Вы тут

Выпускныя вечары адшумяць 9 і 10 чэрвеня


Рэспубліканскае свята «Апошні званок» упершыню пройдзе 30 мая ў шматфункцыянальным культурна-спартыўным комплексе «Мінск-Арэна». Яго ўдзельнікамі стануць выпускнікі сталічных школ плюс больш за тысячу выпускнікоў з рэгіёнаў Беларусі — па сто найлепшых прадстаўнікоў з пяці абласцей і каля 600 выпускнікоў з Мінскай вобласці.


Як паведаміла журналістам кансультант галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Ларыса ЕМЯЛЬЯНЧЫК, плануецца, што гэта свята стане традыцыйным. Запрашэнне на яго атрымалі кіраўнікі горада, міністэрстваў, дэпутаты Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, выбітныя спартсмены, удзельніцы конкурсу «Міс Беларусь — 2018» і іншыя. Святочныя мерапрыемствы распачнуцца на прылеглай да «Мінск—Арэны» тэрыторыі ў 16 гадзін. Там пройдзе культурна-забаўляльная праграма «Парк маладзёжных культур». Праграма ўключае выступленні творчых калектываў, забаўляльныя гульні, спартыўныя спаборніцтвы, навучанне танцам. Будуць працаваць таксама фотазоны. А ў 18 гадзін распачнецца само свята. Падчас урачыстай часткі найлепшых выпускнікоў — пераможцаў міжнародных алімпіяд, спартыўных спаборніцтваў, творчых конкурсаў — узнагародзяць каштоўнымі прызамі і памятнымі знакамі. Будуць вызначаны пераможцы ў намінацыях «Талент», «Чэмпіён-2018», «Самы класны класны». У апошняй узнагародзяць найлепшых класных кіраўнікоў, якія перамаглі ў сваіх абласцях і ў сталіцы.

Затым усіх чакае канцэрт. «Нас прасілі не агучваць загадзя імёны, каб захаваць інтрыгу, але Ягора Крыда дакладна не будзе, — адказала на пытанне журналістаў Ларыса Емяльянчык. — Адважуся сказаць, што гэта будуць самыя папулярныя сярод моладзі на сёння артысты беларускай эстрады». Мяркуецца, што мерапрыемства завершыцца ў 21.00. Затым усіх адзінаццацікласнікаў чакае дзень адпачынку, а ўжо 1 чэрвеня ў навучальных установах стартуюць выпускныя іспыты.

Навучэнцы 11-х класаў будуць здаваць чатыры абавязковыя экзамены. Пісьмовыя іспыты па рускай або беларускай мове (на выбар) і матэматыцы пройдуць 1, 4 і 6 чэрвеня. Тэксты і заданні для правядзення выпускных экзаменаў у пісьмовай форме будуць аб'яўляцца праз сродкі масавай інфармацыі, а таксама іх размесцяць на партале Міністэрства адукацыі. Навучэнцы сярэдніх школ, у якіх было арганізавана вывучэнне гэтых прадметаў на павышаным узроўні, будуць пісаць пераказ і экзаменацыйную работу па матэматыцы па розных заданнях і тэкстах. Акрамя таго, адзінаццацікласнікам трэба будзе здаць экзамен па замежнай мове і гісторыі Беларусі.

Пасля заканчэння базавай школы вучні будуць здаваць тры экзамены: беларускую мову (дыктоўку), рускую мову (дыктоўку) і матэматыку (пісьмова). Даты правядзення пісьмовых экзаменаў — 2, 5 і 7 чэрвеня.

Пры складанні экзаменацыйнага раскладу павінны ўлічвацца санітарныя нормы і правілы. Перапынак паміж экзаменамі — не менш за адзін дзень. Для выпускнікоў базавай школы на выкананне пісьмовай работы па беларускай і рускай мове адводзіцца 1 астранамічная гадзіна і 4 астранамічныя гадзіны — для напісання матэматыкі. Адзінаццацікласнікі пішуць пераказ па мове 4 астранамічныя гадзіны, а на матэматыку даецца на гадзіну больш. Для падрыхтоўкі да вуснага адказу выпускнікам адводзіцца не больш за 30 хвілін.

Выпускныя вечары для адзінаццацікласнікаў пройдуць 9 і 10 чэрвеня. Рашэнне аб даце і месцы іх правядзення, працягласці па часе прымаюць кіраўнікі ўстаноў адукацыі сумесна з бацькоўскімі камітэтамі і ўзгадняюць з мясцовымі органамі ўлады. Толькі ў асобных выпадках выпускны можа прайсці ва ўстанове дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ці ўстанове культуры. Такая сітуацыя магчымая, калі, напрыклад, у школе старой пабудовы няма актавай залы або колькасць выпускнікоў перавышае колькасць месцаў у ёй. У сталіцы 17 устаноў адукацыі ўзгаднілі ў якасці базы правядзення выпускнога іншыя аб'екты ў горадзе. У Мінску выпускныя пройдуць 9 чэрвеня. Мяркуецца, што ўрачыстасці распачнуцца ў 20 гадзін і працягнуцца да 4-6 гадзін раніцы.

У 2017/2018 навучальным годзе ў Беларусі функцыянуе 3067 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, у якіх навучаюцца 994,5 тысячы навучэнцаў. У 9-х класах вучацца 85 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак, а ў 11-х класах — 58 тысяч чалавек.

«Сустрэча выпускнікамі світання дапускаецца пры ўмове, што адказнасць за дзяцей нясуць як педагагічныя работнікі, так і бацькі, — папярэдзіла Ларыса Емяльянчык. — І калі бацькі забіраюць сваё дзіця з выпускнога раней, то яны павінны папярэдзіць класнага кіраўніка і адміністрацыю ўстановы адукацыі. Мы строга парадак не рэгламентуем, але пажадана ўсё зрабіць у пісьмовай форме, таму што ў гэтым выпадку яны бяруць адказнасць на сябе».

Ужо не першы год у дні правядзення апошніх званкоў і выпускных вечароў у краіне дзейнічае забарона на продаж алкаголю ў гандлёвых аб'ектах. І гэта мера, як лічыць старшы інспектар па асаблівых даручэннях упраўлення прафілактыкі ГУАПП МУС Аркадзь ХАРЫТОНЕНКАЎ, прыносіць свой плён. У апошнія гады выпадкаў ужывання спіртных напіткаў на школьных святах заўважана не было. «Калі параўнаць з маім досведам 15—20-гадовай даўнасці, калі я працаваў інспектарам па справах непаўналетніх, то хачу заўважыць, што культура ўзрасла: калі раней многія спрабавалі праносіць з сабой алкаголь, а на свята імкнуліся трапіць пабочныя людзі, то цяпер выпускныя праходзяць спакойна», — падкрэсліў Аркадзь Харытоненкаў.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Сустрэча світання не забараняецца

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.