Вы тут

Чаму ў Жодзіне высякаюць дрэвы


Гэтай вясновай парой Жодзіна нагадвае сапраўдны мурашнік. Туды-сюды снуюць машыны з будаўнічымі матэрыяламі, асфальтуюцца вуліцы, выкладваюцца пліткай тратуары, парадкуюцца дваровыя тэрыторыі. Значныя змены закранулі і гарадскі парк. Тут з'явіцца шмат новых зон, аб'ектаў для адпачынку, заняткаў фізкультурай і спортам. Вядома, такія маштабныя работы ствараюць і нязручнасці для жыхароў, хоць большасць з іх ставіцца з разуменнем да часовых цяжкасцяў: наперадзе юбілей Жодзіна, які сёлета прымеркаваны да Дня вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. А свята, як правіла, сустракаюць належным чынам.


Але ёсць і незадаволеныя. У рэдакцыю звярнулася жыхарка горада Галіна Мілько. «Не магу маўчаць, хочацца паведаміць усяму свету пра, як мне здаецца, дзікунства, што робіцца ў нашым горадзе, — піша ў сваім лісце жанчына. — У Год малой радзімы ў Жодзіне аб'явілі сапраўдную вайну дрэвам. Цяжка палічыць, колькі за апошні год загінула зялёных прыгажуноў. Вуліца Маскоўская — уся прыдарожная шарэнга, вуліца 40 Год Кастрычніка — ліпы ўздоўж агароджы каля «БелАЗа». На праспекце Міру для таго каб зрабіць алею ліхтароў, зноў пілавалі ліпы. На тэрыторыі санаторнага дзіцячага садка № 22 па вуліцы 50 Год Кастрычніка загубілі каля 20 маладых здаровых ліп».

Мы папрасілі растлумачыць сітуацыю намесніка старшыні Жодзінскага гарвыканкама па жыллёва-камунальнай гаспадарцы Аляксандра Шыла:

—Што датычыцца дзіцячай установы, то тут высякаліся так званыя вялікія ветравыя дрэвы, якія пад парывамі ветру раскачваліся і хісталіся. І нават калі яны не аварыйныя, то пры моцных парывах ствараюць небяспеку для людзей, бо могуць упасці. Месца там прахадное, як транзітны калідор, ходзяць дзеці, рабочыя аўтамабільнага завода. Таму ўсе крайнія дрэвы прыбіраліся. Але перш чым іх зрэзаць, мы правялі адпаведную работу сумесна з прадстаўнікамі гарадскога аддзела Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, узгаднілі пытанне з экалагічнай службай, стварылі спецыяльную камісію. І толькі затым было прынята рашэнне гарвыканкама.

Акрамя таго, як адзначыў Аляксандр Шыла, дрэвы высякаюцца ў межах капітальнага рамонту або па ўзгадненні з адпаведнымі службамі там, дзе патрабуецца павелічэнне колькасці парковачных месцаў для транспарту. Пры распрацоўцы праектна-каштарыснай дакументацыі гэтыя дрэвы абавязкова ўказваюцца ў дакуменце. Разам з тым прадугледжваюцца кампенсацыйныя пасадкі, замест аднаго дрэва будзе пасаджана некалькі. «Таму ні адно дрэва беспадстаўна не высякаецца, кожнае адзначана ў праекце. І ніякіх лішніх рухаў па высечцы мы не робім», — сцвярджае спецыяліст.

Перад тым як прыступаць да справы, канстатуе ён, улады збіраюць людзей, каб выслухаць іх меркаванне. У прыватнасці пры капітальным рамонце былі звароты грамадзян па ўладкаванні пляцоўкі для смецця, адходаў, устаноўцы кантэйнераў. «Але заадно мы закранулі і тэму высечкі дрэў. Са згоды жыхароў выдалілі чатыры для пашырэння дарогі, на якой не маглі размінуцца дзве машыны. Праблема яшчэ ў тым, што часам пры ўпарадкаванні дарог у дрэва закранаюцца карэнні, і праз год-другі яно гіне. Мы ўжо сутыкаліся з такой практыкай. Напрыклад, па тым баку вуліцы, дзе аўтастаянка, не планавалася кранаць зялёныя насаджэнні, — абклалі іх пліткай. Але праз паўгода яны высахлі», — паказвае Аляксандр Шыла.

Не ўсе ставяцца з разуменнем да сітуацыі. Людзі пажылога ўзросту, якія калісьці пасадзілі гэтае дрэва, супраць таго, каб яго высякалі. Маладыя лічаць інакш: пляцоўкі трэба расшыраць, паколькі даводзіцца ставіць машыны на газонах, паміж дрэвамі, што небяспечна падчас буры, навальніцы. Праблема машына-месцаў становіцца ўсё больш актуальнай і канфліктнай: каму ж прыемна бачыць пад вокнамі кватэры на газоне суседскае аўто? Тым не менш тыя, хто паркуецца на зялёнай траве, разводзяць рукамі: а куды дзявацца.

—Таму мы імкнёмся тлумачыць сітуацыю, знаходзіць агульную мову як з праціўнікамі высечкі зялёных насаджэнняў, так і з яе прыхільнікамі. Калі адбываецца капітальны рамонт, сустракаемся з жыхарамі літаральна кожнага дома, — кажа спецыяліст.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Прыгажосць патрабуе ахвяр

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.