Вы тут

Як жыве першы камітэт тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання


Цяперашні кіраўнік «Надзеі», настаўніца гімназіі № 1 Кацярына Кухарчык кажа, што гэта і ёсць прыклад нефармальнага аб'яднання грамадзян мікрараёна для ажыццяўлення самакіравання. Агульная справа не толькі яднае людзей — яна здольная мяняць светапогляд, стаўленне да сябе, суседзяў, да агульнай маёмасці. Як вынік, у гэтым раёне горада фіксуецца значна меншы ўзровень злачыннасці. Тут не ўскрываюць, не ламаюць машыны, не псуюць лаўкі і дзіцячыя пляцоўкі. Тое, што зроблена агульнымі намаганнямі, зберагаецца таксама грамадой. І гэта далёка не ўсе плюсы «Надзеі».


Ка­ця­ры­на Кухарчык.

Пачатак

Варта нагадаць, што добрая справа ва ўсходнім мікрараёне Баранавіч, дакладней, на вуліцы Паркавай, пачалася ў 2003-м. Так што сёлета камітэт можа адзначаць 15-годдзе. Гэта да слова. Тагачасны дэпутат гарадскога Савета Анатоль Банкевіч прапанаваў аб'яднаць намаганні жыльцоў 15 кааператыўных дамоў па вуліцы Паркавай па добраўпарадкаванні і падтрыманні парадку на прыдамавых тэрыторыях.

Гаворка ішла пра тры тысячы жыхароў. Былі праведзены сходы грамадзян, людзям падрабязна і цярпліва тлумачылі перавагі такога аб'яднання, пераконвалі ў неабходнасці ўдзелу кожнага ў добрай справе. Ініцыятыву падтрымалі ЖЭС № 5 і гарадскі Савет дэпутатаў, пры іх арганізацыйным удзеле быў створаны камітэт «Надзея». Пачаліся суботнікі, людзі адарваліся ад канап, выйшлі з дамоў і многае зрабілі сваімі рукамі. Калі ж агульная справа атрымала арганізацыйнае ўвасабленне, з'явілася магчымасць атрымаць і гранты, у тым ліку замежныя, па лініі фінансавання Сусветнага банка. За еўрапейскія грошы, а таксама за сродкі, выдзеленыя з гарадскога бюджэту, сабраныя грамадзянамі, карэнным чынам палепшылі асвятленне двароў, пабудавалі і абсталявалі дзіцячыя пляцоўкі, многае зрабілі па добраўпарадкаванні. Быў адкрыты рахунак у банку, на якім акумуляваліся ўсе сродкі з самых розных крыніц і з якога аплачвалі работы.

Такім чынам былі ўстаноўлены вулічныя ліхтары, выкананы работы па добраўпарадкаванні  18 дваровых тэрыторый. Апошняе мае на ўвазе ўзвядзенне дзіцячых і спартыўных пляцовак, альтанак. Таксама былі зроблены пляцоўкі для збору бытавых адходаў, адрамантаваны лавачкі для адпачынку, фасады дамоў і дахі.

Прыклад

Кацярына Кухарчык успамінае, што ў першыя гады функцыянавання камітэта яна жыла ў адным з суседніх дамоў і, паколькі знаходзілася ў дэкрэтным водпуску, амаль што з акна дома назірала, як пераўтвараецца тэрыторыя насупраць. Людзі выходзілі ўвечары і дапамагалі будаўнікам, спецыялістам, арганізоўвалі масавыя суботнікі. А каля пад'ездаў шчыравалі пенсіянеры, якія разбівалі клумбы, высаджвалі кветкі, даглядалі іх. І на вачах усё мянялася, прыгажэла.

— А калі ўзвялі першую сучасную дзіцячую пляцоўку, — расказвае Кацярына Вікенцьеўна, — вечарамі амаль што чарга выстройвалася з дзяцей — усім хацелася там пагуляць, пакатацца. Само жыццё запатрабавала пашыраць добрую справу, далучаць да камітэта жыхароў іншых дамоў.

Так і выйшла. Паступова ў камітэт «Надзея» ўвайшлі не толькі кааператыўныя дамы, да іх далучыліся і жэсаўскія. Удасканальваліся не толькі формы работы з жыльцамі, але і арганізацыйныя моманты. Напрыклад, у 2010 годзе пасля прыняцця Закона «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь» на сходзе 23 упаўнаважаных быў абраны новы склад камітэта «Надзея». І ў яго ўжо ўвайшлі прадстаўнікі дамоў, якія абслугоўваюцца ЖЭС-5. Зараз камітэт аб'ядноўвае 25 дамоў з колькасцю насельніцтва каля пяці тысяч чалавек. Зарэгістраваная новая рэдакцыя статута «Надзеі».

Супрацоўніцтва

Вельмі многае дае камітэту міжнароднае супрацоўніцтва, і не толькі у фінансавым плане, што несумненна, самае важнае. Пра сродкі грантаў ужо гаварылася. Але Шведская асацыяцыя камун і ландсцінгаў — SKL Іnternatіonal дапамагала не толькі грашыма, яна наладзіла шэраг семінараў па развіцці мясцовага самакіравання. Прадстаўнікі «Надзеі» маглі выехаць і паглядзець замежны вопыт. Работу падобных камітэтаў яны вывучалі ў Польшчы, Літве, Украіне. У кожнай краіне ёсць свая разыначка, свае асаблівасці, але многае ўдалося прымяніць у сябе. І ўжо актывісты «Надзеі» прымалі потым дэпутатаў з Ляхавіцкага, Ганцавіцкага, іншых раёнаў, якія імкнуліся вывучыць вопыт, каб нешта падобнае зрабіць на сваіх тэрыторыях.

Энтузіязм

— Нам многія казалі, маўляў, не надоўга хопіць вашага энтузіязму, — гаворыць старшыня камітэта. — Але жыццё паказвае, што гэта не так, да добрага таксама хутка прывыкаеш. Вось зараз у нас няма ніякага фінансавання і, можна сказаць, мы працуем на энтузіязме.

Але ж з самага пачатку агаворвалася, што грошы даюцца на стварэнне таго ці іншага аб'екта, скажам, дзіцячай пляцоўкі. А падтрымліваць яго ў належным стане — гэта ўжо справа жыльцоў. Так яно і ёсць. Людзям не трэба напамінаць, яны самі глядзяць за парадкам, самі зробяць заўвагу, калі хто паводзіць сябе не так, як трэба. У кожным доме, у кожным кааператыве ёсць свае актывісты, таксама практычна кожны пад'езд мае аматараў кветак — яны з вясны даглядаюць кветнікі, высаджваюць новыя расліны. Адразу, каб зрабіць клумбы, патрэбна была тэхнічная дапамога, тады звярталіся ў ЖЭС. Камунальнікі прывозілі зямлю. Далейшае — справа жыльцоў.

І яшчэ: адна прыгажосць параджае іншую. Пры стварэнні і прыняцці статута камітэт «Надзея» заяўляў сябе як фарміраванне па добраўпарадкаванні агульных тэрыторый. Папрыгажэла на вуліцы — захацелася палепшыць выгляд дома. Зразумела, што пад'езды сталі клопатам саміх жыльцоў. Апошнім часам вельмі многія дамы літаральна перамяніліся. Людзі сабралі грошы, зрабілі рамонт, многія пад'езды выглядаюць сапраўды светлымі, прыгожымі, нават крэатыўнымі.

Агульная справа аб'ядноўвае па словах Кацярыны Кухарчык.

— Нашы жыльцы сталі больш камунікаваць паміж сабой. На суботнікі выходзяць разам з дзецьмі. Падлеткі, якія самі фарбавалі, рамантавалі лаўкі, не будуць іх ламаць альбо псаваць. Ды і пільныя бабулькі напагатове, калі што. З агульнай справай, у якую ўсё больш і больш людзей уцягваецца, мяняецца сам менталітэт жыхароў. Паяўляецца нават гонар за тое, што жывеш у прыгожым, цывілізаваным асяродку. Нездарма ж праваахоўнікі адзначаюць, што ў нас крымінагенная сітуацыя лепшая, чым у іншых раёнах горада.

Развіццё

Цяпер «Надзея» падышла да таго, каб пашыраць сваю дзейнасць, выйсці на новыя формы работы. Раней людзі былі больш засяроджаны на добраўпарадкаванні. Цяпер асноўнае зроблена, варта толькі падтрымліваць, удасканальваць. Камітэт ужо разглядае магчымасці дапамогі маламаёмасным, шэфства над пенсіянерамі ў арганізацыі іх вольнага часу. Спроба стварэння клуба для пенсіянераў ужо ёсць. Цяпер варта звярнуць асаблівую ўвагу на тых, хто пражывае адзінока. Ёсць задумка прыцягнуць да работы маладых валанцёраў — недалёка размяшчаюцца карпусы Баранавіцкага ўніверсітэта. Спачатку кіраўнікі «Надзеі» замахваліся стварыць нешта накшталт цэнтра вольнага часу. Але ж зразумелі, што асобны будынак запатрабуе надта многа сродкаў. Таму рашылі выкарыстаць тую базу, якая ёсць, з дапамогай актывістаў-энтузіястаў. Такіх, на шчасце, нямала. Скажам, Рыме Андрэеўне Івашчанцы за восемдзесят, гэта чалавек надзвычай актыўнай жыццёвай пазіцыі. І яна не адна такая. Збірацца, праводзіць сходы, іншыя мерапрыемствы ім дазваляюць у памяшканні ЖЭСа і гімназіі № 1. А планаў па развіцці ў «Надзеі» шмат.


Рыгор КАСАБУЦКІ, старшыня Баранавіцкага гарадскога Савета дэпутатаў:

— Па прыкладзе «Надзеі» ў Баранавічах былі створаны камітэты тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання «Вясёлкавы», «Сонечны», «Дамавяты», «Гай-2016», а таксама камітэт у аграгарадку Жамчужны Баранавіцкага раёна. Актывісты «Надзеі» дапамагаюць ім парадай і кансультацыяй. І новы склад гарадскога Савета, абраны сёлета, мае намер падтрымліваць грамадскія фарміраванні, развіваць іх. Такую ж пазіцыю займае і гарадскі выканаўчы камітэт.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Баранавічы

Загаловак у газеце: Не маё, а наша

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.