Вы тут

Макей: Крок за крокам усе пытанні па санкцыях будуць вырашаны


Дыялог паміж ЕС і ЕАЭС умацуе давер і выключыць барацьбу за сферы ўплыву ва Усходняй Еўропе.

Аб гэтым заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір МАКЕЙ на адкрыцці ў Мінску міжнароднага форуму «Усходняя Еўропа: у пошуках бяспекі для ўсіх».


«Эканамічнае саперніцтва і гандлёвыя канфлікты — класічныя прычыны абвастрэння міжнародных адносін. Гэта мы наглядна бачым сёння, прыклады перад нашымі вачыма», — сказаў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства.

На яго думку, з гэтай прычыны Беларусь з'яўляецца актыўным прыхільнікам дыялогу паміж еўразійскім і еўрапейскім інтэграцыйнымі працэсамі. Уладзімір Макей дадаў, што прагрэс у гэтым кірунку спрыяў бы развянчанню міфа аб несумяшчальнасці гэтых мадэляў інтэграцыі.

Міністр замежных спраў Беларусі канстатаваў, што наша краіна мае кроўную зацікаўленасць у мірным вырашэнні канфліктаў, паколькі такі падыход, светаадчуванне выпакутаваны ўсёй нашай гісторыяй і незлічонымі стратамі. Ён адзначыў, што Другая сусветная вайна стала адным з найбольш моцных фактараў, якія вызначылі генетычную памяць нашага народа. «Праз 70 гадоў пасля завяршэння Другой сусветнай вайны нам, што называецца, і ў жахлівым сне не магло прысніцца, што дзесьці зусім побач, у прамым суседстве з намі, зноў будуць весціся маштабныя баявыя дзеянні, зноў будуць гінуць мірныя людзі», — сказаў Уладзімір Макей.

Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства падкрэсліў, што ў Беларусі не было якіх-небудзь ваганняў, як сябе паводзіць у гэтай сітуацыі, таму Мінск стаў месцам вядзення перагавораў па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне. Уладзімір Макей дапусціў, што прынятыя ў сталіцы дамоўленасці не заўсёды выконваюцца і не ідэальныя, але яны дазволілі спыніць у свой час маштабнае кровапраліцце.

Акрамя таго, міністр замежных спраў дадаў, што ў нашай краіне кожным нервам адчуваюць напал сённяшняга супрацьстаяння паміж дзяржавамі. У сваю чаргу, ва ўмовах рэзка ўзрослых супярэчнасцяў на міжнароднай арэне роля і значэнне невялікіх і сярэдніх краін, размешчаных на стыках Еўрапейскага саюза і ЕАЭС, НАТА і АДКБ, іншых міжнародных і рэгіянальных арганізацый, становіцца больш значнай, набывае дадатковую каштоўнасць. Таксама ён звярнуў увагу, што сёння на палітычным узроўні ў першую чаргу кажуць пра выклікі і пагрозы, пра новыя сцены неразумення і ўзаемных падазрэнняў.

Яшчэ Уладзімір Макей крытычна выказаўся з нагоды пасяджэнняў у Савеце Бяспекі ААН і Пастаянным савеце АБСЕ і заявіў, што яны ператварыліся ў абвінаваўчыя трыбуны, хоць павінны быць накіраваны на пошук шляхоў дасягнення міру, дабрабыту і спакою для ўсіх краін і народаў.

Падчас гутаркі з журналістамі міністр замежных спраў на пытанне аб перспектывах поўнай адмены заходніх санкцый у дачыненні да Беларусі адказаў так: «Рухаючыся паступова, крок за крокам, мы вырашым усе пытанні, якія звязаны з адменай санкцый».

Аб канкрэтных тэрмінах Уладзімір Макей не казаў, аднак ён дадаў, што вынікі ўзаемадзеяння з еўрапейскімі, амерыканскімі партнёрамі пацвярджаюць, «што сёння мы знаходзімся ў сітуацыі, калі ўсе бакі імкнуцца да паступовага пашырэння пазітыўнай атмасферы».

Дыялог з ЕС міністр ахарактарызаваў так: «Ідзе спакойны паступальны працэс. Мы абмяркоўваем усе тэмы, якія звязаны з нашымі ўзаемаадносінамі: палітычныя, эканамічныя, гуманітарныя, сацыяльныя і іншыя».

Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства таксама адзначыў, што Беларусь зацікаўлена ў прагматычным узаемадзеянні краін ініцыятывы «Усходняе партнёрства» і яна павінна быць нацэлена на канкрэтную аддачу для людзей.

Дарэчы, плануецца, што сёння ў форуме прыме ўдзел і Прэзідэнт Беларусі. Паводле слоў Уладзіміра Макея, выступленне Аляксандра Лукашэнкі паслужыць штуршком для далейшых зацікаўленых дыскусій, у тым ліку за рамкамі мерапрыемства.

Паводле БЕЛТА

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Крок за крокам

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».