Вы тут

У Гродне прайшоў маштабны форум па пытаннях мясцовага самакіравання


Тэмай для шырокага абмеркавання на семінары стала павышэнне эфектыўнасці дзейнасці дэпутатаў мясцовых Саветаў як найважнейшага фактару развіцця рэгіёна. Яго кіраўнікі шукалі адказы на пытанні, якія метады больш прыдатныя сёння ў рабоце з насельніцтвам, якія найлепшыя формы зваротнай сувязі існуюць на практыцы і як народным абраннікам будаваць работу ў сваёй акрузе.


На абласным семінары прысутнічалі дэпутаты ўсіх узроўняў, намеснікі старшынь гар- і райвыканкамаў, ідэалагічны актыў Гродзеншчыны. У рабоце форуму прынялі ўдзел намеснік Главы Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Жаўняк, памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці Сяргей Раўнейка, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Ала Сопікава.

Адкрываючы пасяджэнне, старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Ігар ЖУК падкрэсліў, што мясцовыя Саветы пасля выбараў, якія прайшлі сёлета, значна змянілі свой склад: у рэгіёне дэпутацкі корпус абнавіўся амаль на 43 %. Так, з 2389 народных абраннікаў упершыню атрымалі такі статус 1022 дэпутаты. Па кірунках дзейнасці без малога 27 % — прадстаўнікі сфер адукацыі, культуры, навукі, медыцыны, амаль столькі ж — сельскай гаспадаркі. Дарэчы, у 28-м скліканні 10 % дэпутацкага корпусу прадстаўляюць інтарэсы малога і сярэдняга бізнесу, займаюцца прадпрымальніцтвам.

— Сярод дэпутатаў дастаткова вядомых, таленавітых, паважаных кіраўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў. Іх найбагацейшы прафесійны і жыццёвы вопыт складае вялікі патэнцыял мясцовых Саветаў, — падкрэсліў Ігар Жук. — І гэты патэнцыял павінен быць максімальна задзейнічаны пры вырашэнні праблемных пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва і для выканання прыярытэтных задач, вызначаных V Усебеларускім народным сходам і пастаўленых Прэзідэнтам краіны Аляксандрам Лукашэнкам у штогадовым Пасланні да беларускага народа.

Працягваючы тэму, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір ЖАЎНЯК падкрэсліў, што ў адным з выступленняў кіраўнік краіны канкрэтна вызначыў прыярытэты ў дзейнасці дэпутатаў мясцовых Саветаў: дапамагчы канкрэтнаму чалавеку, прыняць зацікаўлены ўдзел у яго жыцці, падтрымаць. У гэтым — прызначэнне дэпутата. Тое ж самае датычыцца і ідэалагічных работнікаў.

— Залог поспеху залежыць ад жыццёвага досведу і аўтарытэту. Важна, каб людзі ведалі вас у твар, сустракаліся з вамі і выказвалі тое, што іх хвалюе, — скіраваў увагу ўдзельнікаў семінара Уладзімір Жаўняк.

Дырэктар Інстытута сацыялогіі Рэспублікі Беларусь, прафесар Ігар КАТЛЯРОЎ упэўнены, што мясцовае самакіраванне — адна з асноў у развіцці беларускай дзяржавы.

Па выніках даследаванняў існуючага складу народных абраннікаў можна казаць, што яны маюць усе падставы для эфектыўнай працы. Больш за тое, Гродзеншчына знаходзіцца на першым месцы сярод рэгіёнаў па такім асноўным паказчыку, як пазнавальнасць.

— Трэба часцей праводзіць сустрэчы з насельніцтвам, ісці туды, дзе чакаюць: тэлевізар ці камп'ютар не ў стане замяніць жывую гаворку з дэпутатам. Там, на месцах, маюць патрэбу ў сумленнай размове, — падкрэсліў Ігар Катляроў.

Таксама ён расказаў і аб фактарах, якія перашкаджаюць эфектыўнай рабоце дэпутата: напрыклад, нізкім уліку грамадскай думкі пры прыняцці рашэнняў, і параіў сістэматычна вывучаць меркаванне людзей па актуальных пытаннях, а таксама задзейнічаць у рабоце Саветаў прадстаўнікоў розных груп насельніцтва.

На думку начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Аляксандра ВЯРСОЦКАГА, вылучэнне найлепшых таксама скіравана на стымуляванне актыўнасці дэпутатаў. Для гэтага на Гродзеншчыне распрацавалі крытэрыі эфектыўнасці дзейнасці народных абраннікаў. У ліку іх такія паказчыкі, як колькасць праведзеных сустрэч з насельніцтвам, колькасць зваротаў і прынятых па іх рашэнняў і гэтак далей.

Ідэю растлумачыў Ігар Жук, які падкрэсліў, што ў сваёй штодзённай дзейнасці дэпутатамі шмат чаго робіцца, але з цягам часу нідзе не адлюстроўваецца. Новы падыход дазволіць падсумаваць вынікі працы дэпутатаў мясцовых Саветаў і адзначыць найлепшых.

Між іншым, трэба больш інфармаваць аб сваёй дзейнасці, карыстаючыся і сучаснымі тэхналогіямі, бо, як паказваюць даследаванні, 85 % беларускіх карыстальнікаў інтэрнэту маюць стасункі праз сацыяльныя платформы. Інтэрнэт-прастора сёння дазваляе трымаць справаздачу перед сваімі выбаршчыкамі амаль што ў рэжыме анлайн.

На думку памочніка Прэзідэнта Беларусі — інспектара па Гродзенскай вобласці Сяргея РАЎНЕЙКІ, адзін з асноўных крытэрыяў эфектыўнай дзейнасці народнага абранніка — наколькі ён цытуемы. І ў гэтым на дапамогу прыходзяць сучасныя сродкі сувязі і камунікацыі.

— Мясцовыя Саветы не маюць уласных сайтаў, дэпутаты практычна не выкарыстоўваюць сацыяльныя сеткі для камунікацыі з выбаршчыкамі, — дадаў старшыня абласнога Савета Ігар Жук. — У той жа час інтэрнет-суполкі валодаюць мабільнасцю, актыўнасцю, публічнасцю. Таму нам, дэпутатам, трэба актыўна ўзаемадзейнічаць, супрацоўнічаць з актывістамі сацыяльных груп, пляцовак. Трэба выкарыстоўваць іх рэсурсы для маніторынгу праблемных пытанняў у сваёй акрузе, інфармавання выбаршчыкаў, сумеснага вырашэння пытанняў, падтрымання грамадскіх канструктыўных ініцыятыў.

Словам, як падкрэсліў выступоўца, работа па прынцыпе «як раней» сёння ўжо нікому не патрэбная.

Дарэчы, аб тым, як трэба «цяпер», многія даведаліся дзякуючы выступленню дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Алы СОПІКАВАЙ. Народная абранніца шмат увагі ўдзяляе інфармаванню выбаршчыкаў аб выніках сваёй працы, таму стварыла персанальны сайт. Яна самастойна яго абнаўляе і займаецца адміністраваннем, там можна знайсці гадавыя справаздачы, аб'явы, віншаванні, фотарэпартажы з сумесных праектаў з дэпутатамі мясцовага ўзроўню, правядзення сацыяльна значных акцый і гэтак далей.

Падводзячы вынікі семінара, Уладзімір Жаўняк адзначыў, што на Гродзеншчыне добра наладжана работа са зваротамі грамадзян: «Пытанні вырашаюцца, людзей чуюць, не ўсіх, але чуюць...»

— Сродкі камунікацыі, якія сёння існуюць паміж людзьмі і ўладай, разнастайныя. Калі правільна іх выкарыстоўваць, калі грамадзяне будуць ведаць, як разглядаюцца іх пытанні, якія рашэнні прымае мясцовая ўлада, — гэта будзе сведчыць аб тым, што наша ўлада працуе эфектыўна. Дэпутат мясцовага Савета павінен разумець, што ён бліжэй за іншых прадстаўнікоў улады да чалавека. Ён павінен адчуваць тую ці іншую праблему і імкнуцца яе вырашыць да таго моманту, як яна закране чыйсьці лёс, — падкрэсліў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Толькі лічбы

На Гродзеншчыне абрана 2389 дэпутатаў мясцовых Саветаў усіх узроўняў. Сфарміраваны органы мясцовага самакіравання — абласны Савет (60 дэпутатаў), 18 Саветаў базавага ўзроўню (527) і 157 першаснага ўзроўню (1802). Сярод дэпутатаў мясцовых Саветаў 28-га склікання 65 чалавек (ці 2,7 %) ва ўзросце да 30 гадоў.

Вольга АНУФРЫЕВА

Загаловак у газеце: Чалавек з яго інтарэсамі — у цэнтры ўвагі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».