Вы тут

Прыёмы грамадзян — магчымасць убачыць недапрацоўкі на месцах


Дзесяць зваротаў разгледзеў старшыня Мінаблвыканкама Анатоль ІСАЧАНКА падчас выязнога прыёму грамадзян у Маладзечне. «Такія сустрэчы эфектыўныя, паколькі дазваляюць убачыць недапрацоўкі ўлады і прыняць адпаведныя рашэнні, — адзначыў Анатоль Міхайлавіч. — У розных раёнах Міншчыны пытанні, якія хвалююць людзей, істотна не адрозніваюцца. Гэта зямельныя адносіны, якія шмат гадоў не вырашаюцца, камунальныя пытанні, што датычацца ўмоў пражывання людзей, працяканне дахаў у жылых дамах, просьбы ўзаконіць самавольнае будаўніцтва. Шмат зваротаў з раёнаў індывідуальнай і кааператыўнай забудовы па ўладкаванні інфраструктуры».


І ў Маладзечне не абышлося без гэтага. У прыватнасці, Іраіда Генадзеўна з гарадскога пасёлка Радашковічы прыйшла на прыём ад імя жыхароў вуліц Сонечнай, Каханоўскага і Коласа. Вуліцы пачалі забудоўвацца яшчэ ў 1991 годзе. Але да гэтага часу тут адсутнічаюць неабходныя камунікацыі. Раён індывідуальнай забудовы месціцца ў нізіне, на гліністых глебах. Таму пасля дажджу або веснавога разводдзя тут ні прайсці ні праехаць, вада цячэ ў падвалы, на агароды. Неабходна ўладкаваць сістэмы водаадводу, а таксама каналізацыі.

Сапраўды, такая праблема існуе, пацвердзіў выконваючы абавязкі дырэктара дзяржаўнага прадпрыемства «Упраўленне капітальнага будаўніцтва Маладзечанскага раёна» Андрэй Казунка. Ён растлумачыў, што праект па добраўпарадкаванні гэтага раёна распрацаваны, але ён састарэў і патрабуе карэкціроўкі.

Старшыня Радашковіцкага пасялковага выканкама Віктар Неказакаў дадаў, што выручаныя за тры гады 156 тыс. рублёў ад продажу зямельных участкаў з аўкцыёнаў пайшлі на ўладкаванне вуліц. Але для таго, каб прывесці іх у належны стан, неабходны значна большыя сродкі.

Выслухаўшы меркаванні ўсіх бакоў, Анатоль Ісачанка даручыў Віктару Неказакаву правесці сход жыхароў і прапанаваць ім таксама паўдзельнічаць у агульнай справе, папярэдне вызначыўшы аб'ём і кошт работ. «Мы дапаможам з бюджэту. А вы зрабіце так, каб людзям было камфортна пражываць».

Такі адказ задаволіў заяўніцу. Яна выказала ўпэўненасць, што жыхары ўнясуць пасільны ўклад у добраўпарадкаванне.

Станіслаў Часлававіч і Тадэвуш Станіслававіч пражываюць у адным з дамоў па вуліцы Маладзёжнай. Яны звярнуліся да губернатара, каб пасадзейнічаў у рамонце даху. Праблема з «барадой» цягнецца ўжо шмат гадоў. Куды толькі не звярталіся, але сітуацыя не мяняецца: на вуліцы дождж — у кватэрах патоп. У выніку ад пастаяннай вільгаці псуецца мэбля, маёмасць, на сценах і столі з'явілася цвіль. Таму пад рукой заўсёды вёдры, тазы. Жыльцы пастаянна клеяць шпалеры, фарбуюць падлогу, сушаць рэчы, адзенне. Да наступнага ліўня...

Праўда, камунальнікі спрабавалі вырашыць праблему, ды кожны чарговы прыезд заканчваўся, што называецца, латаннем дзірак. Начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Сяргей Бохан адзначыў, што капітальны рамонт даху запланаваны на чацвёрты квартал гэтага года. Але людзі хвалююцца, што пачнуцца восеньскія дажджы, якія перашкодзяць справе. Анатоль Ісачанка даручыў ЖКГ не зацягваць з рамонтам і выканаць усе работы да першага верасня.

Алена Тургунбекаўна і Валянціна Уладзіміраўна расказалі, што не так даўно зацверджана новая інструкцыя аплаты за карыстанне інтэрнатам. У выніку даводзіцца штомесяц выкладваць за пражыванне і камунальныя паслугі па 160—180 рублёў пры зарплаце ў 300 рублёў. На тыя капейкі, што застаюцца, людзі літаральна выжываюць. Жанчыны звярталіся ў адпаведныя службы, каб ім знізілі суму. Але ў адказ пачулі, што ўтрыманне інтэрната стратнае, што з іх вылічваюць і за карыстанне агульнымі месцамі. «Чаму яно стратнае? — здзіўляліся кабеты. — Людзі за асабістыя сродкі робяць рамонт, мяняюць вокны, дзверы». Заяўніцы прасілі кіраўніка цэнтральнага рэгіёна адмяніць гэтае рашэнне. Губернатар адзначыў, што не мае такіх паўнамоцтваў. Разам з тым ён даручыў спецыялістам дэталёва вывучыць праблему, прааналізаваць, якія фактары ўплываюць на непрыбытковасць. А на працягу двух тыдняў даць заяўніцам адказ.

Шмат якія пытанні грамадзян вырашыліся падчас прыёму. Іншыя губернатар узяў на асабісты кантроль.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: «На вуліцы дождж — у кватэры патоп»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.