Вы тут

Прэзідэнт прыняў з дакладам міністра ўнутраных спраў


Міністра ўнутраных спраў, кіраўніка наглядальнага савета хакейнага клуба «Дынама-Мінск» Ігара Шуневіча ўчора прыняў з дакладам Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Падчас сустрэчы было абмеркавана, як змянілася колькасць здзейсненых у краіне злачынстваў, якіх змен патрабуе заканадаўства ў сферы наркакантролю, а таксама чаго не хапае беларускаму хакею.


Кіраўнік дзяржавы папрасіў далажыць аб тым, як складваецца крымінагенная абстаноўка ў краіне, якія праблемы ёсць у сферы наркакантролю. «Можа быць, мы дапусцілі пралікі ці памылкі падчас прыняцця адпаведнага заканадаўства. Я настойваў на ўзмацненні заканадаўства, асабліва да тых, хто вырабляе і пастаўляе, прадае сюды наркотыкі. Нам трэба строга дыферэнцыраваць спажыўцоў і пастаўшчыкоў», — адзначыў Прэзідэнт.

Другое пытанне, якое ўзнімалася падчас сустрэчы, — што надалей будзем рабіць з хакеем. Дакладней, са сферай адказнасці Ігара Шуневіча як кіраўніка наглядальнага савета хакейнага клуба «Дынама-Мінск». «Мы дамаўляліся, што «Дынама» стане базай для падрыхтоўкі гульцоў для зборнай каманды. Зараз я гляджу, федэрацыя ўсё больш ківае на «Дынама», што клуб не выканаў сваіх абавязкаў. Клуб «Дынама» кажа пра тое, што нам самім трэба гуляць і перамагаць, паказваць гульню. Таму ёсць свае інтарэсы. Дык вось, каб у нас не было разыходжанняў, трэба зрабіць так, каб сапраўды найлепшыя хакеісты гулялі ў «Дынама», а самыя лепшыя дынамаўскія гульцы — у зборнай», — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі лідар пракаментаваў тое, як беларуская зборная выступіла падчас чэмпіянату свету па хакеі, вылецеўшы з элітнага дывізіёна. «Гэта па справе. Іх месца там. Ім няма чаго рабіць з такой гульнёй у гэтым дывізіёне. Але пагадзіцца з гэтым мы ніяк не можам. Разбяромся асобна са зборнай», — паабяцаў кіраўнік дзяржавы. Важна вызначыцца, як ідзе фарміраванне каманды, як будуць наладжваць адносіны «Дынама» і Федэрацыя хакея ў будучыні.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што «Дынама» — гэта асноўны клуб, на базе якога трэба стварыць зборную Беларусі. «Усё павінна быць завострана на краіну. У нас павінны гуляць беларускія хакеісты і перш за ўсё варатар. Гэта не работа, што ў нас няма нармальнай абароны, ды і нападзення няма, калі за дзясятак матчаў не могуць забіць дзясятак галоў. Гэта не каманда. Праблем больш чым дастаткова», — рэзюмаваў Прэзідэнт.

Ігар Шуневіч, гаворачы аб крымінагеннай сітуацыі за апошнія пяць месяцаў, адзначыў, што яна істотна не змянілася. Назіраецца ўсё той жа трэнд зніжэння зарэгістраваных злачынстваў і здарэнняў. «Мяркуем, што мы дасягнулі таго ўзроўню ў арганізацыі барацьбы са злачыннасцю, які дазваляе ацаніць рэальны стан спраў у краіне ў гэтай частцы, а таксама адэкватна рэагаваць на ўсе выклікі і пагрозы, якія нясе ў сабе гэты сацыяльны феномен», — сказаў міністр. Па словах кіраўніка ведамства, дыферэнцыяцыя адказнасці паміж спажыўцамі і распаўсюджвальнікамі наркотыкаў ужо існуе. Яна замацавана ў Крымінальным кодэксе Беларусі, адзін з артыкулаў якога размяжоўвае саставы такіх злачынстваў і адказнасць за іх.

Вераніка ПУСТАВІТ

Загаловак у газеце: Аб правапарадку і аб хакеі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».