Вы тут

Як на тры гадзіны стаць велабёрдарам


Зусім нядаўна ў Мінску з'явілася ўнікальнае для Беларусі месца — «Горад птушак». Зараз там праходзіць шмат цікавых экскурсій пад кіраўніцтвам установы «Цэнтр экалагічнага выхавання і развіцця». Разам з імі мы адправіліся слухаць салаўёў, шукаць гнёзды рэмезаў і вучыцца распазнаваць птушак не толькі вонкава, але і па галасах. І ўсё гэта на роварах!


Рус­лан Шай­кін пра­во­дзіць ін­струк­таж і рас­каз­вае,  чым уні­каль­ны «Го­рад пту­шак».

Цяжка ўявіць, што каля Лошыцкага парку — акультуранага месца са скошанымі газонамі і падстрыжанымі дрэвамі — ёсць амаль некрануты чалавекам куточак дзікай прыроды — Сярэбраны лог. Менавіта тут і быў пабудаваны невялічкі птушыны гарадок (яго працягласць — каля 1,5 км), у якім можна сустрэць сотні розных відаў крылатых.

— Гэта месца ідэальна падыходзіць для экалагічнай адукацыі, бо мы можам назіраць за птушкамі, не перашкаджаючы ім. Тут з аднаго боку балота, а з другога — альховы гушчар, што не дае чалавеку ўклініцца ў жыццё птушак, як гэта адбылося з тым жа Лошыцкім паркам, — расказвае перад экскурсіяй дырэктар Цэнтра экалагічнага выхавання і развіцця Руслан Шайкін.

Пакуль эксперт уводзіць нас у курс справы, каманда беларускіх велабёрдараў ужо збіраецца ў поўным складзе і з нецярпеннем чакае пачатку вандроўкі. Усяго нас дзесяць — аматараў птушак і ровараў. Аднак пачынаць экскурсію не спяшаюцца, трэба ж перад гэтым навучыцца карыстацца біноклямі, што, скажу я вам, не самая простая задача.

Пасля пяціхвіліннай трэніроўкі пад'язджаем да стартавага пункта нашай вандроўкі, дзе перад намі адчыняюцца дзверы ў сапраўдны птушыны горад. Каб не дахі шматпавярховак, якія віднеюцца з-пад дрэваў, цяжка было б паверыць, што гэта ўсё яшчэ Мінск. Тут няма асфальтаваных дарожак, прыгожых газонаў, лавак і іншых даброт цывілізацыі. «Быццам у вёсцы», — выказвае агульнае ўражанне адзін з велабёрдараў.

Пра тое, што жыццё тут кіпіць, нам спявае салавей і крычаць вароны і гракі.

— Птушкі проста так не крычаць, значыць, дзесьці ястраб паблізу, — заўважае Руслан Шайкін, а мы ўсе прыслухоўваемся. — Вось чуеце: «фік-фік» — гэта салавей хвалюецца. І вароны-самцы кружаць нездарма, яны падаюць сігнал сваім самкам — сядзець і не высоўвацца.

Праз некалькі хвілін мы знаёмімся яшчэ з адным жыхаром гарадка, а дакладней з яго гняздом. Аказваецца, гэта хатка рэмеза — птушкі, якая раней была занесена ў Чырвоную кнігу, а цяпер знаходзіцца ў прафілактычным спісе.

— Рэмезаў называюць ткачамі, бо яны будуюць вельмі мяккія і трывалыя гнёзды з рагозу. Не пужайцеся, што яны так хістаюцца, гэта мае практычную мэту — ніякі драпежнік туды не трапіць, — расказвае Наталля Азоўская, каардынатар Клуба беларускіх велабёрдараў, пакуль мы спрабуем разгледзець у бінокль гняздо. — Адна птушка робіць некалькі такіх гнёздаў за год, мабыць на выбар, але выкарыстоўвае толькі адно і толькі адзін раз. Таму, магчыма, гэта хатка ўжо і нежылая.

Дру­гі пункт на­ша­га марш­ру­ту — птуш­кі, якія жы­вуць на ба­ло­це.

Рухаемся далей. Менш чым за хвіліну пад'язджаем да другога інфармацыйнага стэнда. Дарэчы, такіх стэндаў у гарадку сем. На кожным з іх — цікавыя звесткі пра птушак, якія жывуць менавіта ў гэтых мясцінах.

— Тут вы можаце ўбачыць бакаса. Хто з вас ведае англійскую мову? — нечакана пытаецца Руслан Шайкін. — Па-англійску назва гэтай птушкі гучыць як «снайп», гэта значыць «выстрал». Пры ўзлёце яна вельмі хутка разганяецца, так што трапіць у яе амаль немагчыма, адсюль і чалавека, які метка страляе, называюць снайперам.

Амаль за тры гадзіны экскурсіі мы пачулі, убачылі альбо і пачулі, і ўбачылі каля 20 розных птушак. Сярод іх былі берасцянка, пячураўка-цянькоўка, пячураўка-будаўнічок, пячураўка-трашчотка, валасянка чорнагаловая, белая сітаўка і іншыя.

— Я ніколі раней не займалася бёрдвотчынгам, а велабёрдвотчынг для мяне зусім новая з'ява, — падзялілася ўражаннямі адна з велабёрдараў-пачаткоўцаў Ганна. — Я заўсёды любіла птушак, аднак мне вельмі цяжка запомніць іх назвы. Пасля экскурсіі стала значна прасцей. Вельмі прыемна, што ў Мінску яшчэ засталіся такія прыгожыя і некранутыя мясціны.

Далучайцеся да беларускіх велабёрдараў!

Кацярына ЦІТОВА

Загаловак у газеце: Птушкі, ровар і прырода...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».