Вы тут

Зямельны кавардак?


Па заканадаўстве грамадзянін, які мае патрэбу ў жыллі, павінен пабудаваць дом на працягу трох гадоў пасля атрымання ўчастка. Калі ж гэта не адбылося, участак забяруць і прададуць праз аўкцыён. Гэта агаворваецца ва Указе Прэзідэнта № 87. Але не заўсёды выконваецца.


У КДК Магілёўскай вобласці звярнулася жанчына, якая набыла такі «пратэрмінаваны» ўчастак. Іншымі словамі, тры гады, адпушчаныя папярэдняму ўладальніку на будаўніцтва дома, ужо скончыліся. Замест таго, каб канфіскаваць гэты ўчастак у ранейшага гаспадара і правесці яго праз аўкцыён, Магілёўскі райвыканкам прыняў рашэнне дазволіць новай прэтэндэнцы распачаць праектна-пошукавыя работы, знесці закансерваваную незавершаную будоўлю і пабудаваць сабе жылы дом. І толькі пасля таго, як новая гаспадыня ўчастка ачысціла яго і пачала ўзводзіць жыллё, сельвыканкам паведаміў ёй аб канфіскацыі зямельнага ўчастка.

— Пры праверцы Буйніцкага і Пашкаўскага сельвыканкамаў разам з грубейшымі парушэннямі зямельнага заканадаўства выяўлена сістэматычнае невыкананне імі і службамі Магілёўскага райвыканкама функцый па кантролі за выкарыстаннем зямель і будаўніцтвам індывідуальных жылых дамоў, — паведаміла начальнік аддзела кантролю дзяржмаёмасці і выкарыстання зямель Камітэта дзяржкантролю Магілёўскай вобласці Таццяна Дзімідзюк. — На працягу 2016—2017 гадоў выяўлена 90 грамадзян, якія не ўклаліся ў абазначаныя тэрміны будаўніцтва, чым парушылі першы пункт Указа № 87. Пры гэтым сельвыканкамы не прымянялі да парушальнікаў прадугледжаныя законам захады — «незавершанае» не ацэньвалі, зямельныя ўчасткі не канфіскоўвалі. Пасля ўмяшання Дзяржкантролю 44 чалавекі ўсё ж дабудавалі свае дамы. Астатнія па-ранейшаму не спяшаюцца. Як і сельвыканкамы — з прыняццем мер па канфіскацыі ў іх участкаў. І гэта пры тым, што ў Магілёўскім раёне кошт аднаго такога надзела дасягае васьмі тысяч долараў. Магілёўскі райвыканкам яшчэ ў снежні мінулага года праінфармаваў, што збіраецца забраць тры ўчасткі. Але да сённяшняга дня Магілёўскае агенцтва па дзяржрэгістрацыі і зямельным кадастры не зрабіла іх ацэнку.

— Большасць парушэнняў зямельнага заканадаўства абумоўлена бяздзейнасцю канкрэтных работнікаў выканкамаў і слабым кантролем за выкананнем заканадаўства з боку адпаведных службаў, — канстатавала Таццяна Дзімідзюк. — Наспела неабходнасць распрацоўкі праграмнага комплексу, які дазволіць ажыццяўляць аператыўны кантроль за выкарыстаннем зямельных участкаў. Пакуль аддзелы архітэктуры і будаўніцтва райвыканкамаў не валодаюць інфармацыяй пра колькасць жылля, якое будуецца грамадзянамі ў індывідуальным парадку, нарматыўныя тэрміны яго будаўніцтва, а таксама кансервацыю.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?