Вы тут

Чаму большасці з нас лепш цалкам адмовіцца ад алкаголю


Наша краіна па-ранейшаму сярод лідараў па ўжыванні алкаголю, нягледзячы на тое, што ў апошні час, згодна са статыстыкай, піць беларусы сталі крыху менш. Што прымушае нас звяртацца да спіртнога і ці можна гэта рабіць без шкоды для здароўя? У якіх выпадках блізкія павінны біць трывогу і якія метады лячэння сіндрому залежнасці лічацца паспяховымі? Пра гэта і іншае расказаў галоўны ўрач Гарадскога клінічнага наркалагічнага дыспансера г. Мінска Аляксандр Алішэвіч.


Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

— Аляксандр Сяргеевіч, чаму людзі ўвогуле ўжываюць алкаголь?

— У кожным з нас ёсць патрэба на змяненне сваёй свядомасці. На яе па-рознаму можна ўплываць, але самае першае, што прыходзіць у галаву, — алкаголь, бо ён легалізаваны, яго можна набыць у любы час сутак і па вельмі даступнай цане. Таму большасць людзей звяртаецца менавіта да яго.

— Але чаму мы п'ём так шмат?

— Асноўныя прычыны — даступнасць, пра якую я сказаў, і сфарміраваныя традыцыі. У нас прынята ўжываць моцныя спіртныя напоі. У краінах з традыцыямі вінаробства, напрыклад Малдове, Грузіі, Францыі, Іспаніі, іншая карціна: там аддаюць перавагу слабаму алкаголю. У Польшчы структура ўжывання ў 90-я гады мінулага стагоддзя была вельмі падобная на нашу: таксама пілі шмат моцных спіртных напояў. Але там прыклалі намаганні і здолелі змяніць сітуацыю — у аснову была пакладзена цэнавая палітыка.

Усе мы павінны памятаць: каб выпіць смяротна небяспечную дозу, гарэлкі патрэбна значна менш, чым віна ці піва. Таму ўжываць моцныя спіртныя напоі больш небяспечна для здароўя. На прыкладзе Польшчы, якой удалося змяніць структуру ўжывання, відаць, што скарацілася смяротнасць па прычыне выпадковага атручвання алкаголем, павысілася працягласць жыцця.

— Алкагалізм — хвароба пэўных сацыяльных слаёў? Ці шмат сярод пацыентаў дыспансера людзей з дастаткам?

— Іх колькасна менш. Але алкаголю ўсё роўна, якая ў вас адукацыя, пол, колер скуры, рэлігійныя погляды. Да гэтага захворвання схільны кожны чалавек — так устроены наш арганізм.

— Ці ёсць хворыя на алкагалізм падлеткі?

— На жаль, ёсць. Першае каштаванне спіртнога ў большасці людзей адбываецца да непаўналецця. І ў некаторых рэакцыя на гэта выражана мацней. Ёсць адзінкавыя выпадкі, калі падлеткі, не дасягнуўшы паўналецця, паспяваюць зарабіць сабе сіндром залежнасці.

— Па якіх крытэрыях вызначаецца наяўнасць сіндрому залежнасці? Калі блізкія павінны пачаць біць трывогу?

— З падлеткам усё вельмі проста: ён заўсёды павінен быць цвярозым. Гэта не сфарміраваны да канца арганізм, дзе працягваюць развівацца органы і сістэмы, і алкаголь, умешваючыся ў гэтыя працэсы, істотна іх парушае. Людзі, якія пачынаюць сістэматычна ўжываць алкаголь у падлеткавым узросце, рызыкуюць выйсці на злаякасны ход — сіндром залежнасці, які імкліва развіваецца. Яны хутка дэградуюць і паміраюць вельмі рана. У маёй практыцы пацыент, якога з дыягназам «прыдуркаватасць» накіравалі ў дом-інтэрнат, быў 30-гадовым алкаголікам. Ужываць ён пачаў на мяжы паўналецця.

У дарослых змяненне спосабу ці інтэнсіўнасці прыняцця алкаголю — гэта прычына для трывогі. Міжнародная класіфікацыя хвароб дакладна вызначае крытэрыі, на якія блізкія могуць арыентавацца. Калі ў наяўнасці адзін з іх — ёсць рызыка, а калі тры і больш — хутчэй за ўсё, сіндром залежнасці сфарміраваны. Першы крытэрый — цяга ці папросту жаданне выпіць. Яно можа адчувацца ў выглядзе эмацыянальнага фону, калі чалавек у перыяд неўжывання адчувае пэўнае эмацыянальнае напружанне, а алкаголь яго добра знімае. Альбо з'яўляецца навязлівая думка пра тое, што трэба ўжыць. А можа быць дакладны сігнал, які для гэтага чалавека азначае, што трэба выпіць. Цягу складана апісаць дакладна, але збоку відаць, што чалавек імкнецца сустрэцца з алкаголем: у магазіне, у гасцях, вышуквае нагоду, напрошваецца. Некаторыя пацыенты апісваюць гэты стан так: галавой разумею, што нельга, а ногі самі нясуць і рукі самі наліваюць.

Другі крытэрый — страта кантролю, сітуацыйнага і колькаснага. Ёсць сітуацыі, калі ўжываць нельга: за рулём, перад працай, перад візітам да важнай для нас асобы. Дык вось, людзі з залежнасцю страчваюць здольнасць кантраляваць сітуацыю. Яны ўжываюць і ідуць на працу ці прыходзяць і ўжываюць. Што датычыцца колькаснага кантролю, то ў кожнага ёсць свая доза, якая большасці людзей не дазваляе далей нарошчваць аб'ём. З сіндромам залежнасці яна з'яўляецца толькі спускавым момантам: выпіўшы 50 грамаў, не магчыма самастойна спыніцца.

Трэці крытэрый — рост талерантнасці. Калі чалавек толькі пачынае злоўжываць, каб дасягнуць стану ап'янення, патрэбна адна доза. З часам яна ўсё большая і большая. Рост гэтай колькасці на 50 % і больш азначае выкананне крытэрыю. Пачыналі са 100 грамаў, а цяпер і 150 не дастаўляюць таго пачуцця — крытэрый выконваецца.

Чацвёртая прыкмета — наяўнасць стану адмены, калі на наступны дзень дрэнна «пасля ўчарашняга», і яго купіраванне новай дозай алкаголю. Калі чалавеку дрэнна, ён прыняў крышачку алкаголю і гэта прывяло яго ў працаздольны стан, то крытэрый выконваецца. Пяты крытэрый — неаднаразовыя беспаспяховыя спробы кінуць ці перайсці да кантраляванага прыёму. Чалавек разумее, што пераходзіць межы, імкнецца нешта зрабіць, але не спраўляецца. І апошні, шосты, — альтэрнатыўнае забыццё інтарэсаў. Кожны з нас мае свае захапленні, у нас ёсць абавязкі ў сям'і ў адносінах да дзяцей, жонкі. Дык вось час, які адводзіцца на ўжыванне і пошук алкаголю, становіцца ўсё большы і большы і, адпаведна, выцясняе ўсе астатнія заняткі.

— Колькі тады алкаголю можна выпіць за раз, каб не нашкодзіць сабе? Ці ёсць бяспечная доза для мужчын і жанчын?

— Да нядаўняга часу Сусветная арганізацыя аховы здароўя давала ўмоўна бяспечныя дозы алкаголю. Сёння яна вызначыла, што бяспечных доз не снуе. Абсалютна любая колькасць алкаголю, якая паступае ў арганізм, выклікае пашкоджанне і гібель нейронаў — клетак галаўнога мозга. Нават калі гэта лекавы настой на спірце. Галаўны мозг пры нараджэнні мае каласальны запас трываласці. У кожнага чалавека ў сярэднім каля 100 мільярдаў нейронаў. З узростам яны адміраюць, і з кожным годам у нас іх менш і менш — гэта натуральны працэс. І калі б мы маглі жыць у ідэальных умовах, то, улічваючы натуральную страту, нейронаў хапіла б больш чым на тысячу гадоў. Алкаголь, на жаль, яго бязлітасна знішчае. І чым больш інтэнсіўна ўжываць, тым хутчэй.

— У старасці такога чалавека чакае слабасць розуму?

— Калі дажыве да гэтага ўзросту — так. Алкагольная прыдуркаватасць нярэдка сустракаецца. Алкаголь вельмі лёгка з крыві ўсмоктваецца ў галаўны мозг і пачынае сваё ўздзеянне, яму нават не трэба праз кішэчнік праходзіць. Усмоктванне адбываецца яшчэ ў ротавай поласці, і ў першыя паўтары хвіліны алкаголь ужо выяўляецца ў галаўным мозгу — без удзелу стрававальнай сістэмы. Па прыналежнасці да класа спалучэнняў алкаголь — гэта дэпрэсант, ён падаўляе не толькі нервовую сістэму, але і страўнікава-кішачную і іншыя. У вялікіх дозах ён пачынае разбураць слізістую страўніка. Некаторыя лічаць, што язва рубцуецца алкаголем, і спецыяльна ўжываюць. Гэта міф. Кішэчнік, тоўстая, тонкая кішкі — усё пакутуе, і ў нашых пацыентаў часта ўзнікаюць злаякасныя пухліны — рак страўніка, кішэчніка. Панкрэатыт — запаленне падстраўнікавай залозы — здараецца не толькі ў тых, хто любіць вострае і тлустае, гэта і хвароба алкаголікаў, прычым да стану панкрэанекрозу, калі падстраўнікавая залоза адмірае. Знішчаецца імунная сістэма — нашы пацыенты хварэюць не толькі на прастуды, але і на пнеўманію. Вострая пнеўманія — распаўсюджанае ўскладненне алкагалізму. Ахоўны бар'ер проста змываецца алкаголем. Кожны прыступ белай гарачкі суправаджаецца кровазліццём: яно маленькае, кропельнае, але вядзе да знішчэння галаўнога мозга... Якую б сістэму ні ўзялі, ад алкаголю яна будзе пакутаваць.

— За які тэрмін у мужчын і жанчын развіваецца алкагольная залежнасць?

— Гэта вельмі індывідуальна. Праблема ў тым, што жанчыны звяртаюцца па дапамогу значна пазней, чым мужчыны. Тут феномен больш сацыяльны, чым біялагічны. Вось прыклад: калі ў грамадскі транспарт заходзіць п'яны мужчына, звычайная рэакцыя — адыйсці і не знаходзіцца побач, і нават знойдуцца тыя, хто саступіць месца. Якая рэакцыя на п'яную жанчыну? Пераважна агрэсіўная. Людзі не прамінуць магчымасці выказаць сваё стаўленне. Грамадская думка ў адносінах да жанчыны, якая п'е, больш бязлітасная. І гэта часта прымушае іх хавацца, утойваць. І звяртаюцца па дапамогу жанчыны нашмат пазней, чым мужчыны. Нарколагі атрымліваюць іх у больш запушчаным стане, і працаваць урачу ў такой сітуацыі нашмат складаней. У маёй практыцы была сям'я: муж звярнуўся па дапамогу, калі, як высветлілася пасля, жанчына на працягу сямі гадоў злоўжывала алкаголем, а ён не заўважаў. Уявіце, наколькі старанна маскіруецца жанчына, калі самы блізкі чалавек, які бачыць яе кожны дзень, не заўважае.

Згодна з савецкімі падручнікамі, па якіх мы вучыліся, першая стадыя развіваецца праз 5—10 гадоў злоўжывання алкаголем. Другая больш доўгая — 15—20 гадоў. Пасля гэтага наступае 3-я стадыя, калі чалавек дэградуе. Але так было ў савецкія часы. З кожным годам мы назіраем феномен паскарэння. Час на тое, каб зарабіць алкагольную залежнасць, значна зменшыўся. Гэта можна зрабіць і за паўтара года. У нас быў усплёск ужывання спайсаў, дызайнерскіх наркотыкаў. Калі ідзе спалучэнне алкаголю з імі, то нашмат хутчэй усё адбываецца. Маладое пакаленне жыве ў такі час, калі даступныя самыя розныя псіхаактыўныя рэчывы. І, на жаль, некаторыя каштуюць розныя з іх і спалучэнні. А гэта яшчэ больш згубна.

— Больш схільныя да ўжывання алкаголю і псіхаактыўных рэчываў тыя, хто мае адпаведную генетыку?

— Схільнасць можа быць генетычнай. У людзей, якія маюць блізкіх кроўных сваякоў з алкагольнай залежнасцю, рызыка развіцця залежнасці большая. Але само захворванне не перадаецца генетычна, толькі схільнасць. І менавіта ад самога чалавека залежыць, рэалізуе ён гэтую рызыку супраць сябе ці гэта паслужыць яму дадатковай абаронай ад алкагалізму. Важная сацыяльная сітуацыя, у якой чалавек выхоўваецца і расце. Бацькі павінны дэманстраваць здаровы лад жыцця і цвярозасць. Калі дзіця — не важна, якога яно ўзросту, — бачыць, як чокаюцца за сталом, у яго складваецца стэрэатып паводзін: усім добра, весела і гэта асацыюецца з нечым светлым. Нават такія дробязі маюць значэнне.

— Якія зараз папулярныя метады лячэння алкагалізму?

— Падыход ва ўсім свеце аднолькавы — біяпсіхасацыядухоўны. Алкагалізм — не толькі медыцынская праблема, а сацыяльная. Падыход таксама павінен быць комплексны, аднаго медыка тут недастаткова. Ва ўсім свеце фарміруюць мультыдысцыплінарныя каманды, куды, акрамя ўрачоў, уваходзяць псіхолагі, сацыяльныя работнікі, юрысты — спецыялісты, якія неабходны, каб ахапіць усе праблемы хворага. Рэабілітацыя — гэта вяртанне чалавека з сіндромам залежнасці да жыцця. За гады алкагалізму парушаюцца сацыяльныя сувязі: узнікаюць праблемы з працай, у сям'і, калі яна яшчэ захавана, з акружэннем, сябрамі, суседзямі, з законам. Калі за гэта бярэцца толькі ўрач, то і вынік будзе аднабокім. Ён дапаможа аднавіць унутраныя органы: падлечыць печань, «пачысціць» кроў, правядзе падшыўку. Але не наладзіць сямейныя адносіны, адносіны з сябрамі і не знойдзе работу... Калі ўсе гэтыя праблемы не будуць вырашаныя, то з часам пацыент вернецца да ўжывання алкаголю.

— Колькі з тых людзей з сіндромам залежнасці, якія звяртаюцца па дапамогу, можна паспяхова вылечыць?

— Калі займаецца толькі медык і не прымяняецца рэабілітацыя — да 30 %, пацыенты аднаўляюцца і ў наступны год пасля лячэння вядуць цвярозы лад жыцця. Астатнія 70 % зрываюцца. Калі прымяняецца рэабілітацыя, то 40—45 %. А калі браць пад увагу поўны курс рэабілітацыі, то лічба ўзрастае да 75—80 %. Не ўсе, на жаль, праходзяць поўны курс.

— Вопыт якіх краін у барацьбе з алкагалізмам мог бы быць для нас карысным?

— Польшчы і Швецыі. І па менталітэце яны блізкія да нас, і па тых метадах, якія прымянялі. Гэта спалучэнне абмежавальных мер з прафілактычнымі — уздзеянне на даступнасць і на ментальнасць. У Швецыі на 50 тысяч насельніцтва прыпадае ўсяго адна крама, якая гандлюе алкаголем. У Мінску — адна на 500 чалавек. Можна колькі хочаце расказваць пра шкоду алкаголю, але калі чалавек бачыць яго ў продажы ў самым шырокім асартыменце, то ўсе ўздзеянні абнуляюцца.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: У зоне рызыкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?