Вы тут

Выбух пратуберанца


Чаму Анатоль Кузняцоў адмовіўся ад прадметнасці? Гульня колераў, усплёск настрою, адчуванне падарожжа. Гэтыя складнікі ўласцівыя творчасці Анатоля Кузняцова. У межах Міжнароднага фестывалю сучаснага мастацтва «Арт-Мінск 2018» адбылося адкрыццё выстаўкі «Пратуберанцы» ў галерэі «Арт Хаос».


Мастак Анатоль Кузняцоў на фоне работы «Пратуберанцы V», 2016 г.

Мастацтвазнаўцы адзначаюць, што Анатоль Кузняцоў здольны здзівіць любога гледача: ад самага маленькага да сталага. У жывапісе ён працуе над раскрыццём унутранага стану, які ў творах перадаецца праз энергетыку. Творца адзначае, што яго праект — метафара як мастацтва, так і жыцця наогул. Пратуберанцы — энергетычныя ўспышкі на сонцы, згусткі плазмы рознага колеру і канфігурацыі, якія маюць тэмпературу не менш за дваццаць тысяч градусаў.

— Насамрэч усё вельмі проста: кожны мае свае інтарэсы і сімпатыі, — тлумачыць Анатоль Кузняцоў. — Калі нам нешта падабаецца, арганізм пачынае вібрыраваць. Са мной унутранае трапятанне здараецца часта, таму ў работах адчуваецца пульсацыя і эмоцыя.

 Вобразы нараджаюцца падчас імправізацыі. Мастак не прадумвае дэталі альбо рысы загадзя, і нюансы з’яўляюцца падчас працэсу. Творца адгукаецца на навакольныя падзеі, сюжэт выяўляецца ва ўзаемадзеянні ліній, колераў, фактуры і настрою.

— У працэсе жывапісу ў мяне заўсёды атрымліваліся своеасаблівыя прадметы, я іх напаўняў не толькі лакальным святлом, але і ўнутранай інтуітыўнай энергетыкай. Шмат гадоў выхоўваў у сабе якасць — мець у карціне некалькі падтэкстаў, мноства прачытанняў. Адмовіўшыся ад прадметнасці, стаў выкарыстоўваць пластычныя рашэнні для паверхні. Пачаў задумвацца над яе рытмам, каларыстычным напаўненнем, напружаннем. Усе гэтыя элементы ператварыліся для мяне ў катэгорыю працы, якую я называю развіццём пластычнай мовы.

 Пераход ад рэалістычнага жывапісу да абстракцыі — выбар, які майстар зрабіў свядома. Прафесійны пошук працягваўся шмат гадоў, не было рэзкага пераходу, толькі ўнутраная вібрацыя падказвала, што трэба звярнуцца да новага жанру. Цяпер мастак не ўяўляе сябе без абстракцыі, яму падабаецца гуляць з колерамі і адценнямі, праз іх выбудоўваць сістэму асэнсавання. Анатоль Кузняцоў упэўнены, што гэтак жа, як з’ява пратуберанцаў да канца не вывучаная навукай, так і ўплыў абстрактнага жывапісу невытлумачальна дзейнічае на эмацыянальны стан гледача.

— Пераход ад фігуратыўнага да абстрактнага я абраў свядома, — распавядае Анатоль Кузняцоў. — Мне цяпер здаецца, што мастацтва з матэрыяльным не мае ніякага значэння, яно — духоўная катэгорыя. Я жыву гэтымі рэчамі. Спецыяльна выдаў альбом з маленькімі накідамі, у якіх відаць, як я прыйшоў да таго, што раблю сёння. Накіды паказваюць скрыжаванне ліній, фарміраванне графікі, бясконцую плынь думак.

«Пратуберанцы I», 2016 г.

Творы пабудаваны на асацыяцыях. Менавіта таму гледачы кажуць, што мастацтва Кузняцова зачароўвае: яшчэ да пачатку адкрыцця праекта былі прададзены чатыры работы майстра. — Трэба ўмець крытыкаваць сябе і прывучацца да таго, што ты можаш не мець рацыі, — лічыць аўтар. — Я шмат гадоў працую над тым, каб адна і тая ж мая карціна кожны раз для гледача станавілася новай. У гэтым і ёсць сіла мастацтва. Напрыклад, я не хачу пісаць пейзаж, таму што яго магу ўбачыць, зірнуўшы ў акно. А вось ствараць карціну думкі — тонкі напрамак. Працаваць над асацыяцыяй складана, але цікава. Напрыклад, асацыяваць колер можна не толькі з сітуацыяй, але ж з музыкай, фільмам, нават голасам.

Мастака задаволіла пляцоўка для праекта: у гандлёвым цэнтры, дзе месціцца галерэя, людзей шмат, і яны ў любы момант могуць апынуцца сярод твораў мастацтва. Кузняцоў звяртае ўвагу, што гэта сусветны трэнд, якога нашай краіне не хапала раней:

— Такі падыход у сучасным свеце стратэгічна правільны, таму што творчасць укараняецца ў грамадстве ненадакучліва. З гісторыі мастацтва памятаем, калі творцы імкнуліся ісці да народа. Многія не ўхваляюць спалучэнне масмаркету і мастацтва. Зразумела, мастацтва павінна быць высокае, але хіба яго якасць зменіцца ад таго, што яго паглядзелі людзі, якія выбраліся ў краму? Творчы праект Анатоля Кузняцова абралі адмыслова для экспанавання ў межах «Арт-Мінска»: яго майстэрства здольнае захапіць як аматараў мастацтва нашай краіны, так і замежнікаў.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.