Вы тут

Аляксандр Папкоў: У аснове — клопат пра людзей


Звяртаючыся нядаўна да парламента і беларускага народа, Прэзідэнт даручыў вывучыць магчымасць павышэння ролі мясцовых Саветаў дэпутатаў у вырашэнні пытанняў сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў. Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу актыўна ўключыўся ў гэтую работу. Пра тое, якія крокі ўжо зроблены ў названым кірунку, «МС» папрасіла расказаць старшыню Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Аляксандра ПАПКОВА.


У аснове — клопат пра людзей

— У першую чаргу хацеў бы адзначыць стратэгічную накіраванасць паслання кіраўніка дзяржавы. Па сутнасці, гэта праграмны дакумент на перспектыву, у якім дакладна пазначаны шляхі далейшага сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі. Прэзідэнт Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка вызначыў галоўны кірунак — павышэнне ўзроўню жыцця насельніцтва. З гэтай мэтай неабходна забяспечыць апераджальны ў параўнанні з сусветным эканамічны рост нашай краіны. Трэба будзе да канца наступнай пяцігодкі дасягнуць узроўню ВУП не менш за 100 мільярдаў долараў. Задача няпростая, для яе вырашэння неабходна максімальна задзейнічаць усе інтэлектуальныя і эканамічныя рэсурсы рэспублікі, у тым ліку і патэнцыял мясцовых Саветаў.

Кіраўнік дзяржавы неаднаразова падкрэсліваў, што ў аснове дзейнасці ўсіх органаў улады павінен быць клопат пра людзей. У гэтым сутнасць рэгіянальнай палітыкі, якая праводзіцца кіраўніцтвам нашай краіны.

Прэзідыум Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі зацвердзіў план дзеянняў па выкананні даручэнняў Прэзідэнта ў 2018 годзе. У адпаведнасці з ім створана маніторынгавая група для атрымання аб'ектыўнай і ўсебаковай інфармацыі пра ход вырашэння праблемных пытанняў сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў і выпрацоўкі прапаноў па іх вырашэнні. У тым ліку ўсебакова вывучаецца пытанне пра павышэнне ролі мясцовых Саветаў дэпутатаў у жыцці грамадства.

Сёлета ў лютым адбылася значная агульнадзяржаўная палітычная падзея — выбары ў мясцовыя Саветы. Дэпутатамі абрана больш за 18 тысяч чалавек. Гэта сур'ёзны рэсурс, які павінен быць выкарыстаны для вырашэння актуальных пытанняў развіцця рэгіёнаў і краіны ў цэлым. Для ўдасканалення падыходаў да сумеснай работы дэпутацкага корпуса і выканаўчай улады пачынаючы з красавіка тры пасяджэнні запар Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі плануем прысвяціць павышэнню ролі органаў мясцовага самакіравання ў вырашэнні пытанняў устойлівага развіцця рэгіёнаў. На аснове вывучэння вопыту работы мясцовых Саветаў дэпутатаў, аналізу існуючых праблем і магчымасцяў іх вырашэння плануем выпрацаваць прапановы па ўдасканаленні дзейнасці мясцовых органаў улады ў павышэнні эканамічнага патэнцыялу рэгіёнаў, стварэнні спрыяльных умоў для развіцця прадпрымальніцкага асяроддзя, забеспячэнні занятасці насельніцтва.

Павысіць эфектыўнасць, знізіць датацыйнасць

— На пасяджэнні Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання, якое ўжо адбылося ў Слаўгарадзе, абмяркоўваліся праблемы раёнаў, пацярпелых ад чарнобыльскай катастрофы. Якія рашэнні прынятыя па выніках абмеркавання ўсіх набалелых праблем гэтага рэгіёна?

— Выязное пасяджэнне Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання прайшло ў Слаўгарадзе 26 красавіка, у дзень 32-й гадавіны катастрофы на Чарнобыльскай станцыі.

Гэты раён адзін з найбольш пацярпелых ад радыеактыўнага забруджвання. Праблемы людзей, якія пражываюць на гэтай тэрыторыі, характэрныя для большасці раёнаў Гомельскай і Магілёўскай абласцей, пашкоджаных радыяцыяй. Таму тут патрабуецца больш актыўна праводзіць мерапрыемствы, накіраваныя на атрыманне чыстай прадукцыі і прадуктаў харчавання, паляпшэнне санітарнага стану населеных пунктаў, якія рэабілітуюцца, і пахаванне непрыгодных для далейшага выкарыстання аб'ектаў у зоне адсялення.

Неабходна прадоўжыць работы па мадэрнізацыі ўстаноў аховы здароўя, адукацыі, культуры, бытавога і камунальнага абслугоўвання. Удзяліць увагу аздараўленню дзяцей. Усе гэтыя мерапрыемствы патрабуюць адпаведнага фінансавання.

На жаль, па выніках І квартала гэтага года бюджэты Гомельскай і Магілёўскай абласцей выкананыя з дэфіцытам, узровень даходаў не дазваляе вырашыць усе назапашаныя праблемы, нават з улікам прадугледжаных заканадаўствам ільгот для пацярпелых тэрыторый. Таму мясцовым органам улады неабходна шукаць магчымасці зніжэння датацыйнасці раённых і абласных бюджэтаў шляхам павышэння эфектыўнасці эканомікі — стварэння новых працоўных месцаў і прадпрыемстваў, росту прадукцыйнасці працы, павелічэння прыбытковасці фінансава-гаспадарчай дзейнасці, рацыянальнага выкарыстання маёмасці, якая знаходзіцца ў камунальнай уласнасці. У гэтай рабоце павінен быць актыўна задзейнічаны ўвесь патэнцыял выканаўчых і прадстаўнічых органаў улады.

Саветам дэпутатаў і выканаўчым камітэтам усіх тэрытарыяльных узроўняў рэкамендавана забяспечыць правядзенне эфектыўнай палітыкі садзейнічання занятасці сельскага насельніцтва на аснове рэалізацыі плана індустрыялізацыі Рэспублікі Беларусь, у тым ліку 1740 інвестыцыйных праектаў, якія змяшчаюцца ў ім. Мясцовым Саветам рэкамендавана на сесіях, пасяджэннях прэзідыумаў Саветаў дэпутатаў рэгулярна разглядаць ход рэалізацыі праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця свайго раёна. У мэтах аказання практычнай дапамогі ўвесці ў практыку замацаванне за праблемнымі прадпрыемствамі дэпутатаў мясцовых Саветаў. Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь рэкамендавана арганізаваць вучобу для новаабраных старшыняў і найбольш актыўных дэпутатаў мясцовых Саветаў. Адпаведныя рэкамендацыі дадзены дэпартаменту па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і Міністэрству па надзвычайных сітуацыях.

Падагульняючы сказанае, хачу адзначыць, што сёння, як ніколі, на мясцовыя органы ўлады ўскладаецца нялёгкі груз адказнасці за ўстойлівае развіццё рэгіёнаў, эфектыўную работу прадпрыемстваў, інавацыйнае развіццё эканомікі, стварэнне новых працоўных месцаў, забеспячэнне занятасці, павышэнне даходаў насельніцтва. Менавіта таму даны кірунак дзяржаўнай палітыкі знаходзіцца пад пільнай увагай як кіраўніка нашай дзяржавы, так і Савета Рэспублікі.

Сем разоў адмерай

— У апошні час на розных узроўнях, у тым ліку і на ўзроўні дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, усё часцей узнімаецца пытанне пра магчымасць правядзення адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы ў Рэспубліцы Беларусь. Што вы можаце сказаць з гэтай нагоды?

— Гэта пытанне няпростае, і падыходзіць да змены тэрытарыяльнага ўпарадкавання трэба ўзважана і вельмі асцярожна, улічваючы меркаванні людзей. Любая адміністрацыйная рэформа закранае інтарэсы насельніцтва, якое пражывае на гэтай тэрыторыі. Да таго ж гэта яшчэ і вельмі дарагое мерапрыемства, якое патрабуе сур'ёзнага асэнсавання. Неабходна грунтоўна і дэталёва пралічыць наступствы.

У адпаведнасці з планам дзеянняў па рэалізацыі даручэнняў кіраўніка дзяржавы ў Савеце Рэспублікі створана рабочая група па вывучэнні эфектыўнасці адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўпарадкавання Рэспублікі Беларусь і выпрацоўцы прапаноў па яго ўдасканаленні. Будзе сабрана і прааналізавана ўся аналітычная інфармацыя, якая стане асновай прапаноў па павышэнні эфектыўнасці адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўпарадкавання ў нашай краіне. Пры гэтым будуць улічаны ўсе перспектывы развіцця рэгіёнаў, дынаміка колькасці насельніцтва, канцэнтрацыя прадукцыйных сіл, спецыялізацыя гаспадарчага комплексу, прыродныя, дэмаграфічныя і працоўныя рэсурсы, якія ёсць у рэгіёнах. Плануецца, што эканамічна абгрунтаваныя прапановы па гэтым пытанні рабочая група прадставіць у пачатку верасня.

Не адстаць ад часу

— Пастаянная камісія па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, якую вы ўзначальваеце, выступіла з ініцыятывай правядзення маніторынгаў дзейнага заканадаўства. Напрыклад, сёлета праводзіцца маніторынг закона «Аб сялянскай (фермерскай) гаспадарцы». Якіх вынікаў вы чакаеце ад гэтай работы?

— Практыка правядзення маніторынгу дзейнага заканадаўства не новая. Імклівае змяненне жыцця грамадства прыводзіць да неабходнасці ўдасканалення законаў, прынятых некалькі дзесяцігоддзяў таму. Савет Рэспублікі, як заканадаўчы орган, павінен пастаянна трымаць руку на пульсе часу і звяраць актуальнасць заканатворчай дзейнасці. Згаданы закон «Аб сялянскай (фермерскай) гаспадарцы» быў прыняты 18 лютага 1991 года. Папраўкі ў яго ўносіліся ў 2005-м. У такім выглядзе дакумент працуе дагэтуль. Прыйшоў час вывучыць нормы закона з пункту гледжання іх эфектыўнасці для рэалізацыі прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на бягучую пяцігодку. Гаворка ідзе пра павышэнне інвестыцыйнай прывабнасці фермерскіх гаспадарак, павелічэнне экспарту іх прадукцыі, стварэнне працоўных месцаў. Важна прыцягваць у гэтую сферу адукаваную, падрыхтаваную моладзь, якая выкарыстоўвае для працы на зямлі сучасныя тэхналогіі. З улікам гэтага мы і праводзім маніторынг, каб у далейшым унесці ў закон неабходныя папраўкі і стварыць прававыя ўмовы для вырашэння гэтых задач, адкрыць новыя напрамкі для развіцця нашай сельскай вытворчасці. Акрамя таго, праводзячы такую работу, мы імкнемся абагульніць сусветны вопыт, вывучыць меркаванне саміх фермераў.

Падчас пасяджэння Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання ў Слаўгарадзе, абмяркоўваючы праблемы павышэння эфектыўнасці работы над заканадаўствам, прыйшлі да высновы, што перад прыняццем таго ці іншага закона ў парламенце неабходна абмеркаваць яго асноўныя палажэнні на пярвічным узроўні, з удзелам мясцовых Саветаў дэпутатаў. Думаю, што гэтую практыку трэба ўвесці ўжо ў самы бліжэйшы час.

Дэпутаты на месцах таксама павінны ўдзельнічаць у падрыхтоўцы законапраектаў. Зараз праекты законаў накіроўваюцца на разгляд абласным Саветам. Будзе правільна абмяркоўваць важныя дзяржаўныя пытанні і з дэпутатамі гарадскіх і раённых Саветаў.

Падчас выязнога пасяджэння Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання ў Слаўгарадзе.

Толькі аб'ектыўная інфармацыя

— У рабоце дэпутатаў, пачынаючы ад мясцовага і заканчваючы рэспубліканскім узроўнем, вельмі важна своечасова данесці дакладную інфармацыю да выбаршчыкаў, абмеркаваць з насельніцтвам набалелыя праблемы, у тым ліку і на старонках друкаваных выданняў. Якую ролю ў гэтай рабоце вы адводзіце сродкам масавай інфармацыі?

— Работа дэпутатаў мясцовых Саветаў першапачаткова павінна будавацца на аснове цеснага супрацоўніцтва з раённымі, абласнымі і рэспубліканскімі сродкамі масавай інфармацыі. А ваша выданне — дадатак да газеты «Звязда» «Мясцовае самакіраванне» — павінна стаць галоўным друкаваным органам у асвятленні дзейнасці органаў мясцовага самакіравання, работы дэпутатаў усіх узроўняў. «Мясцовае самакіраванне» першапачаткова выдавалася як тэматычная ўкладка для выбаршчыкаў і дэпутатаў мясцовых Саветаў. За невялікі прамежак часу газета стала самастойным 16-палосным выданнем і набыла папулярнасць у чытачоў з усіх рэгіёнаў краіны.

Пра гэта гаварылася і на апошнім пасяджэнні Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання ў Слаўгарадзе. У ліку першачарговых задач была адзначана неабходнасць павышэння якасці інфармацыйнага забеспячэння работы мясцовых органаў улады ў сродках масавай інфармацыі. У выніковым дакуменце пасяджэння Савета прапанавана рэгулярна на старонках газеты «Звязда» і дадатку «Мясцовае самакіраванне» абагульняць і распаўсюджваць перадавы вопыт па сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёнаў, а таксама пастаянна асвятляць дзейнасць дэпутатаў мясцовых Саветаў, іх работу з насельніцтвам, ступень удзелу ў важных падзеях свайго рэгіёна. У сваю чаргу і дэпутатам мясцовых Саветаў у мэтах аператыўнага азнаямлення з работай мясцовых органаў улады і дэпутацкага корпуса, а таксама атрымання інфармацыі аб праектах законаў, якія разглядаюцца ў парламенце, прапанавана прыняць актыўны ўдзел у арганізацыі падпіскі на дадатак да газеты «Звязда» «Мясцовае самакіраванне». Таму перад творчым калектывам выдання стаіць вельмі адказная і няпростая задача — заваяваць у насельніцтва Беларусі аўтарытэт аб'ектыўнай крыніцы атрымання інфармацыі і фарміравання грамадскай думкі па ўсіх пытаннях дзяржаўнай палітыкі.

У цэлым хачу настроіць нановаабраны дэпутацкі корпус пярвічнага ўзроўню на сур'ёзную і канструктыўную работу. Час адміністрацыйнага кіравання прайшоў. Трэба ствараць умовы ў сваіх акругах для самастойнага папаўнення бюджэтаў — знайсці пункты эканамічнага росту на мясцовым узроўні. Наладзіць дакладную работу прадпрыемстваў, якія ўжо ёсць, і падумаць аб адкрыцці перспектыўных вытворчасцяў, звярнуць увагу на спецыялізацыю рэгіёнаў. Кожны рэгіён павінен вызначыцца з прыярытэтамі свайго развіцця, мець выразны і вывераны план дзеянняў на найбліжэйшую і сярэднетэрміновую перспектыву. Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця павінна быць выканана. І мясцовым Саветам дэпутатаў трэба ў гэтай рабоце быць інтэгратарамі. Я нават сказаў бы, што гэта праверка нас на трываласць. Толькі аб'яднаўшы намаганні ўсіх галін улады, грамадскіх арганізацый і насельніцтва, можна дасягнуць тых вынікаў, пра якія казаў кіраўнік дзяржавы.

Наталля БІТЭЛЬ

Загаловак у газеце: Праверка на трываласць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».