Вы тут

Як падлеткі становяцца законапаслухмянымі


У Беларусі налічваецца чатыры спецыяльныя лячэбна-выхаваўчыя прафесійныя тэхнічныя вучылішчы закрытага тыпу для падлеткаў. Адно з іх знаходзіцца ў гарадскім пасёлку Крывічы, што ў Мядзельскім раёне.


І калі з прыёмніка-размеркавальніка сюды прывозяць чарговага юнага правапарушальніка, яму рэальна страшна: высокая агароджа, моцныя вароты, шлагбаум. Ды ўсе страхі праходзяць, як толькі ён ступае на тэрыторыю ўстановы. Таму што бачыць: тут ідзе звычайнае жыццё. Хлопцы ганяюць мяч на стадыёне, гуляюць у валейбол, займаюцца на трэнажорах, працуюць у вытворчых майстэрнях. Пасля адбывання тэрміну не ўсе ахвотна вяртаюцца дадому, дзе ніколі сытна не елі, не спалі ў чыстых пасцелях. А тут добры догляд, якасная ежа, розныя мерапрыемствы, спаборніцтвы.

У спецвучылішчы жывуць, вучацца, набываюць прафесію выхаванцы ад 12 да 18 гадоў. Усе яны здзейснілі правапарушэнне, якое не ўяўляе вялікай небяспекі для грамадства, у асноўным хуліганства. У кожнага падлетка свая гісторыя, але, як правіла, яны падобныя адна на адну. Звязаўся з дрэннай кампаніяй, першы раз выпіў, спадабалася. Далей — болей: падсеў на наркотыкі, распачаў бойку. І ўсё глыбей зацягвала багна, з якой самастойна выбрацца немагчыма. На жаль, такі лёс напаткаў не толькі дзяцей-сірот, дзяцей з неўладкаваных, няпоўных сем'яў, але і тых, у каго заможныя бацькі: бізнесмены, прадпрымальнікі.

— Пазнаёміўся з хлопцамі, якіх лічыў сваімі сябрамі. Цяпер зразумеў, што яны ніякія мне не сябры. Пастаянна ладзілі гулянкі са спіртным, — кажа Ілья.

— На чые грошы? — пытаюся ў яго.

— Бацькі ў мяне забяспечаныя, грошай не шкадавалі, ды і сам нешта зарабляў падпрацоўкамі. Вядома, тата і мама спрабавалі мяне спыніць, ушчувалі. Ды я іх не слухаў. Вучылішча, зразумела, — не дом, але я не шкадую, што сюды трапіў. Тут ёсць час задумацца над сваімі паводзінамі і далейшым жыццём, — гучыць у адказ.

— Калі б не гэтая ўстанова, не ведаю, кім бы я стаў. Ужываў алкаголь, пачаў нюхаць розныя хімічныя рэчывы, прапускаць урокі ў школе, неаднаразова ўсчынаў бойкі. У гэтай установе я ўжо год і дзевяць месяцаў. Шчыра кажучы, рады, што сюды трапіў. Менавіта тут далі сілы да далейшага жыцця. Тут пазнаёміўся з многімі людзьмі, зразумеў, што рабіў не так, як трэба, — неяк па даросламу кажа Вова.

— Я таксама ўжываў алкаголь, наркотыкі. Выхавацелі, педагогі, псіхолагі, спецыялісты дапамагаюць мне паверыць у свае сілы і стаць на ногі. Вядома, ніхто не дапаможа, калі сам не захочаш і не прыкладзеш намаганні. Тут можна таксама па жаданні набыць спецыяльнасць, якая дасць магчымасць у далейшым зарабляць на жыццё. Хочаш быць будаўніком — калі ласка. А некаму даспадобы рамантаваць аўтамабілі, займацца агародніцтвам, — лічыць Андрэй.

Вядома, спецвучылішча — гэта не дзіцячая калонія. Яно ўваходзіць у сістэму Міністэрства адукацыі Беларусі. Цяжкія падлеткі, па сутнасці, не з'яўляюцца злачынцамі. Судзімасць пасля выхаду з установы пагашаецца незалежна ад катэгорыі парушэння. Але рэжым дня тут строгі, як у арміі. Пад'ём, гігіенічныя працэдуры, прыбіранне пасцеляў, спальных пакояў, сняданак, вучоба ў школе, заняткі ў вытворчых майстэрнях, вольны час, адбой.

— Дзеці атрымліваюць у нас звычайную адукацыю. Толькі для выхаванцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця распрацаваныя спецыяльныя вучэбныя праграмы. Для гэтай катэгорыі гадаванцаў восенню і зімой адкрываем кароткачасовы курс фізічнага развіцця, дзе іх вучаць вырошчваць агародніну, садавіну, даглядаць за свойскай жывёлай. А навучэнцы з каледжаў, ліцэяў набываюць яшчэ і прафесіі маляра-тынкоўшчыка, абліцоўшчыка-плітачніка і слесара па рамонце аўтамабіляў, — расказала намеснік дырэктара Марына Ракецкая.

У вучэльні ўладкаваны гаспадарчы двор, дзе ўтрымліваецца розная жыўнасць: куры, парсюкі, коні. Ёсць свае пасека, цяпліцы, сад. Прадукцыя выкарыстоўваецца ва ўласнай сталоўцы, што дазваляе разнастаіць меню вітамінамі і крыху знізіць кошт харчавання. Ва ўстанове яно пяціразовае.

— Цяжка працаваць з такімі падлеткамі? — пацікавілася ў Марыны Францаўны.

— У гэтых хлопчыкаў іншае мысленне, чым у іх равеснікаў. Яны вельмі запушчаныя ў плане сацыяльнай адаптацыі. Вядома, могуць змахляваць, апраўдваючы свае ўчынкі, выкручвацца з сітуацыі, схітрыць.

Мабыць, ім не хапае чалавечых стасункаў, хатняй цеплыні, дарослага сябра, які б параіў выхад з цяжкай сітуацыі, падказаў, дапамог, лічыць спецыяліст

— Да нас прывезлі падлетка, які выпіў піва, трапіў на вочы ўчастковаму інспектару міліцыі. У выніку — штраф. Сеў за руль матацыкла — спынілі супрацоўнікі ДАІ. Ага, нападпітку за рулём, няма тэхагляду. Словам, за дзень некалькі парушэнняў. Паступіў падлетак у дэпрэсіўным стане. Але да яго знайшлі падыход, прапанавалі папрацаваць на гаспадарчым двары. Так, вясковага хлопца вывелі з дэпрэсіі, — успамінае педагог-псіхолаг Анатоль Красневіч.

Летась чацвёра хлопцаў паступілі ў сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Ім далі магчымасць пад наглядам сацыяльных педагогаў з'ездзіць у каледжы, здаць дакументы і прайсці цэнтралізаванае тэсціраванне. Затым падалі ў суд неабходныя дакументы аб датэрміновым вызваленні абітурыентаў, паколькі яны добра сябе паводзілі.

Падлеткі ведаюць, што парушыць правілы прыжывання, дысцыпліну — значыць, пазбавіцца маленькіх радасцяў. Напрыклад, сустрэчы з бацькамі або магчымасці паехаць на канікулы да двух тыдняў дадому.

— На працягу двух гадоў мы адсочваем далейшы лёс былых выхаванцаў, дапамагаем уладкавацца на работу, — расказвае дырэктар Андрэй Дубаневіч. — Звязваемся з органамі ўлады, установамі адукацыі, цікавімся, чым займаюцца, як сябе паводзяць.

І пра многіх чуюць толькі добрыя водгукі.

У тэму

Не так даўно ў прафтэхвучылішчы адкрылася майстэрня па рамонце аўтамабіляў, аснашчаная сучасным абсталяваннем.

Сяргей Руды, намеснік міністра адукацыі Беларусі:

— Мы адкрываем сур'ёзную справу. Тут маладыя людзі будуць атрымліваць прафесію, якая запатрабавана на рынку працы, якая патрэбная, важная не толькі самім хлопцам, але і дзяржаве. Мы маем намер выкарыстоўваць гэтае абсталяванне і памяшканне не толькі для патрэб установы. Аднак і ажыццяўляць прафесійную падрыхтоўку вучняў Крывіцкай сярэдняй школы.

Праект рэалізаваны пасольствам Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь і маладзёжнай рэлігійнай місіяй «Чыстае сэрца».

Міхаіл Хабрас, часовы павераны ў справах пасольства Польшчы ў Беларусі:

— Гэты праект мае на мэце стварыць умовы для рэабілітацыі і сацыяльнай рэінтэграцыі моладзі і дае магчымасць атрымаць прафесію аўтамеханіка. Практычныя навыкі аблегчаць ім пошук і пачатак легальнай работы. І тым самым — старт для новага жыцця.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота Анатоля БАСАВА

Загаловак у газеце: Цяжкія тыя, каму цяжка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».