Вы тут

Што рабіць, калі замінае дрэва ў двары


Май. Усё вакол квітнее, буйна разрастаецца маладая зеляніна — прыгажосць, ды і толькі! Але не для ўсіх. Ёсць тыя, хто зусім не рады, што ў іх вокны падчас моцнага ветру настойліва стукаюць галінкі разрослага дрэва, ад пылку нідзе няма збаўлення, а сонечнага святла пакоі не бачылі, здаецца, ніколі. Мы пастараліся высветліць, як знайсці ідэальны баланс паміж прыгажосцю і камфортам, пры гэтым не сапсаваўшы адносіны з суседзямі.


Фота: domovita.by

У маёй сяброўкі ёсць дзядуля, ён жыве адзін у «хрушчоўцы». Нягледзячы на тое, што дзеці і ўнукі стараюцца рэгулярна яго наведваць, пажылому чалавеку не хапае зносін. І, як і многія іншыя, ён знайшоў сабе «суразмоўнікаў», заўсёды гатовых яго выслухаць, а менавіта... гарадскія службы. Літаральна праз паўгода пасля позняга выхаду на пенсію дзядуля даследаваў усе навакольныя двары на прадмет парушэнняў: аблезлае дзіцячае абсталяванне, зламаныя лаўкі, прыпаркаваныя на газонах машыны — нішто не схаваецца ад яго пільнага вока. Зараз на парадку дня новая праблема — вялізны клён, які быццам бы павышае ў кватэры вільготнасць. Звычайна ўнучка падтрымлівае ўсе пачынанні дзеда, але цяпер яна і сама не ведае, што рабіць: з аднаго боку, не хочацца псаваць адносіны з суседзямі, якім наяўнасць гэтага клёна вельмі нават падабаецца, з другога, у кватэры заўжды змрочна і халаднавата. Як быць у такой сітуацыі?

Галоўнае, што неабходна засвоіць: у падобнай сітуацыі ні ў якім разе нельга прымяняць меры самому. Высечка дрэў — справа адказнай за гэта арганізацыі. Самавольнае ўмяшанне можа пацягнуць за сабой немаленькі штраф — аж да 50 базавых велічынь. Прычым гэта датычыцца не толькі высечкі, але і абрэзкі: калі зрабіць яе не ў час, можа загінуць усё дрэва. Лепш звярнуцца да спецыялістаў, якія сапраўды ведаюць, што і як рабіць. У дварах дамоў часцей за ўсё дрэвы знаходзяцца на кантролі жыллёва-камунальнай службы.

Важкіх прычын, каб выдаліць дрэва ў двары, можа быць некалькі. Напрыклад, яно расце бліжэй, чым за пяць метраў ад дома, не прапускае святло ў кватэру, перашкаджае праходзіць па тратуары, небяспечна нахілена або мае карані, якія выступаюць на паверхню, засохла ці хварэе. Перш чым прыняць рашэнне аб выдаленні дрэва, сітуацыю вывучыць спецыяльная камісія. Калі дрэва будзе прызнана сапраўды пашкоджаным, то кампенсацыйныя пасадкі праводзіцца не будуць. А вось калі яго збяруцца высекчы з-за таго, што яно перашкаджае эксплуатацыі будынка, тады замест аднаго «нязручнага» зялёнага прыгажуна з'явіцца дзесяць новых. Але не абавязкова каля таго ж самага дома: хутчэй за ўсё, саджанцы будуць «раскіданы» па ўсім раёне. Дарэчы, самому папоўніць недахоп зеляніны таксама нельга. Дрэвы і нават кусты можна высаджваць толькі пасля ўзгаднення з камунальнымі службамі, бо падчас росту яны могуць пашкодзіць камунікацыі. Адзінае, чым можна займацца самастойна, дык гэта кветкамі.

За апошнія два гады тэлефон 115 трывала замацаваўся ў свядомасці мінчан, як і адрас партала 115.бел. Аднак звяртацца ў гэтыя службы мы б не рэкамендавалі — усё ж такі яны займаюцца больш аператыўнай працай. Лепш напрамую звязацца з жыллёва-камунальнай службай раёна — КУП ЖКГ. Але па тэлефоне (праверана на ўласным вопыце) падобныя прэтэнзіі прымаць адмаўляюцца. Затое даходліва тлумачаць, як скласці зварот. Ён павінен быць пісьмовым, і ў ім неабходна падрабязна расказаць, чаму вы лічыце неабходным выдаліць дрэва. Як мы даведаліся, калі камісія падчас абследавання вырашыць, што нормы парушаюцца і дрэва сапраўды перашкаджае, яго ссякуць. Пры гэтым меркаванне іншых мясцовых жыхароў улічана не будзе: правілы ёсць правілы.

Вядома, высечка дрэў у двары — не самая прыемная працэдура, часам здаецца, што страчваеш жывога сябра. Але думаць — у першую чаргу пра сваю бяспеку і бяспеку сваіх блізкіх неабходна.

Дар'я КАСКО

Загаловак у газеце: А з нашага акна відаць... праблема

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».