Вы тут

Як пажылому чалавеку не адстаць ад жыцця


У сталічным Цэнтры актыўнага даўгалецця нядаўна адкрылася антыкафэ для пажылых людзей. Першае мерапрыемства, на якое запрасілі ўсіх ахвотных, аказалася літаратурна-гістарычным — «Падарожжа ў часе: гісторыя майго месца». У спісе гасцей значылася ўнучка беларускіх пісьменнікаў Янкі Маўра і Якуба Коласа Марыя Міцкевіч.


На­тал­ля Ха­зя­е­ва (зле­ва) і Воль­га Ша­ты­ка п'юць гар­ба­ту ў ан­ты­ка­фэ.

«Мы хочам, каб пажылыя людзі не адставалі ад жыцця, — кажа Алена МАРЫГЕРОЎСКАЯ, намеснік дырэктара Цэнтра актыўнага даўгалецця. — Самае лепшае, што ў іх ёсць, — гэта час. І яны могуць праводзіць яго тут».

Антыкафэ — гэта тып грамадскай установы, дзе можна размаўляць, маляваць, нешта абмяркоўваць, проста піць чай ці каву ў добрай кампаніі. «У наша антыкафэ можна прыносіць з сабой пачастункі і заказваць толькі напоі, — гаворыць Алена Марыгероўская. — Прычым можна атрымаць бясплатна — аплачваецца час, які наведвальнікі праводзяць тут».

Антыкафэ зараз вельмі модныя сярод моладзі. Але, магчыма, што і людзі ва ўзросце змогуць ацаніць такі фармат. Тут хочуць стварыць асаблівую атмасферу. Плануецца, што будуць адбывацца сустрэчы з цікавымі людзьмі, лекцыі, майстар-класы. І, што важна, ініцыяваць і арганізоўваць іх будуць не супрацоўнікі цэнтра, а актывісты з ліку пажылых людзей. «Яны могуць прыйсці сюды, каб нешта абмеркаваць, у тым ліку свае ініцыятывы, а мы можам дапамагчы ім іх здзейсніць», — кажа наша суразмоўніца.

Унуч­ка Ян­кі Маў­ра і Яку­ба Ко­ла­са Ма­рыя Міц­ке­віч рас­каз­вае пра сва­іх зна­ка­мі­тых ро­дзі­чаў.

«Прыйшла сюды, таму што тут адбываюцца цікавыя падзеі, — усміхаецца адна з наведвальніц антыкафэ Вольга ШАТЫКА. — Я была і на адкрыцці Цэнтра актыўнага даўгалецця. Мне вельмі спадабаўся праект «Рэальны ўзрост», пра які даведалася менавіта тут. Зараз я — удзельніца гэтага праекта і нават выйшла на подыум як мадэль — упершыню ў свае 69 гадоў. Асноўная яго мэта — змяніць успрыманне грамадствам людзей пасля 60 гадоў. А нядаўна я ўбачыла ў «Фэйсбуку» паведамленне пра тое, што тут адкрываецца антыкафэ, і падумала: о, гэта цікава! Таму я тут».

Яшчэ адзін наведвальнік, аднагодак Вольгі Шатыкі, высокі, падцягнуты Міхаіл ЗАРЖЫЦКІ, можна сказаць, чалавек вядомы. У мінулым годзе ён стаў удзельнікам тэлевізійнай перадачы «Урачэбныя таямніцы плюс», якую вядзе доктар Цярэшчанка. Міхаіла Рыгоравіча запрасілі на эфір пасля таго, як ён, былы будаўнік, захапіўся выпечкай тартоў, — і не проста тартоў, а з рознымі незвычайнымі ўпрыгажэннямі. Сёння Міхаіл Рыгоравіч прынёс з сабой альбом са старымі фотаздымкамі. «Калі я патэлефанаваў сюды, мне сказалі, што тут, у антыкафэ, пройдзе лекцыя «Радаслоўная кніга» і будзе праца з архіўнай фатаграфіяй і вуснай гісторыяй сям'і, — кажа ён. — Гэта ўсё спатрэбіцца мне пры складанні свайго радаводу, я вельмі хачу ім цяпер заняцца». «...Вось, глядзіце, — Міхаіл Рыгоравіч гартае фотаальбом і паказвае пажоўклыя ад часу фотаздымкі, якія сталі ўжо рэліквіяй, — гэта мае дзядуля з бабуляй, гэта — прадзед з прабабуляй...» Са здымкаў глядзяць на нас прыгожыя, адкрытыя маладыя твары стагадовай даўніны, у шырока расплюшчаных вачах — прага да жыцця... «А гэта — мой бацька, — паказвае наш суразмоўнік на двухгадовае малое. Выгляд у яго сур'ёзны і кранальны адначасова...

У ква­тэ­ры з гэ­тым бал­кон­чы­кам па вул. Мяс­ні­ко­ва, 76 ка­лісь­ці жыў Ян­ка Маўр.

Наталля Хазяева прыйшла сюды разам з сяброўкай, якая прыехала да яе ў госці з Расіі. «Мяне зацікавіла сустрэча з цудоўнай жанчынай Марыяй Міцкевіч, унучкай нашага вялікага пісьменніка Янкі Маўра, — кажа Наталля. — Я сама актывістка, узначальваю гарадскую грамадскую арганізацыю «Супрацоўніцтва дзелавых і творчых жанчын». Нам ужо 18 гадоў, і нашы актыўныя ўдзельніцы набліжаюцца да таго ўзросту, калі, як кажуць, шмат хто сядзіць на лавачках...». «Але толькі не тыя, хто ўваходзіць у нашу арганізацыю! — горача дадае Наталля. — Таму мне цікава было сюды прыйсці
і пазнаёміцца з новымі ідэямі для пажылых людзей. Я і сама згодная правесці тут шэраг майстар-класаў, падзяліцца сваімі ўменнямі і досведам. Хачу, напрыклад, весці гурток усходняй дыхальнай гімнастыкі. Спалучэнне гарманічных рухаў і дыхання — гэта вельмі важна для людзей залатога веку...»

А Жанну Яблонскую, былога вядучага інжынера навукова-тэхнічнай інфармацыі, а цяпер слухачку Універсітэта трэцяга ўзросту, запрасіла сюды калега, разам з якой Жанна Уладзіміраўна вывучае журналістыку. «Я спачатку крыху вагалася: субота ж, на дачу трэба, — усміхаецца яна. — Але, калі пазнаёмілася з праграмай, сумненні зніклі. Я бібліяфілка, у мяне дома звыш трох тысяч кніг. І ў дзяцінстве я вельмі любіла Янку Маўра, таму, калі даведалася, што тут будзе выступаць яго ўнучка, не змагла ўстаяць». А яшчэ Жанна Уладзіміраўна вельмі зацікавілася тэматычнай экскурсіяй «Падарожжа ў часе», якую арганізатары паабяцалі правесці. І сапраўды, дацэнт БНТУ Галіна Залеская на невялікай пешаходнай экскурсіі паказала наведвальнікам антыкафэ, дзе быў Казанскі сабор, ад якога цяпер застаўся адзін камень, дзе знаходзілася ў часы апошняй вайны яўрэйскае гета, і яшчэ шмат розных дробязяў, пра якія нават не ўсе сталічныя старажылы ведаюць.

«Дом на Мяснікова, 76 — будынак пачатку ХХ стагоддзя. Тут калісьці была жаночая яўрэйская гімназія, тут жыў Янка Маўр, 135-годдзе якога было гэтымі днямі... — кажа Алена Марыгероўская. — Для нас было пэўнай нечаканасцю, калі мы даведаліся, што Цэнтр актыўнага даўгалецця знаходзіцца ў такім гістарычным месцы. І мы хочам узнавіць гісторыю гэтага будынка і гараджан. Пры гэтым мы не будзем займацца дадатковай адукацыяй для дарослых або проста забаўляць іх. Мы хочам захапіць і далучыць пажылых людзей, завесці іх «маторчык», каб яны зноў паверылі ў свае сілы.

Святлана БУСЬКО

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: «Маторчык» для бабулі

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».