Вы тут

Духоўны сябар Рэнэ Магрыта


Як і Міхась Стральцоў, ён жыў смутнаглядным адчуваннем, што ў любы момант можа здарыцца нешта незваротна-ліхое. Яго вершы нагадваюць тужліва-невытлумачальныя сны, дзе вонкава нічога кашмарнага няма, але раніцай у тваіх руках з’яўляецца «медуза белая», якая «сцякае з жмені, / Ў кароне слізкай дзіўны мой улоў. / Пад самы бераг падступаюць цені / З глыбінь не ўсплыўшых караблёў». Днём, замест чаканых пчол, якія кудысьці незваротна зніклі, «Прылятаюць восы да мяне — / Жоўтыя, / зялёныя пункціры...». Вечарам — «працяжна, глуха» кліча па імені сасна, як быццам хоча забраць на той свет, а ўначы з’явяцца кажаны «ў начной спалоханай пагодзе. / Пад кажанамі сняцца сны / Не па жаданню і ахвоце. /.../ Прачнуся — засынаюць сны, / Як кажаны — / Ўніз галавою».


Паэт упэўнены: наша рэальнасць падманлівая, прадметы не з’яўляюцца тым, чым ёсць. Вачам лепей не верыць, бо ў любую секунду «сланечнік круглы», які вынеслі на ганак дзяўчаты, стане «круглым сталом», а «глыбокія кругі на свежым пні» ператвораць яго ў «пласцінку патэфонную».

Як тут не згадаць палатно Рэнэ Магрыта, на якім была выяўлена люлька, а пад ёй надпіс: «Гэта не люлька». Думаю, Аляксей Пысін цудоўна паразумеўся б з гэтым слаўным сюррэалістам, а Магрыт са сваімі сябрамі палюбілі б творчасць беларускага паэта, асабліва пасля таго, як прачыталі б два яго шэдэўры, паэмкі для дзяцей «Кавылёк» і «Казерог».

У абодвух творах дзеянне адбываецца падчас Другой сусветнай вайны. Але так, як Пысін, ніхто з беларускіх пісьменнікаў яе не закранаў.

Тут адразу трэба адзначыць цікавую асаблівасць яго творчасці: калі паэт гаворыць пра нейкія жахлівы з’явы, заўсёды пазбягае іх натуралістычнага апісання. Нават калі перад намі эпізоды землятрусу ў Ташкенце (паэма «Дзяўчынка Мірыям»), ахвярамі становяцца выключна самыя розныя прадметы, якія ад свайго пакутлівага болю ажываюць і галосяць: «...Доктар, дарагі, / Паглядзіце вы на ляльку — / Засталася без нагі. — / Стол пачуў, сцярпець не мог: / — Нават дзвюх не маю ног. — Стогнуць крэслы: — Мы калекі, / Тэрмінова дайце лекі!». У «Кавыльку» з «Казерогам» няма нават такіх лялечна-брутальных момантаў.

Франтавік Пысін, які прайшоў усю вайну, першы сярод нашых літаратараў паказаў яе з нечакана-сюррэалістычнага боку.

Сюжэт «Кавылька» здзіўляе сваёй амаль гратэскнай зухаватасцю. Стары башкір (які ў 1920-я быў чапаеўскім героем!) прыводзіць на пачатку вайны ў беларускае (!) войска вярблюда, каб той паслужыў з такой жа адданасцю, як і яго гаспадар калісьці легендарнаму Чапаю. Але Кавылёк (так назвалі вярблюда) у адным з баёў выпадкова сеў на вожыка і, напалохаўшыся, перабег да немцаў. Неўзабаве, зразумеўшы, наколькі яны жорсткія і бяздушныя, вярнуўся назад да сваіх, прыцягнуўшы з сабой нямецкую кухню і кухара. А напрыканцы вайны (і тут самае цікавае): «Ехаў маршал Ракасоўскі / Па дарозе франтавой / Міма спаленае вёскі, / Дзе заціх нядаўна бой. /.../» Заўважыўшы вярблюда, які «шагаў на маршы, / Перамешваў снег і бруд», маршал ад здзіўлення ледзьве не выпаў з трафейнага джыпа: «Скуль узяўся тут вярблюд?» Калі камандзір яму расказаў гісторыю Кавылька, то Ракасоўскі імгненна павесялеў: «— Дзякую, вярблюд, за службу, / За адвагу і за дружбу. / Ну, ваюй, ваюй, вярблюд, / Хутка Гітлеру капут!»

У вобразе вонкава абыякавага і бясконца цярплівага Кавылька, які ніколі не лезе пад кулі і стараецца быць, дзе цішэй, угадваецца звычайны салдат, для якога галоўнае — выжыць, а не застацца кніжным героем. Па сутнасці, Пысін адзін з першых у нашай літаратуры вывеў у падобнай метафарычнай форме такі праўдзівы тып. І цэнзура гэта прапусціла, не ўбачыўшы крамольнага падтэксту.

Паэма «Казерог» не меней дзівосная паводле сваёй балетнай фантазійнасці. Партызаны бачаць незвычайную карцінку: падняты шлагбаум, а на самым версе ў зорным небе вісіць, прывязаны за рогі (вядома, немцамі), казёл. Народныя мсціўцы вызваляюць бедную жывёліну, і Казерог (мянушка галоўнага героя) актыўна далучаецца да «рэйкавай» вайны. Ён падкрадаецца да вартаўнікоў, нападае на іх, умела ўхіляецца ад куляў, усімі сіламі адцягвае на сябе ўвагу немцаў, а ў гэты час — ба-бах! І чарговы эшалон падбіты. У адрозненне ад апатычнага Кавылька, гэты персанаж больш дзейсны. У канцы паэмы, калі вайна падыходзіць да свайго фіналу, па законах драматургіі Казерог сустракае... Кавылька і пачынае яго задзіраць: «Казёл вярблюду: / — Зможаш так? — / І скокнуў стрымгалоў на танк». Невядома, як бы на гэта адрэагаваў Кавылёк, але ў гэты момант з’явіўся яго стары прыяцель: «Тут, / Каля танка баявога, / Спыніўся маршал Ракасоўскі / І Кавылька і Казярога / Вітаў з усмешкаю / Па-свойску».

Дзве гэтыя паэмы, вельмі кінематаграфічныя, утвараюць своеасаблівую дылогію і яшчэ чакаюць свайго беларускага Луіса Бюнуэля альбо Яна Шванкмаера, якія б увасобілі іх на экране.

Калі чытаеш «Кавылька» і «Казярога», то захапляешся вельмі смелай для таго часу думкай паэта-франтавіка: страшная акопная праўда мусіць застацца ў акопе і ні ў якім разе не павінна пераходзіць у прастору паэзіі, дзе пануе вясёлы парадокс, незвычайная фантазія, нечаканыя карнавальныя кантрасты.

Калі Аляксей Пысін складаў вершы для дзяцей, то стараўся ўцячы ад таго пачуцця трывогі, якім была прасякнута яго «дарослая» лірыка. Тут ён дазваляў сабе поўную свабоду і часам сам ператвараўся ў вясёлага хлопчыка, які любіць дражніцца: «Карусель, / Карусель, / Хто баіцца — той кісель».

Свет дзяцінства, хаця б на час, яго супакойваў. Скептычны да сваіх твораў, як і ўвогуле да таго, што застанецца значнага ў нашай літаратуры, а што — не, ён склаў такі дзівосны верш:

Латошыць грушу дзетвара!

Ўсяго ў тым груша вінавата,

Што ёсць ігруш на ёй багата,

Але няма гаспадара.

Не кожнаму цяпер вядома:

Сялібу ўзвёў паэт стары,

Быў дом, садочак каля дома,

Сабака, што баяўся грому

З тае ваеннае пары.

Забытыя паэмы, вершы

Чытач гартае ўсё радзей.

На дворышчы былым, на ўзмежжы

Старая груша — твор найлепшы —

Цвіце і радуе дзяцей...

Можа, і сапраўды паэзія — нішто ў параўнанні з такім цудоўным дрэвам? Альбо паэзія — гэта любая рэч, што выклікае ў дзяцей радасць?

Мы не павінны забывацца таго, пра што казаў нам духоўны сябар Рэнэ Магрыта Аляксей Пысін: рэальнасць падманлівая, прадметы не з’яўляюцца тым, чым ёсць. Хто ведае, можа, у наступнае імгненне гэтая ігруша ператворыцца ў вялікую, прыгожую пчалу (памятаеце, паэт чакаў прылёту пчол, а замест іх з’явіліся восы)? На шырокіх крылах гэтай пчалы з’явяцца незвычайныя літары-ўзоры, яны складуцца ў новую, чароўную паэму, якая адгоніць ад паэта смутнагляднае адчуванне нечага незваротна-ліхога і паселіць у яго сэрцы даўно чаканую радасць.

Васіль ДРАНЬКО-МАЙСЮК

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.