіце літаратуру? Калі ласка, у музейнай бібліятэцы сярод кніг ХІХ і пачатку ХХ стагоддзя — паверце і праверце — ёсць рэдкае выданне «Дудкі беларускай» Францішка Багушэвіча. А палымяным паклоннікам Уладзіміра Караткевіча будзе прыемна даведацца, што ў музеі выстаўлена аўтаручка, якой ён напісаў «Каласы пад сярпом тваім». Тут наогул захоўваецца безліч сакрэтаў ліставання беларускай эліты, і не толькі літаратурнай. Экскурсаводы раскажуць і пра першых касманаўтаў Пятра Клімука і Уладзіміра Кавалёнка.

Многія ладзяць паломніцтва ў Гудзевічы дзеля этнаграфічнага аддзела — хаткі і рэчаў, што ў ёй знаходзяцца: качарга, рагачы, абіякі, спарыш, кацуба. Не можаце растлумачыць значэнне і паловы з гэтых слоў? Тады вам дарога ў Гудзевічы. Думаю, наведвальнікаў рассмяшаць многія гісторыі пра нетрывіяльнае выкарыстанне хатніх прадметаў. Так, чапяла — выгнутая акурат як па спіне мужчыны палка, якой жонка не толькі падымала з печы патэльню, але і выхоўвала мужа.

У топ-5 экспанатаў пачэснае месца займае падвойны дыван 1898 года — канкурэнт слуцкіх паясоў. А яшчэ — адзіны ў сваім родзе беларускамоўны глобус з віленскай гімназіі. Усяго больш за 16 тысяч прадметаў, у тым ліку рэдкая ікона. І гэта толькі малая доля музейных цікавінак, якія зберагаюць Гудзевічы, вёска, вядомая з ХVІ стагоддзя. Як гаворыць за шклом старажытная грамата часоў унука Ягайлы, «здаўна прыслухаючыся да царквы святое прачыстае панны нашай у Гудзевічах».

У пошуку грошай

Прыслухацца да новых павеваў у справе турызму вясковы музей вырашыў сам і пачаў актыўны пошук грошай, бізнес-партнёраў і духоўных аднадумцаў. «Музей мае даўнюю гісторыю развіцця. І для свайго часу ўзнікнення, калі ў 1968-м яго адкрылі ў адным маленькім пакойчыку, — гэта было «ах». Калі ў 1984-м пад музей аддалі чатыры пакойчыкі, — гэта таксама было «ах». Было «ах», калі адкрылі дзве залы лёну і ткацтва. Калі будынкі паміж сабой злучылі, з'явіліся залы пра гісторыю вёскі, народную медыцыну. Так, усё паасобку гэта безумоўна было «ах». Але ў цэлым музей патрабаваў рэканструкцыі, бо ствараўся фрагментарна. Не было агульнага бачання экспазіцыі», — адзначае дырэктар Кацярына Басінская.

Хто шукае, а не аплаквае бедны бюджэт культурных устаноў, той знаходзіць. Актыўнасць дапамагла музею трапіць у адзін з праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі Польшча — Беларусь — Украіна. З Захаду прыйшоў новы трэнд — цікавасць да этнічнага. І музеі беларускага памежжа атрымалі шанц з разбегу ўскочыць у бурную турыстычную дзейнасць, павысіць прывабнасць трансгранічнага рэгіёна, якім заўжды былі Мастоўшчына і Гродзеншчына ў цэлым. Ці не закапаў у зямлю свой шанц гудзевіцкі музей?

Да Сымоніхі, да Лявоніхі

«З'явілася інфраструктура прыёму гасцей: зона гардэроба, сувенірная прадукцыя, санвузел. Мы ўжо банальна не папросім наведвальнікаў схадзіць у лясок, аніякага экстрыму, — жартуе дырэктар музея. — Зрабілі рамонт, рээкспазіцыю ключавых залаў, рэканструкцыю народных строяў. Апошнія мы зараз актыўна выкарыстоўваем у сваёй працы. Калі раней у музеі былі экскурсіі толькі аглядныя або тэматычныя, то цяпер платныя паслугі пашырыліся. І мы ладзім гульнявыя праграмы, модна кажучы — анімацыю».

Дзяцей вабіць праграма «У гасцях у Сымоніхі і Лявоніхі», дзе можна паўдзельнічаць у конкурсах з песнямі, загадкамі, танцамі пад жывы гук. На Каляды музей калядуе, на Масленіцу запрашае на бліны з гарбатай. Тэрыторыя музея дазваляе зрабіць зоны для адпачынку, нават падтрымаць апошні піск моды — квэсты.

«Найчасцей нашы наведвальнікі — школьнікі, асабліва вучні пачатковых класаў. І для іх вандроўка, скажам, з Гродна ў Гудзевічы — гэта вялікае свята, — дзеліцца Кацярына Басінская. — Мы ж размешчаны ўбок ад цэнтральнай трасы, своеасаблівы апендыкс, як тут жартуюць мясцовыя. Таму заўжды раім узбагаціць маршрут: наведаць па дарозе музей вавёркі ў Бераставіцы, музей камянёў у Вялікіх Эйсмантах, музей Баграціёна ў Ваўкавыску. А наша анімацыя — якраз і будзе той цікавінкай, якую сучасныя дзеці вельмі хочуць».

Чакае і актуальная навінка — вытворчы турызм. Дзяцей, што ад калыскі жывуць у каменных джунглях, цікавяць прырода і вёска. Аглядныя экскурсіі па Гудзевічах, наведванне малочнатаварнай фермы і мехдвара, каб убачыць трактары і камбайны, — перспектыва ў год роднай зямлі. Гавораць, можа такая экскурсія падштурхне кагосьці, каб пераехаць у вёску працаваць?

Гудзевічы запрашаюць

Практычны кірунак музея — ткацтва. 50 гадоў таму ў Гудзевічах ім пачала займацца Вера Белакоз, жонка Алеся Белакоза, стваральніка музея. Сёння для прыезджых груп ладзяцца майстар-класы. Калі ў гасцей ёсць час, тут паказваюць, як працуюць на малых і вялікіх кроснах, даюць паспрабаваць выткаць штосьці сабе на памяць.

Кожны год у другія выхадныя чэрвеня Гудзевічы запрашаюць у летнюю школу «Майстэрня падвойнага ткацтва». За тры дні ёсць чаму павучыцца і ёсць як адпачыць пад народную музыку ў добрай кампаніі. Многія едуць сюды з іншых куткоў Беларусі з начлегам. Галоўнае — папярэдзіць, бо гасцініцы ў Гудзевічах пакуль няма. Летам жа можна размясціцца ў палатках на тэрыторыі музея. Рамантыка, ці не так?

Бум

У 2015 годзе гродзенскі аддзел адукацыі правёў нараду, дзе прысутнічалі дырэктары школ. Выявілася, вучні часта падарожнічаюць за мяжу, як правіла ў Беласток. Калі параўноўваліся Беласток і Вільня, усё роўна выбіраўся Беласток. Прааналізаваўшы гэтую справу, аддзел адукацыі парэкамендаваў кожную пятую экскурсію ладзіць за мяжу, чатыры — рабіць па Беларусі.

«І вось ў 2015—2016 гадах у нас здарыўся бум. Экскурсіі ішлі бесперапынна. Сёлета ж турыстычны спад. І не толькі з-за варыятыўнасці рэкамендацый, але і больш жорсткіх патрабаванняў да дакументацыі. Грашовы складнік таксама не апошнюю ролю іграе», — гаворыць Кацярына Басінская. У сваю чаргу хочацца нагадаць, што білет для дзяцей у гудзевіцкі музей каштуе — увага! — 1 рубель, анімацыя — 2 рублі.

Гэта гісторыя не пра тое, што музей у Гудзевічах святкуе паўвекавы юбілей, і не пра тое, што падарожжа па роднай зямлі — гэта танна, цікава і модна. Гэта гісторыя пра тое, як вясковы музей спяшаецца за часам, асвойвае новыя тэхналогіі, пашырае паслугі, думае пра інтэрактыўнасць, запазычвае ўсё самае лепшае ад суседзяў, знаходзіць праграмы і не перастае шукаць новыя дзверы. Шукае партнёраў і сяброў, удзельнічае ў круглых сталах на базе ўніверсітэтаў. Бюджэтнасць культурных устаноў і канкурэнцыя — часта адгаворкі. Час інтэрнэту прыносіць не толькі праблемы, але і роўныя для ўсіх магчымасці.

У юбілейны год гудзевіцкі музей азіраецца з вышыні птушынага палёту на свой 50-гадовы вопыт. Радасна, што столькі часу тут гучыць чыстая родная мова. Музей застаецца вядомым не толькі на Гродзеншчыне і не толькі ў Беларусі.

Маргарыта САДОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Вандроўка ў этнаказку

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».