Вы тут

Што і чаму кідаюць жыхары ў каналізацыю


Будаўнічыя адходы, калготкі, дзіцячыя цацкі, памперсы... Гэта прыкладны і далёка не поўны пералік рэчаў, якія жыхары аднаго са сталічных кааператываў спускаюць ва ўласныя ўнітазы. Праз такі «гаспадарчы» падыход каналізацыю трох пад'ездаў за восем гадоў прачышчалі больш за 300 (!) разоў. Калі не спраўляліся сантэхнікі, далучалася аварыйная служба, а сем разоў заказвалі нават электрамеханічную чыстку (кошт паслугі — больш як 400 рублёў). Прычым усё за сродкі саміх жа ўласнікаў. Аднак гэта не перашкаджае людзям працягваць выкарыстоўваць унітазы замест сметніцы. Больш за тое, аказваецца, гэткім жа чынам дзейнічаюць многія жыхары іншых дамоў. Ледзьве не ўсё іх бытавое смецце: косткі, лупіны, пракіслыя гуркі, анучы, пластыкавыя бутэлькі — паглынае ўнітаз. А ёсць кватэры, дзе ўвогуле не ведаюць, што такое вядро для смецця.


Ні па-руску, ні па-кітайску

Сяргей ЖУКАЎ, старшыня жыллёва-будаўнічага спажывецкага кааператыва (ЖБСК) «Авераж», пачаў барацьбу з непрыемнымі пахамі ў пад'ездах дома ад забітай каналізацыі яшчэ ў 2010 годзе. Напачатку праблемы спісваліся на камунікацыі, якія дрэнна працуюць і праз гэта забіваюцца, на смеццеправод, які намагаліся прамываць часцей. У падвале на кожнай трубе ўстанавілі рэвізіі — інжынерныя прыстасаванні, якія ў выпадку засору не дазваляюць адходам каналізацыі падымацца па трубе на першы паверх да жыльцоў. Аднак ліквідаваць праблему цалкам так і не ўдалося.

— Цяпер, калі забіваюцца камунікацыі, вада і бруд з іх скіруюцца ў падвал праз адводную трубку. Так будуць меншыя страты для маёмасці, чым калі б гэта ўсё падымалася ў жыллё. Раней вечна было ўсё заліта ў падвале — зараз тут можна ў туфлях хадзіць, — падзяліўся старшыня. — Тым не менш засоры з'яўляюцца рэгулярна. У нас з гарадской аварыйнай службай нават дагавор заключаны, каб можна было тэрмінова ліквідаваць забіванне. Толькі сёлета іх ужо больш як 20 разоў выклікалі. Прычым аўтары гэтых здарэнняў — самі ж нашы жыхары, якія чамусьці кідаюць ва ўнітазы ўсё, што захочуць.

Старшыня спрабаваў дагрукацца да сумлення ўласнікаў, пісаў аб'явы, дзе тлумачыў, здавалася б, зразумелыя рэчы, — што смецце нельга кідаць ва ўнітаз. Калі ў доме здымалі кватэры іншаземцы, — нават на кітайскую мову перакладаў, бо баяўся, можа, не разумеюць. Пра памперсы асобна ўдакладняў, што яны ў вадзе не раствараюцца. Усё дарма.

Крыху дапамагло, калі пачаў пісаць лічбы з колькасцю выпадкаў забітай каналізацыі па кожным з пад'ездаў. Уласнікі першага, дзе праблем было менш за ўсё, два гады ўвогуле не смецілі, каб лідарства падтрымаць. А пасля ўзяліся за старое.

Даходзіла да таго, што гідрапрамыўкі, якія робіць гарадская аварыйная служба, не дапамагалі прыбраць смеццевыя засоры. Неяк намагаліся зрабіць гэта 17 (!) разоў, пакуль атрымалася нарэшце прачысціць каналізацыю з дапамогай электрамеханічнай чысткі, для чаго наймалі ўжо прыватную службу.

— На сходах я прапаноўваў плаціць за работу жыхарам таго пад'езда, дзе здарыўся засор. Не пагадзіліся. Працягваюць смеціць і плаціць за гэта з уласнай кішэні, — кажа ў роспачы старшыня. — Як расказаць людзям пра элементарныя правілы карыстання ўласнымі памяшканнямі, у мяне больш ідэй няма. Вось і сёння мы з вамі гаворым, а ў мяне на доме ёсць забітая каналізацыя, дакладна ведаю. Здавалася б, дробязь, але ўсё наша жыццё складаецца з дробязяў.

Смеццеправоды заварылі, а кантэйнер далёка

Забітая каналізацыя, як аказалася, зусім не дробязь, і з'яўляецца праблема, як правіла, па дзвюх прычынах, кажуць спецыялісты: праз неахайнасць жыхароў ці няправільнае становішча трубы. Калі засор пастаянна ў адным месцы, хутчэй за ўсё, праблема ў камунікацыях. А калі забіванне ўзнікае ў розных частках трубаправода, — гэта, як правіла, віна жыхароў, значыць, яны нешта прапіхваюць ва ўнітаз. Каб знайсці праблемны ўчастак, прыходзіцца праводзіць тэлеінспекцыю — у трубу запускаецца невялічкі маніторчык, які паказвае каналізацыйныя «вантробы».

— Здараецца, што грунт прасядае і частка трубаправода апускаецца ніжэй. У месцы прагібу збіраюцца вада і бруд. Як вынік — засор. Каб гэта не паўтаралася, трэба ці трубу вяртаць на месца, каб яна ляжала прама, ці ўвогуле мяняць кавалак трубаправода. Асабліва гэта датычыцца чыгунных камунікацый. Унутры іх могуць адслойвацца і зусім маленечкія металічныя кавалачкі, за іх будзе чапляцца бруд і ўтвараць засор, — растлумачыў Міхаіл ШУБЯНОК, кіроўца прамывачнай машыны гарадской аварыйнай службы. — А калі з камунікацыямі ўсё ў парадку, то ўтварэнне засораў залежыць толькі ад людзей.

Супрацоўнікі аварыйкі кажуць, што з гадамі сантэхнічная сітуацыя ў сталіцы ўскладняецца. Пры гэтым у старых пяціпавярховіках, дзе часцей за ўсё жывуць пажылыя людзі, падобныя праблемы здараюцца не так часта. А ў дамах новых, асабліва там, дзе здымныя кватэры, увогуле жах, калі ўласнікі не сочаць за імі. Сёлета служба ўпершыню сутыкнулася з тым, што ў Мінску колькасць выпадкаў забітай каналізацыі павялічылася ў разы.

— У вялікім горадзе ў людзей паскораны рытм жыцця, таму яны шукаюць шляхі, як яго сабе спрасціць, і зрабіць лепшым і хутчэйшым. Адаптуюцца, як могуць. Калі, на думку жыхароў, адкіды маюць  крыху вадкую кансістэнцыю або змяшчаюць у сабе хоць нейкую вільгаць, то можна ўпіхнуць іх ва ўнітаз, — упэўнены Аляксандр ЕРАФЕЕЎ, дырэктар гарадской аварыйнай службы. — Смеццеправоды заварылі? А чалавек прыйшоў з працы, і яму ўжо проста ляніва з 16-га паверха спускацца да кантэйнераў. У лепшым выпадку ён выставіць пакет са смеццем за дзверы.

Вось нядаўна адной бабулі спецыялісты ў кватэры прачысцілі засор каналізацыі. Паказваюць ёй, што дасталі лупінне ад бульбы, агуркі пракіслыя, кажуць, што так нельга рабіць. Жанчына паслухала, і толькі яны ў дзверы выходзіць, а старая ўжо наступны пакецік са смеццем нясе ў туалет. Ёй кажуць: «Што ж вы робіце?!» А яна: «У мяне ногі баляць, я не магу інакш».

— Што толькі не даставалі мы з трубы. Іншы раз здзіўляешся, як гэта ўвогуле маглі ва ўнітаз прапхнуць. Гэта ж трэба было сілу прымяніць, каб прайшло, — дзеліцца Барыс САЎРЫЦКІ, кіроўца прамывачнай машыны са стажам амаль у 40 гадоў. — Унітаз рэальна выкарыстоўваюць замест сметніцы. Толькі мала хто ведае, што не толькі вялікія кавалкі адходаў забіваюць каналізацыю. Тыя ж плавальныя пузыры рыбы, што здаюцца маленькімі, у трубаправодзе надзьмуваюцца і спыняюцца ў канале.

А быў выпадак, што і кацянят знайшлі, якіх спусцілі ва ўнітаз нейкія гаспадары-нелюдзі.

Безгаспадарчасць — ад беспакаранасці

Аварыйная служба працуе кругласутачна ў чатыры змены. У рабочыя гадзіны з панядзелка па пятніцу — дзеліць будні з камунальнымі службамі. Па выхадных аварыйка — адзіны сродак дапамогі.

Пры гэтым шмат нараканняў, што аварыйку прыходзіцца доўга чакаць, і нават калі яна з'яўляецца, спецыялісты проста перакрываюць ваду.

— Перш-наперш мы выязджаем у кватэры з заліццём, калі існуе пагроза нанясення матэрыяльнай шкоды. На гэта нам даецца 30 хвілін. Калі ў падвале цячэ, сантэхнічная брыгада перакрывае ваду, а калі зварачны экіпаж вызваляецца з папярэдняга месца працы, ён займаецца вырашэннем наступнай праблемы, — адказвае на гэта Анатоль ЛЯХ, начальнік змены. — Аднак жыхар не можа вызначыць, наколькі сітуацыя крытычная, таму здараюцца і казусы. Выклікаюць на заліццё падвала, а там нехта кран адкрыў і з яго вада цячэ. Нашы сантэхнікі проста яго закрываюць. Ці пра заліццё кватэры паведамляюць, а там на столі дзве кроплі вісіць. А ў гэты час недзе сапраўдная праблема.

У новых дамах, дзе нават яшчэ не жывуць людзі, праблем таксама хапае.

— Будаўнічыя сумесі, якія нядбайныя рамонтнікі зліваюць ва ўнітаз, застываюць. І гаспадар, які пасля заселіцца, можа нават не ведаць аб праблеме. Часта прыходзіцца новыя камунікацыі мяняць праз гэта і свежы рамонт ламаць, калі немагчыма дабрацца інакш да трубы, — дадае спецыяліст.

У шматпавярховых дамах і нават жыллі ў пяць паверхаў вызначыць і пакараць вінаватага ў стварэнні засору немагчыма. Ён можа ўтварыцца паміж трэцім і другім паверхамі, але гэта не значыць, што смецце не ссунулася ўніз з сёмага.

Дарэчы, стан міжпавярховых труб, якія праходзяць па кватэры, павінны раз на паўгода правяраць камунальныя службы і, калі трэба, ачышчаць іх ад тлушчавых і іншых адкладаў, каб перадухіліць магчымыя аварыі. Частка камунікацый у жыллі пасля ўводных вентыляў — зона адказнасці жыхароў. Калі нешта здарыцца тут, замену будзе аплачваць уласнік.

Безгаспадарчасць людзей — ад беспакаранасці, упэўнены дырэктар аварыйнай службы. Калі выезд брыгады аплачвае абслуговая арганізацыя і нават самі ўласнікі, канкрэтна вінаватага ўсё роўна не адшукаць. Таму і працягваюць карыстацца маёмасцю па прынцыпе «што хачу, тое і раблю».

Як сказалі ў Мінжылкамгасе, згодна з законам аб сумесным домаўладанні, існуе тыпавы дагавор абслугоўвання, дзе прадугледжана беражлівае стаўленне да маёмасці. Аднак гаворка ідзе пра агульную шкоду. Прыцягнуць людзей да адказнасці за няправільнае карыстанне каналізацыяй немагчыма.

Застаецца толькі паціскаць плячыма: навошта жыхары гадзяць у прамым і пераносным сэнсе і сабе, і суседзям. А можа, нехта, прачытаўшы, пазнае сябе...

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Унітаз замест сметніцы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».