Вы тут

У Футбольным манежы завяршыўся конкурс WorldSkіlls Belarus 2018


У Футбольным манежы завяршыўся рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства WorldSkіlls Belarus 2018 сярод маладых рабочых, навучэнцаў і студэнтаў.


Урачыстая цырымонія закрыцця прайшла ў спартыўным комплексе «Веладром» шматфункцыянальнага культурна-спартыўнага комплексу «Мінск-Арэна». Па словах рэктара Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Валерыя ГАЛУБОЎСКАГА, сёння ў прафесійнай адукацыі Беларусі ствараецца сітуацыя поспеху, у моладзі з'яўляецца магчымасць развіваць сваю кар'еру праз засваенне сучасных кампетэнцый.

Галоўны вынік конкурсу — гэта каласальны інтарэс гледачоў да працы цырульнікаў, кандытараў, кухараў, электраманцёраў, сталяроў, сантэхнікаў, плітачнікаў, муляраў і іншых прадстаўнікоў рабочых прафесій. Футбольны манеж за два дні наведалі некалькі тысяч школьнікаў — такім чынам рассякаецца яго прафарыентацыйная мэта. Дзве кампетэнцыі — «Хлебапячэнне» і «Кузаўны рамонт» — гледачы назіралі анлайн, таму што размясціць пад дахам Футбольнага манежа пякарню і аўтамайстэрню было немагчыма. Яшчэ дзве кампетэнцыі — «Зварачныя работы» і «Эксплуатацыя сельскагаспадарчых машын» — былі прадстаўлены побач з галоўнай пляцоўкай. Для апошняй Мінскі трактарны завод выдзеліў тры найноўшыя свае трактары. Упершыню на нацыянальным чэмпіянаце вызначалі найлепшых у кампетэнцыях «Геадэзія», «Аграномія», «Дашкольная адукацыя»...

Мерапрыемства аб'яднала намаганні прадстаўнікоў вытворчасці і адукацыі. Каласальную падтрымку конкурсу аказалі практычна ўсе галіновыя міністэрствы. «Гэта сведчыць аб тым, што WorldSkіlls — не проста гульні, а сур'ёзная платформа для ўзаемадзеяння», — падкрэсліў Валерый Галубоўскі.

Пераможцы былі вызначаныя ў кожнай з 37 прафесійных кампетэнцый. Сярод залатых прызёраў WorldSkіlls Belarus 2018 — пераможца ў намінацыі «Вэб-дызайн і распрацоўка» студэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі Аляксей Крупскі. Найлепшай у кампетэнцыі «Рэстаранны сэрвіс» прызнана студэнтка Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання Дар'я Ерафеенка. У намінацыі «Эксплуатацыя сельскагаспадарчых машын» — навучэнец Смілавіцкага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя Павел Хмяльніцкі.

У фінале выступалі больш як тры сотні канкурсантаў з устаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, а таксама маладыя рабочыя прадпрыемстваў. Акрамя беларусаў, удзел у спаборніцтвах прынялі таксама прадстаўнікі з Расіі і Казахстана. Па выніках рэспубліканскага конкурсу будзе сфарміравана нацыянальная зборная, якая ў 2019 годзе прадставіць Беларусь на 45-м міжнародным чэмпіянаце WorldSkіlls Competіtіon у Казані.

Пераможцы вызначаліся таксама і на пляцоўках рэспубліканскага конкурсу JunіorSkіlls Belarus. Спаборніцтвы праводзіліся ў 10 кампетэнцыях (пераважна ў сферы ІТ) сярод школьнікаў ва ўзросце ад 10 да 17 гадоў.

У ліку юніёраў, якія заваявалі залаты медаль руху JunіorSkіlls, пераможцы ў намінацыі «Мабільная робататэхніка» (узроставая група 10—13 гадоў) — навучэнцы сталічнай гімназіі № 10 Мацвей Старавойтаў і Аляксандр Васілеўскі. У намінацыі «Графічны дызайн» (14—17 гадоў) залаты медаль заваяваў гімназіст з Віцебска Максім Цароў.

Былі выбраныя таксама і пераможцы DeafSkіlls — гэты рух аб'ядноўвае людзей з парушэннямі слыху, якія зацікаўлены ў павышэнні якасці жыцця, эканамічным і прафесійным развіцці. Золата ў намінацыі «Вэб-дызайн і распрацоўка» — у навучэнца Мінскага дзяржаўнага каледжа электронікі Антона Каратышэўскага, у намінацыі «Тэхналогія моды» — у навучэнкі Гомельскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа бытавога абслугоўвання Алены Коўшык. Прадстаўнікі профільных міністэрстваў, падпарадкаваных арганізацый і прадпрыемстваў уручылі пераможцам медалі, а таксама памятныя падарункі.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Не ўпусцілі свой шанц

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.