Вы тут

Чым яшчэ займаюцца дэпутаты сельскага Савета?


Падчас выбарчых кампаній у мясцовыя Саветы дэпутатаў гучаць розныя меркаванні наконт каэфіцыента карыснага дзеяння дэпутатаў сельскіх Саветаў. Некаторыя лічаць, што такі прадстаўнічы орган цяпер зусім не патрэбны. Маўляў, на вёсцы дастаткова выканкама з яго невялікім штатам. А дэпутатаў у сельскай мясцовасці выбіраюць фармальна — добраахвотна-прымусова накіроўваюць у названы орган улады спецыялістаў, дзе яны потым толькі лічацца, значацца на паперы...


Старшыня Вольнаўскага сельскага Савета дэпутатаў Наталля ІБРАГІМАВА, старшыня Баранавіцкага райсавета дэпутатаў Сяргей СЛІВА, дэпутат сельскага Савета Святлана ВЯЛЕНКА.

Завялі мы гэтую размову са старшынёй Вольнаўскага сельскага Савета дэпутатаў Баранавіцкага раёна Наталляй ІБРАГІМАВАЙ. А ў яе іншае меркаванне. Наталля Пятроўна толькі ў гэтым годзе абраная старшынёй сельскага Савета і пакуль што яна адназначна «за» дэпутатаў. У Вольнаўскім сельскім Савеце іх 11 — чацвёра засталіся з мінулага склікання, а ў астатнія акругі прыйшлі новыя людзі. На думку старшыні, іх дэпутаты не фармальныя, а дзейныя. Некаторыя раней былі старастамі вёсак.

У дэпутаты — са старастаў...

Менавіта са старасты вырасла ў дэпутата Святлана Вяленка, бібліятэкар з Паланечкі. Святлана — чалавек вясковы напалову. Як гэта? Хоць нарадзілася, школу скончыла яна ў горадзе, але кожнае лета праводзіла менавіта тут, у сваіх бабуль. А потым і лёс свой тут знайшла. Вось яе ўсе і ведаюць. Як сапраўдны работнік культуры заўсёды была чалавекам актыўнай жыццёвай пазіцыі. Ніколі не праходзіла міма нейкага непарадку, была завадатарам вясковых мерапрыемстваў.

— Аднойчы паехала ў раён на нараду па бібліятэчных справах, — расказвае Святлана Уладзіміраўна, — вяртаюся, а бабулькі-суседкі мне кажуць: «Мы цябе старастай вёскі абралі». Такім чынам, гэта адбылося на агульным сходзе нават без мяне. Ну выбралі, значыць, выбралі. І першае, што зрабіла паводле даўняй звычкі бібліятэчнага работніка, — завяла адмысловы журнал, куды ўсе неадкладныя справы стала запісваць. Вось, напрыклад, каля сядзібы пенсіянеркі трэба абкасіць, бо яна сама гэта зрабіць не можа. Знайшлі работніка, зрабілі гэтую справу. Запісана — значыць, і налета не забудзецца. Вёска Паланечка не малая — 436 чалавек, ёсць клуб, школа, крамы. Парадак каля грамадскіх устаноў і на прыватных падворках трэба падтрымліваць пастаянна, — бывае, і нагадаю іншаму, я не з тых, хто прамаўчыць, бо саромеецца.

А самае галоўнае, за што ўзяліся талакой, — навядзенне парадку на могілках. Там раслі векавыя дрэвы, якія даўно сталі аварыйнымі. Найперш сабралі грошы.

— Гэта не так проста. Цудоўна разумею, што для пенсіянера 30 рублёў — значная сума. Але размаўляла з людзьмі, пераконвала, і ўсе згаджаліся. Пазнаходзіла тэлефоны нашчадкаў у Мінску, іншых гарадах, і адгукнуліся тыя, чые родныя тут пахаваныя. Сабралі мы грошы, нанялі спецыялістаў, зрэзалі каля 30 дрэў, засталося яшчэ прыкладна паўтара дзясятка. Грошы ўжо сабраныя, будзем завяршаць гэтую работу. І таму вельмі прыемна, што, калі ўсе сабраліся для асвячэння могілак, людзі падыходзілі, дзякавалі, выказвалі парады, меркаванні. Гэта значыць, добрую справу мы робім разам.

...З нефармальных лідараў

— Не адзін суботнік яна тут арганізавала, а, можа, дваццаць, — уступае ў гаворку старшыня сельвыканкама Наталля Ібрагімава. — І выканкам тут працаваў, і школа, і работнікі культуры, не кажучы ўжо пра пенсіянераў. Але ж некаму трэба было ўзяць на сябе функцыі арганізатара. І Святлана Уладзіміраўна тут аказалася на сваім месцы. Цяпер нават адказнага за могілкі выбралі на сходзе. Чалавек прыходзіць раз на тыдзень ці на два тыдні, аглядае, прыбірае нязначныя агрэхі. Вось, скажам, як узнікаюць стыхійныя звалкі? Вецер аднёс кветку з нейкай магілы пад куст. Прыехаў чалавек наведаць могілкі, паглядзеў, што пад кустом смецце, і сваё туды кінуў, за ім трэці — вось праз некалькі месяцаў і сметнік. А так адказны пройдзе і прыбярэ. Ідзе размова пра тое, што кожны жыхар будзе здаваць 50 капеек у месяц на добраўпарадкаванне могілак — гэта дасць магчымасць рэгулярна падкошваць траву, мінімальна прыбіраць тыя магілы, да якіх ужо няма каму прыехаць. І людзі ўжо гатовыя да таго, каб стварыць такі фонд. А гэта таксама клопат дэпутата з Паланечкі.

Яшчэ адзін дэпутат, які шмат гадоў пражыў у вёсцы, — Міхаіл Табала з Задзвеі. Некалі Міхаіл Міхайлавіч загадваў пажарна-ратавальным пастом, цяпер ён на пенсіі. У названай вёсцы працаваў многія гады, мае несумненны аўтарытэт у насельніцтва. Ён не першы раз становіцца дэпутатам, хоць і не быў старастам, але ўвесь час лічыўся нефармальным лідарам вёскі. Каму патрабавалася дапамога, асабліва са старых адзінокіх, даўно прывыклі звяртацца да Міхаіла Табалы. У Задзвеі таксама востра стаяла пытанне добраўпарадкавання могілак. На гэтую справу сабралі 6000 рублёў. Паставілі новую агароджу, знеслі лішнія дрэвы. Вядома, галоўная справа — арганізацыйная. На суботнік, перш за ўсё клопатамі Міхаіла Міхайлавіча, удалося сабраць больш за 50 чалавек, у тым ліку і гарадскіх нашчадкаў. Маецца на ўвазе маштабны суботнік, а колькі было невялікіх, калі Міхаіл Табала арганізоўваў пэўную колькасць чалавек! Працавалі па меры неабходнасці па некалькі гадзін. Адным словам, зрабілі ўсё па-гаспадарску.

...З мясцовага сельвыканкама

Савічы, Нагорнае і Чэрніхава ў сельскім Савеце вось ужо трэцяе пакаленне прадстаўляе кіраўнік спраў сельвыканкама Аляксандра Пяткевіч. Цікава, што падчас выбараў яна адна з адзінаццаці кандыдатаў атрымала 100 працэнтаў галасоў у сваю падтрымку.

Пры галасаванні за астатніх хоць адзін ці два галасы былі «супраць», за Аляксандру Міхайлаўну ж выказаліся аднадушна. Па-першае, яна даўно тут працуе: як прыехала ў 1985 годзе маладым аграномам па размеркаванні, так і засталася ў вёсцы, а з 1991 года — у сельвыканкаме. На пытанне, што яна робіць менавіта як дэпутат, Аляксандра Пяткевіч адказала сціпла:

— Ды нічога асаблівага. Тыя пытанні, якія перыядычна ўзнікаюць, вырашаем у рабочым парадку. Людзі прывыклі тэлефанаваць, калі трэба падправіць дарогу, калі ўзнікаюць праблемы з той жа аўтакрамай, ды і іншыя самыя розныя. Я ж ведаю, у якую службу пазваніць, каго папрасіць... Вось, скажам, у Нагорным 38 жыхароў, большасць з якіх пенсіянеры. Зразумела, што паўстала пытанне аб закрыцці магазіна. Правялі сход яшчэ восенню, краму закрылі, у вёску стала прыходзіць гандлёвая машына. Зіму людзі пацярпелі і пачалі скардзіцца. Ну і давялося зноў аднаўляць работу стацыянарнай крамы. Прадаўца знайшлі, устанавілі графік работы. Людзі зараз задаволеныя... А яшчэ важныя самі стасункі. У маёй акрузе ўсе вёскі маленькія, жыхары ў большасці пажылыя. Ім важна адчуваць, што пра іх не забыліся. Таму трэба абавязкова пабываць у кожнай вёсцы, пагаварыць, пацікавіцца жыццём ды праблемамі.

Наталля Ібрагімава лічыць, што цяперашні склад дэпутатаў вельмі ўдалы. Усе людзі зацікаўленыя, нераўнадушныя. «Галоўная гісторыка-культурная каштоўнасць нашай тэрыторыі — былы палац Радзівілаў у Паланечцы, — расказвае старшыня. — Яго ўжо некалькі разоў спрабавалі прадаць. Пошук інвестара працягваецца, і мы вельмі спадзяёмся, што нашу славутасць адновяць. Мы з дэпутатамі ўжо прадумалі сцэнарый урачыстай рэгістрацыі шлюбу, а таксама нованароджаных. Менавіта ў палацы, прыгожым, велічным, былым княжацкім доме».

Сяргей СЛІВА, старшыня Баранавіцкага раённага Савета дэпутатаў:

— Лічу, што дэпутаты сельскіх Саветаў — патрэбнае звяно ў сістэме прадстаўнічай улады. Многае залежыць ад падыходаў да вылучэння кандыдатаў у дэпутаты. Калі мець на ўвазе толькі кіраўнікоў: сельгаспрадпрыемства, школы, устаноў культуры і аховы здароўя, — гэта будзе свайго роду «савет кіраўнікоў», якія толькі на сесіі сустрэнуцца, паціснуць адзін аднаму рукі, а нейкую частку абавязковай дэпутацкай работы могуць перакласці на падначаленых... А вось тая ж паштальёнка, што кожны дзень абыходзіць дамы, можа быць больш паспяховым і патрэбным дэпутатам, чым нехта з вельмі занятых кіраўнікоў. У тым жа Вольнаўскім сельскім Савеце актыўнасць у новым скліканні праяўляюць дэпутаты самых розных прафесій і роду заняткаў. Сярод іх — галоўны інжынер сельгаспрадпрыемства, медработнік, страхавы агент, пенсіянер.

Святлана ЯСКЕВІЧ,

Баранавіцкі раён

Загаловак у газеце: Патрэбнае «звяно»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове. 

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?