Вы тут

Купалаўскі тэатр прадставіў спектакль па кнізе «Радзіва «Прудок»


Муха Наташа не дае спаць, настойліва цакоча над вухам. «У чым праблема?» — здзівіцца жыхар гарадской кватэры, які прывык вырашаць такое радыкальна. Ну, і дарма: гэта ж На-та-ша! Яна таксама мясцовы жыхар, частка экасістэмы, часцінка Сусвету. Без яе карціна будзе няпоўнай. Карціна свету вачыма новага жыхара вёскі Прудок — дакладна. А нам прыйдзецца зразумець, чаму яго ўспрыманне менавіта такое, падчас прагляду спектакля Купалаўскага тэатра «Радзіва «Прудок». Гэта калі яшчэ атрымаецца трапіць. Але не хачу разважаць пра «няма білетаў» і аншлагі. Хачу — пра Прудок. Там добра.


Гэта далёка ад сталіцы: Палессе. Для гараджаніна выпраўляцца туды жыць — усё адно што збірацца ў космас. Нават не на арбіту недзе «па-над», а ў паралельную галактыку, дзе іншыя законы гравітацыі, амаль адсутнічае катэгорыя часу (істотны толькі факт, што ты ёсць) ды разумнае жыццё са сваімі прынцыпамі існавання ў наяўнасці. Усё выпрабаваў на сабе аўтар кнігі «Радзіва «Прудок» Андрусь Горват, які занатоўваў свае пачуцці падчас абсалютна рэальнага паглыблення ў той сусвет. Кінуў Мінск і паехаў жыць у... гэты Прудок. Не ў Маскву і не ў Парыж, а ў беларускую вёску.

Запісы з дзённіка — успаміны былога «зямнога» (прыземленага?) жыцця, назіранні і думкі пасля кантактаў з мясцовай цывілізацыяй — сталі кнігай. Кніга «пайшла ў адкрыты космас» — а гэта ўся прастора беларускага светаадчування, менталітэту, культуры, наогул жыцця.

Актыўнасць чытачоў і захапленні наноў адкрытым сусветам прывялі да з'яўлення фільма «Ягор» і ў рэшце — да тэатральнай пастаноўкі, якую ажыццявіў той жа аўтар фільма купалавец Раман Падаляка. Ён таксама частка беларускага космасу — акцёр-зорка. Цяпер ведаю дакладна: на начным небе сярод зіхатлівых зор могуць быць планеты, якія маюць моцную атмасферу і энергетыку, здольную ўцягваць у сваю арбіту. У дадзеным выпадку яны зрэзаніравалі: космас, які спасцігаў Горват, і энергетыка Падалякі.

Яны абодва аднолькава разумеюць, чаму эротыка па-беларуску — гэта аголенае каленца Ганны Чарнушкі («Людзі на балоце» ідуць на сцэне Купалаўскага тэатра). А купалаўскі тэатр — гэта таксама мікракосмас, які зацягвае ўсіх, хто трапляе ў зону яго прыцягнення. З акцёрамі зразумела, але ж нават былога дворніка, якім працаваў Андрусь Горват, не абмінула гэтае наканаванне. Выбар працы для дворнікаў у Мінску неблагі, з варыянтамі аплаты: чым бліжэй да культуры — тым яна меншая, затое там спытаюць пра валоданне мовай... Калі чалавек зрабіў такі выбар, то зразумела, для яго сіла прыцягнення — не фізічная, а хутчэй філасофская з'ява.

Каб больш зразумелымі былі палескія адчуванні, трэба было пачаць з гарадскіх, так і зрабіў рэжысёр Раман Падаляка. У інсцэніроўцы ёсць частка пра героя-дворніка, які ачышчаў снег на дарозе, па якой скакалі гарадскія козкі на абцасах, слухаў прыгожую кітайскую мову ў тэатры падчас экскурсій для турыстаў, дзе ў якасці экзатычнага артэфакта маглі фігураваць шкарпэткі дворніка на батарэі (не, ну выпадкова!), слухаў мамін голас па тэлефоне, абавязкова завяраў, што ўсё нармальна. Магчыма, так адказваюць блізкім касманаўты, якіх толькі прызначылі ў далёкую экспедыцыю і якім трэба час, каб усіх падрыхтаваць. І тэатр для героя стаўся свайго роду цэнтрам падрыхтоўкі да касмічнай вандроўкі.

Усё пазначана адразу: з першых рухаў героя па сцэне мы адчуваем яго наканаванне: камбінезон дворніка нагадвае скафандр. Далей адчуваем асаблівы космас Беларусі праз выяўленне часткі тэатральнай біяграфіі. Сусвет ахоплівае гледача праз мастацкі вобраз: умоўны касмічны стыль, што прыдумала мастачка Кацярына Шымановіч, вытрыманы ад пачатку да канца. Зоркі зіхацяць у чорнай прасторы малой сцэны — і бачыш, якая яна, аказваецца, вялікая...

Старая дзедава хата напачатку як кропка сярод зорнага неба. Глядзіш на яе нібыта з нябесных вышынь. Адразу прыгадаўся «Салярыс» Таркоўскага з вандроўнікамі, якія рушаць даследаваць разумнае жыццё іншага паходжання, а ў выніку думкамі вяртаюцца да таго, што засталося далёка дома, а значыць, глыбока ў сабе. Напрыканцы яны ўглядаюцца ў хаціну з утульнымі вокнамі і гасцінным ганкам, а наш касманаўт ідзе далей і даследуе тое, што ўнутры.

Пры набліжэнні да хаціны бачыш: ці не сам дзед глядзіць адтуль праз акно? Даўно няма дзеда, але падобны на яго сам герой — адзін твар з рысамі, што выявіла (запомніла?) шкло. Самае цікавае пачнецца потым, у самой хаце і вакол яе. Новае жыццё падорыць новых сяброў, іншай формы розуму. Дзіўна было ўявіць, якім чынам можна на сцэне паказаць ката Рому. Але ён побач з героем — як выява на мягкай падушцы, і сапраўды ж можна вось так сядзець на старым сінім металічным ложку і гладзіць яго. Намаляваная і каза са званочкамі, якія дзінькаюць, як пры дойцы, — ён назаве яе Цёця, у гонар былой гаспадыні. Муха Наташа — абсалютна рэальная: так выглядае аніміраваны персанаж. Наогул відэарад (аўтар Глеб Куфцерын) дазваляе ў драматычным спектаклі стварыць лініі, важныя (смешныя, кранальныя) у кнізе, альбо абазначыць моманты асаблівага настрою ці атмасферы: месяц, які адбіваецца ў калодзежы, ці «жывыя» кроплі дажджу. Усё тое, без чаго немагчыма было б адчуванне нашага зямнога космасу з чалавечым тварам.

І тут лагічнае існаванне людзей — яны жывуць у Прудку! Часам абаяльныя і прывабныя, гасцінныя і добрыя, з граматамі і проста шаноўныя, спагадлівыя і тыя, што маюць асаблівую зацікаўленасць у вашай спагадзе. Тыя, што часам здаюцца гуманоідамі (у адпаведным стане), але пры далейшых кантактах аказваюцца вельмі мілымі людзьмі з тонкай душэўнай арганізацыяй.

Яны такія: падкажуць, як абыходзіцца з зямлёй, што садзіць, з кім пагаварыць. Ды хіба не галоўнае акенца ў свет для вяскоўца — радзіва, якое грае асаблівую ролю ў спектаклі, такі ж «жывы» персанаж сярод іншых, хоць і рарытэтны прыбор са сваёй логікай і здольнасцю адчуваць героя.

Праўда, тэатральная пастаноўка не можа адлюстраваць кнігу цалкам. Выбар эпізодаў — справа аўтараў інсцэніроўкі, якую рабілі Раман Падаляка і артыст Міхаіл Зуй (іграе галоўнага героя), адчуваецца, што ім хацелася паказаць як мага больш. Але кожны пры чытанні кнігі зможа выбраць сваіх любімых персанажаў.

Іх не так і мала, аказваецца, у тым паралельным гарадскому свеце. Увасабляюць усіх герояў-вяскоўцаў на сцэне Святлана Анікей і Дзмітрый Есяневіч. Для таго каб пераўвасобіцца, дастаткова дадаць нейкую дэталь гардэроба (тоўстыя вязаныя шкарпэткі ці нагавіцы, шапку ці швэдар) — у гэтым сэнсе стыль касмічнай вопраткі застаецца базавым: кожны прудковец — носьбіт таго асаблівага космасу. Асаблівы космас купалаўцаў дазваляе ім настолькі (часам занадта) паглыбіцца ў вобразы, што сваіх землякоў-палешукоў бачыш як рэальных, у якіх насамрэч усё «е». Адна ёмістая літара абазначае паляшуцкі дух і нават дыялект на працягу ўсяго спектакля, што ідзе на літаратурнай беларускай мове. Але нават гэтай дэталі дастаткова, каб зразумець: «е» — гэта не літара. Гэта наяўнасць. Прысутнасць. Існасць. І неспазнанасць да канца.

Такіх Прудкоў у нас шмат па Беларусі. У кожнага — свой, дзе можна, вось як галоўны герой, «выспяваць як нацыя». З дзедавай хатай, нават калі там ужо памянялі шыбы на вокнах, праязджаючы міма якой усё адно міжволі думаеш: мо выглядаюць? Кідаеш позірк: ці ўсе дрэвы каля хаты? Згадваеш: дзе той калодзеж, у якім адлюстроўваецца неба?

Ларыса ЦІМОШЫК

Загаловак у газеце: ...Палёт нармальны!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».