Вы тут

Ганна Шалюціна: Шчасце — гэта адбыцца ў прафесіі


Мы сустрэліся за дзень да яе першага сольнага канцэрта «Песні любімага кіно». Пазней яна прызнаецца ў размове, што не хвалявалася, але адчувала адказнасць.

Пра тое, чаму двойчы адкладала «сольнік», як палюбіць сябе з усімі недахопамі і што рабіць, калі раніца не задалася, а трэба будзіць цэлую краіну, спявачка, радыё- і тэлевядучая праграмы «Наша раніца» на тэлеканале АНТ Ганна Шалюціна расказала «Чырвонцы. Чырвонай змене».


— Кім марылі стаць у дзяцінстве? Ці споўнілася мара?

— Я ніколі не казала: «Хачу быць артысткай». Гэта было зразумела: ні настаўнікам, ні праграмістам, ні касманаўтам — артысткай. Я любіла спяваць і выступаць на публіцы, нават калі збірала яе сабе сама: рассаджвала вакол лялек і гадзінамі ім нешта расказвала.

— Вы пераехалі ў Мінск у 16 гадоў. Ці лёгка было заваёўваць сталіцу?

— У 2007 годзе я прыехала з Віцебска паступаць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Да гэтага бывала ў Мінску часта: на вакальных конкурсах, канцэртах, гуляла ў КВЗ. Таму горад не быў для мяне незнаёмым. Але калі пачала жыць асобна ад бацькоў, зразумела: зараз я сама нясу за сябе адказнасць. І, шчыра кажучы, гэта вельмі спрасціла жыццё. Не вывучыла прадмет — два, праспала — прагул, не прыгатавала ежу — засталася галодная.

Ужо з першага курса я працавала. У гэтым вельмі дапамагала здольнасць хутка знаходзіць кантакт з людзьмі, заводзіць знаёмствы. Памятаю, мая мама была ў шоку, калі даведалася, што на апошнім цягніку метро я толькі еду на працу, а вяртаюся з яе ў чатыры гадзіны раніцы. Тады я працавала ў начным клубе.

Мая ж гісторыя на АНТ пачынаецца ў 2010 годзе, калі я прыйшла на кастынг праекта «Музычны суд».

— Ці памятаеце свой самы першы кастынг?

— У дзяцінстве я ўдзельнічала ў шматлікіх конкурсах. Вельмі іх, дарэчы, не любіла, таму што жудасна хвалявалася. І менавіта тады я дакладна зразумела: хлопчык, які спявае, выглядае больш выйгрышна, чым дзяўчынка. Чаму? Таму што хлопчыкаў на конкурсах значна менш. І калі ён спявае сапраўды добра, то, вядома, прыцягвае да сябе ўвагу. З вялікай доляй імавернасці ён пераможа.

Самым першым сур'ёзным кастынгам стаў, напэўна, мюзікл «Прарок», які ставіў Ілья Алейнікаў. Ён супаў з маім паступленнем у БДУКіМ. І прыкладна ў адзін і той жа час мне прыйшлі паведамленні аб тым, што я паступіла на бюджэт (конкурс быў вельмі сур'ёзны — 12 чалавек на месца) і прайшла кастынг. Выбраць прыйшлося вучобу.

— Як бацькі паставіліся да вашага выбару прафесіі?

— Мой дзядуля вельмі паважаны доктар-гематолаг. Але пры гэтым ён выдатны саксафаніст. Тата па адукацыі настаўнік, але ўсё сваё жыццё іграе на фартэпіяна.

Творчасць заўсёды была неад'емнай часткай нашай сям'і. Таму мяне ніхто не адгаворваў ад выбранай прафесіі. І за свабоду выбару — людзей, заняткаў у жыцці — я вельмі ўдзячная сваім бацькам.

— З чаго пачынаецца ваша раніца?

— Напэўна, гэта вельмі смешна: я, вядучая ранішняй праграмы, самая заўзятая ў свеце «сава». Для мяне раніца — гэта сапраўдная трагедыя, у колькі б яна ні пачалася. У ідэале вакол павінна быць цішыня — ні музыкі, ні размоў. Па іроніі лёсу мой муж — поўная супрацьлегласць. Тыповы «жаўрук», які любіць, каб вакол усё размаўляла і грымела.

Калі раніца здымачная, яна вельмі ранняя. Я нават сказала б, што гэта больш ноч, чым раніца. Але тут не ўзнікае ніякіх праблем з уздымам, таму што, як кажа мой тата, калі табе хочацца прачынацца, ты ніколі не праспіш. Калі ж мне не трэба на эфір, прачынаюся ў 9.20. Цішыня вакол — гэта закон. Але снедаць і фарбавацца магу пад серыялы. У 11.20 я, як правіла, ужо выходжу з дому па справах.

— А што рабіць, калі раніца не задалася, а патрэбны добры настрой, каб будзіць з экранаў тэлевізараў усю краіну?

— Для мяне адно ад другога не залежыць. Адбыцца можа ўсё, але ў цябе ёсць місія (напэўна, занадта гучнае слова, але няхай будзе так) дарыць людзям дабро і пазітыў. І ты працуеш. А ўсё, што адбываецца, напрыклад, дома, там і застаецца.

— Ці лёгка знаходзіце агульную мову з вашым партнёрам па праграме Дзмітрыем Шуніным? Вы на адной хвалі?

— Дзіма вельмі важны чалавек у маім жыцці, мая карма. Менавіта ён паклікаў мяне працаваць на радыё ў 2013 годзе. З ім у нас усё вельмі гарманічна. Спачатку, праўда, быў невялікі страх таго, што, калі сустрэнуцца два яскравыя пачуцці гумару, жарты і смех могуць перакрыць карысны складнік праграмы. Але гэтага не здарылася. Нам вельмі лёгка, і часам нават нашы калегі смяюцца, што мы рэпеціруем па начах.

Калі нешта пайшло не так, твой партнёр сказаў не тую фразу, збіўся, вельмі важна падхапіць яго на паўслове. У нас з Дзімам гэта атрымліваецца...

— Ці важна для вас, як для жанчыны і як для артысткі, заўсёды выглядаць ідэальна?

— У 95 працэнтах выпадкаў я з макіяжам. Гэта звычка. Чым больш у тваім жыцці медыйнасці, тым больш людзі звяртаюць на цябе ўвагу. Ты заходзіш у памяшканне, а чалавек, які там знаходзіцца, разумее, што ведае цябе. Не можа ўспомніць адкуль, але дакладна недзе бачыў. І гэта накладвае пэўны адбітак.

— Зразумела, што вобразы для здымак падбіраюць прафесіяналы. А якому стылю вы аддаяце перавагу ў будзённым жыцці?

— Выглядаю заўсёды дастаткова проста. Дакладна не хаджу ў вячэрніх сукенках і на шпільках без патрэбы. У адзежы я адназначна за зручнасць.

— Чытала ў вашым «Інстаграме», што вы не ўсё і далёка не заўсёды паспяваеце, але пры гэтым шчаслівая...

— Скажам так: жаночы комплекс віны ў мяне ёсць усё роўна. Бо табе ж хочацца быць для свайго мужа ідэальнай гаспадыняй: напрыклад, цешыць яго выпечкай хоць бы раз на месяц. Але праца, ты не паспяваеш... Заўсёды нешта церпіць у гэтай пагоні за ідэаламі: або асабістае жыццё, або кар'ера.

А шчасце... Яно ж не ў талерках, якія стаяць па парадку. Для мяне яно ў задавальненні ад стасункаў з людзьмі, ад таго, што дорыш ім радасць, ад усведамлення, што ў прафесіі ты адбыўся. І я нават не ўяўляю, наколькі шчаслівы можа быць архітэктар. Бо да таго, што ён стварыў, можна дакрануцца!

— А што наконт гармоніі, прыняцця сябе і сваіх недахопаў? Ці трэба імкнуцца да ідэалу тут?

— Я не нарадзілася з гэтым адчуваннем — гармоніі з сабой, прыняцця сябе такой, якая ты ёсць. Гэта вялікая ўнутраная праца. Зразумела, што мы ўсе імкнемся да дасканаласці і каб нас успрымалі ў лепшым святле. І мы выбіраем нязручны, але прыгожы абутак, сукенку, у якой немагчыма свабодна дыхаць, але затое ў ёй тонкая талія. Гэта павінна быць, па-іншаму жанчына не жанчына. Але трэба разумець яшчэ і тое, што калі, напрыклад, ты паехала ў лес, на прыроду, у джынсах ды ірваных кедах, ты не перастала ад гэтага быць прыгожай. Гэта ўнутранае адчуванне гармоніі і задавальнення ад сябе павінна захавацца.

Так, мне, як і любой жанчыне, многае ў сабе не падабаецца. Але імкненне стаць лепш не павінна рабіць цябе няшчаснай. Можна і трэба мяняцца, станавіцца лепш, але адштурхоўвацца неабходна ад плюсаў, а не ад мінусаў.

Калі разуменне гэтага прыходзіць, яно кардынальна мяняе якасць жыцця. Так, ты не схуднела на 20 кілаграмаў, але ад гэтага не стала горш сябе адчуваць.

— Якія хобі ў вас ёсць? Чым захапляецеся?

— Па-першае, падарожжамі. У нас з мужам нават ёсць традыцыя з гэтай нагоды. На святы мы дорым адно аднаму невялікія, на два-тры дні, вандроўкі. На жаль, больш не атрымліваецца з-за працы, але перазагрузіцца і атрымаць задавальненне можна і за гэты час.

Яшчэ я вельмі люблю хадзіць у кіно і плаваць у басейне. Вада забірае ўсё дрэннае, а пакідае толькі добрае. Прычым у басейн я, як правіла, прыходжу з планам: для мяне важна праплысці 40—50 дарожак у адзін і ў другі бок.

— У вас адбыўся першы сольны канцэрт. Да гэтага вы двойчы яго адмянялі. Чаму?

— Я вельмі адказны чалавек. У мяне ёсць каманда прафесіяналаў, і ўсім гэтым людзям трэба заплаціць. Я лічу, што любая праца павінна аплачвацца, нават сяброўская. Гэта адна з прычын, па якіх адкладаўся сольны канцэрт. Я разумела, што не змагу годна аддзячыць тым, з кім працую ў адной камандзе. А па-другое, для мяне было важна выспець, у тым ліку да пэўнага музычнага матэрыялу.

— Ці ёсць планы на далейшую музычную творчасць?

— Мне хочацца праграму «Песні любімага кіно» пракаціць па Беларусі, хаця б па некалькіх гарадах. Што будзе далей, пакуль не ведаю. Планаў выпусціць дыск або зняць кліп няма адназначна. Мне важна, каб тое, што я раблю, было камусьці трэба, прыносіла радасць і задавальненне.

Ганна БАГІНО

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.