Вы тут

Як стварыць бяспечныя ўмовы для супрацоўнiкаў?


Бяспека перш за ўсё. Гэты выраз у адносiнах да працы быў актуальны ва ўсе часы i не губляе надзённасць i сёння. Сярод апошнiх навiн — звесткi пра абрушэнне сцяны на будаўнiцтве ў Гродне, выбух на заводзе ў вёсцы Каралёў Стан пад Мiнскам. Следчыя разглядаюць некалькi версiй, сярод асноўных — парушэнне правiлаў бяспекi на працоўных месцах. Мы запыталi, як стварыць бяспечныя ўмовы для супрацоўнiкаў, у спецыялiстаў па ахове працы.


Пётр САМЧУК, галоўны тэхнiчны iнспектар працы Беларускага прафсаюза работнiкаў лёгкай прамысловасцi:

— Пачну са статыстыкi: у 2017 годзе колькасць падобных iнцыдэнтаў на вытворчасцi па ўсёй рэспублiцы склала 1390. У лёгкай прамысловасцi, дзе задзейнiчана 46 тысяч працоўных, адбылося 19 няшчасных выпадкаў, з iх чатыры цяжкiя. Iнцыдэнтаў са смяротным зыходам не было тры гады, тэндэнцыя знiжэння траўматызму назiраецца ўжо пяць гадоў.

Пры прыёме на працу кожны праходзiць уводны i першасны iнструктаж па ахове працы, дзе прапiсаны ўсе рызыкi для здароўя. Калi ўмовы працы асаблiва небяспечныя, аднаго чытання iнструкцыi недастаткова, — праводзiцца праверка ведаў па пытаннях аховы працы, стажыроўка. Толькi пасля гэтага пачынаецца самастойная дзейнасць.

Увогуле, можна акрэслiць некалькi блокаў арганiзацыi бяспечнай працы: прыняцце лакальных нарматыўных актаў, якiя ўтрымлiваюць патрабаваннi па ахове працы; забеспячэнне сродкамi iндывiдуальнай аховы; працоўныя са шкоднымi ўмовамi працы павiнны праходзiць атэстацыю i медагляд. Калi дырэктар прадпрыемства кожны з гэтых пунктаў будзе мець на ўвазе, думаю, да няшчасных выпадкаў не дойдзе.

Выдатная напрацоўка прафсаюзаў Беларусi — iнiцыятыва грамадскiх iнспектараў па ахове працы. Яны маюць права выпiсваць рэкамендацыi наймальнiку. У нашым галiновым прафсаюзе летась такiмi актывiстамi вызначаны больш за 1200 парушэнняў.


Ала АНIШЧАНКА, старшыня прафсаюзнай арганiзацыi фiлiяла «Энергазбыт» РУП «Мiнскэнерга»:

— Пры вырашэннi любых вытворчых задач асноўная мэта — забеспячэнне жыцця i здароўя кожнага працоўнага. Мы, напрыклад, навучаем бяспечным метадам i прыёмам працы, праводзiм стажыроўкi на працоўных месцах, iнструктажы, супрацьпажарныя трэнiроўкi, правяраем веды ў сферы аховы працы, забяспечваем людзей сродкамi iндывiдуальнай аховы. Самыя важныя меры прафiлактыкi няшчасных выпадкаў на вытворчасцi? Гэта эфектыўная сiстэма кiравання аховай працы, размеркаванне абавязкаў у сферы наладжвання бяспекi, назначэнне адказных за эксплуатацыю пабудоў, машын, механiзмаў.


Анатоль СТУЛЬЧЫКАЎ, начальнiк аддзела аховы працы прадпрыемства «Белкамунмаш»:

— На нашым прадпрыемстве працуе больш за 1100 чалавек. Усе кiраўнiкi трымаюць экзамены па ахове працы. У кожным цэху створана спецыяльная камiсiя з лiку асоб, якiя здалi экзамен заводскай камiсii. У сваю чаргу заводская камiсiя прайшла такую праверку ў Мiнгарвыканкаме.

Уявiм сiтуацыю, што да нас на прадпрыемства ўладкоўваецца маляр. Ён звяртаецца ў аддзел кадраў, дзе яму выдаюць накiраванне на медагляд. Iснуюць пэўныя патрабаваннi да стану здароўя патэнцыйнага супрацоўнiка. Медыкi выдалi кандыдату станоўчае заключэнне — ён афармляецца i праходзiць уводны iнструктаж. Потым маляр накiроўваецца ў сваё падраздзяленне. Там праводзяць першасны iнструктаж на працоўным месцы, стажыроўку, праверку ведаў, афармляюць адпаведны пратакол, i навiчок пачынае працу. Падчас стажыроўкi за новым працоўным замацоўваецца кiраўнiк — майстар або работнiк са стажам больш за тры гады на аналагiчнай пасадзе. Яшчэ ў аддзеле кадраў яго азнаёмiлi з усiмi шкоднасцямi працы, вызначылi даплату i дадатковае харчаванне — малако. Выдаецца працоўным i спецыяльнае адзенне.

Марыя ДАДАЛКА

Загаловак у газеце: Спачатку стварыць умовы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».