Вы тут

Кілаграм старой тэхнікі прымуць за 25 капеек


За год сучасны чалавек «вырабляе» 400 кілаграмаў адходаў, хоць яшчэ дзясятак гадоў таму ён насмечваў каля 280 кіло. Летась у краіне сабрана 654 тысячы тон другасных матэрыяльных рэсурсаў: шкла, паперы, палімераў, шын, адпрацаваных масел, старой тэхнікі. Сёлета — ужо 207 тысяч тон. Пры гэтым з часам у камунальных адходах становіцца ўсё больш небяспечных рэсурсаў, якія, як і другасную сыравіну для перапрацоўкі, трэба вымаць, кажуць спецыялісты.


Зборам другасных матэрыяльных рэсурсаў у Беларусі займаюцца 420 арганізацый. Аднесці сабраныя шкло, паперу, пластык, адзенне за кампенсацыю можна ў 1630 пунктаў нарыхтоўкі сыравіны. Небяспечныя батарэйкі можна пакінуць у 3280 спецыяльных кантэйнерах, а ртуцьзмяшчальныя лямпы выкінуць у больш як 700 адаптаваных для гэтых адходаў ёмістасцяў.

Для раздзельнага збору шкла, паперы, пластыку ў краіне ёсць 87 000 кантэйнераў. Сёлета плануецца ўсталяваць яшчэ больш за 18 000, у тым ліку паглыбленых (якія часткова знаходзяцца ў зямлі, а пакеты са смеццем з іх забіраюцца спецыяльным маніпулятарам).

Нягледзячы на павелічэнне памераў асобнага збору адходаў, некаторыя віды другаснай сыравіны збіраюцца недастаткова. На палігоны не трапляе 80 % паперы і кардону, аднак з камунальнага смецця вымаецца не больш як 30 % пластыку і каля 20 % старой тэхнікі. Менавіта на апошні сегмент сёлета будзе зроблены асноўны акцэнт, заўважыла Ніна КУЛЬБЕДА, галоўны спецыяліст па інфармацыйнай рабоце ДУ «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў»:

— Старой бытавой тэхнікі збіраецца недастаткова ў параўнанні з разліковымі аб'ёмамі яе ўтварэння. Актыўна практыкуецца нелегальная разборка такіх адходаў для здабычы каштоўных кампанентаў. У выніку астатняя яе частка трапляе на палігон. Мы мяркуем змяніць сітуацыю.

Аператар хоча стымуляваць насельніцтва здаваць тэхніку ў прыёмныя пункты, дзе за кожны кілаграм будзе выплачвацца па 25 капеек. Пакуль іх толькі пяць у сталіцы. Аднак з лета да прыёмкі тэхнікі мяркуецца прыцягнуць астатнія пункты і службы ЖКГ. Можна заказваць бясплатны вываз з падворка ці кватэры ў Мінску і ўсіх абласных цэнтрах, а таксама ў Бабруйску, Пінску, Баранавічах, Лідзе, гарадах Віцебскай вобласці. Праўда, у такім разе гаспадару тэхнікі за яе не заплацяць.

— Сродкі вытворцаў і пастаўшчыкоў накіраваны на мадэрнізацыю папяровай машыны фабрыкі «Спартак» і будаўніцтва смеццеперапрацоўчага завода ў Віцебску. У планах выдзеліць грошы на стварэнне вытворчасці альтэрнатыўнага паліва РДФ у Гродзенскай вобласці. Гаворка ідзе пра каларыйныя фракцыі камунальных адходаў, якія нельга выкарыстаць як другасную сыравіну ў вытворчасці, — дадала Ніна Кульбеда.

Установа працягне работу над укараненнем у краіне дэпазітна-залогавай сістэмы, у рамках якой у буйных гандлёвых цэнтрах установяць больш за 1000 тараматаў. За кожную апушчаную ў аўтаматычны прыёмнік шклянку аб'ёмам да трох літраў, бляшанку ці ПЭТ-бутэльку чалавек атрымае 20 капеек.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Смецце: небяспечнае і карыснае

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?