Вы тут

На былога гендырэктара «Беларусьфільма» заведзена крымінальная справа


У дачыненні да былога гендырэктара нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» заведзена крымінальная справа за злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі пры выкарыстанні бюджэтных сродкаў, выдзеленых Міністэрствам культуры на вытворчасць паўнаметражнага ігравога фільма «З 8 Сакавіка, мужчыны».


Як паведаміла старшы оперупаўнаважаны па асабліва важных справах ГУБЭЗ крымінальнай міліцыі МУС Вераніка Пасмеццева, устаноўлена, што ў 2012 годзе паміж Міністэрствам культуры і РУП «Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм» быў заключаны дагавор на сумесную вытворчасць і выкарыстанне фільма «З 8 Сакавіка, мужчыны» агульным коштам амаль 3 мільёны рублёў (1,5 мільёна долараў).

Уладальнікам выключнага права на фільм і іншыя маёмасныя правы выступіла Міністэрства культуры, якое затраціла з бюджэту на вытворчасць фільма больш за 1 мільён рублёў (500 тысяч долараў), кінастудыя выдзеліла ўласных сродкаў амаль 1 мільён рублёў.

У красавіку 2013 года былы генеральны дырэктар нацыянальнай кінастудыі ад асобы кінастудыі заключае дагавор на вытворчасць фільма з расійскай кампаніяй ТАА «Маскіт», якой было інвеставана больш за 1 мільён рублёў.

Пазней кіраўнік кінастудыі, злоўжываючы службовымі паўнамоцтвамі, наўмысна заключыў у кастрычніку 2013 года дагавор з трэцяй асобай (таксама расійскім суб'ектам гаспадарання) на кінатэатральны паказ названага фільма на тэрыторыі ўсяго свету, а ў студзені 2014 года падпісаў дадатковае пагадненне аб перадачы ім выключнага права на фільм.

Пры гэтым падазраваны загадзя ведаў, што праваўладальнікам фільма «З 8 Сакавіка, мужчыны» на той момант з'яўлялася Міністэрства культуры і толькі з ліпеня 2014 года пасля падпісання акта прыёмкі фільма кінастудыя атрымае бязвыплатнае выключнае права на яго з абавязковай умовай аб накіраванні прыбытку ад выкарыстання фільма на развіццё фільмавытворчасці з далейшым накіраваннем штогадовых справаздач у Міністэрства культуры.

Такім чынам, былы дырэктар РУП «Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм», будучы службовай асобай, якая займае адказную пасаду, сваімі дзеяннямі прычыніў істотную шкоду дзяржаўным і грамадскім інтарэсам, якая праявілася ў страце міністэрствам і кінастудыяй правоў на самастойнае выкарыстанне фільма на тэрыторыі ўсіх краін свету, прычыненні страт у выглядзе неатрымання прыбытку ад камерцыйнага выкарыстання фільма, ненакіраванні названага прыбытку на развіццё айчыннай кінематаграфіі і запаволенні яе рэфармавання, пагаршэнні эканамічнага становішча кінастудыі, падрыве яе дзелавой рэпутацыі.

У выніку, згодна з інфармацыяй з інтэрнэт-крыніц, расійскі бок атрымаў амаль 3 мільёны долараў ад выкарыстання фільма «З 8 Сакавіка, мужчыны», уклаўшы ў яго стварэнне 500 тысяч долараў, а Міністэрства культуры Беларусі і Нацыянальная кінастудыя, выдаткаваўшы на стварэнне фільма 1 мільён долараў, прыбытку ад выкарыстання фільм не атрымалі, больш за тое, пазбаўлены такога права цягам найбліжэйшай перспектывы.

Да таго ж у цяперашні час прадпрыемствы-рэзідэнты Рэспублікі Беларусь дзяржаўнай формы ўласнасці вымушаны выкупляць права пракату фільма на тэрыторыі краіны ў замежных юрыдычных асоб, якім ТАА «Маскіт» за ўзнагароджанне даверыла рэалізацыю пракату кінапрадукту.

Сяргей РАСОЛЬКА

Загаловак у газеце: Той яшчэ «кадр»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».