Вы тут

У Магілёве перавыбралі Савет тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання


Сход Савета мікразоны № 2 уразіў. І той работай, якая была зроблена тутэйшымі актывістамі летась, і стаўленнем да гэтага мерапрыемства прадстаўнікоў мясцовай улады. Выслухаць праблемы насельніцтва завіталі старшыня Магілёўскага гарсавета дэпутатаў Андрэй Кіблоў і кіраўнік адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Магілёва Міхаіл Галушкоў. Ён прыбыў на сустрэчу адразу ж пасля прыёму грамадзян па асабістых пытаннях. А перад гэтым праехаў па дварах і праверыў іх стан.


Пад­час ра­бо­ты схо­ду.

Першыя ў горадзе

У гэтую мікразону можна звяртацца па вопыт работы. Менавіта яна прызнаная найлепшай па выніках спаборніцтва за мінулы год у горадзе. Тут шмат неабыякавых і ініцыятыўных людзей. Мікрараён стары — дарогі, дваровае абсталяванне чакаюць рамонту, а часцей наогул замены, але тут шмат чаго робіцца рукамі саміх жыхароў. Натхняе іх на гэта дырэктар мясцовай школы № 7 Аляксандр Крамачоў, а па сумяшчальніцтве — старшыня Савета тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання па рабоце з насельніцтвам мікразоны № 2. Месяц таму ён пайшоў на «павышэнне» — узначаліў пункт аховы правапарадку № 6. Школа тут — сапраўдны сацыякультурны цэнтр, вакол якога згуртаваліся ўсе: жыхары, арганізацыі, прадпрыемствы, прадпрымальнікі.

Аб актыўнай сумеснай дзейнасці сведчаць шматлікія фота. Вось жыхары робяць клумбы, вось школьнікі прыбіраюць смецце, а вось камунальнікі манціруюць дваровыя «атракцыёны». У Савеце мікразоны можна атрымаць кансультацыю па любых пытаннях, пакінуць заяўку аб праблеме, даведацца, калі ў доме пачнецца капрамонт. Сюды для сустрэч з насельніцтвам запрашаюцца розныя спецыялісты. Тэрыторыя мікразоны вялікая, але тут умеюць падтрымліваць парадак. Прычым самі, не чакаючы, калі прыйдуць камунальнікі і прыбяруць.

— У нас для эфектыўнай работы створаны Савет старшых, у які ўвайшлі старшыні дамавых камітэтаў, старшыя па пад'ездах, найбольш ініцыятыўныя жыхары, — расказвае Аляксандр Крамачоў. — Мы не толькі заахвочваем насельніцтва і распрацоўваем лістоўкі з заклікам прыняць удзел у суботніку або пасадцы дрэў, але і арганізоўваем культурныя мерапрыемствы, уцягваем жыхароў у рэалізацыю сацыяльных праектаў. І вынікі ёсць.

Савет цесна сябруе з валанцёрамі і актывістамі школьнай пярвічкі БРСМ, разам з імі ладзіць дабрачынныя святы і акцыі. Члены Савета разам з ратавальнікамі і міліцыянерамі праводзяць рэйды, займаюцца прафілактыкай няшчасных выпадкаў і надзвычайных сітуацый.

Болевыя кропкі

Старасты, старшыя па пад'ездах, проста ініцыятыўныя людзі прыйшлі на сход, каб разам з кіраўніцтвам падвесці вынікі леташняй работы, а таксама агучыць тое, што набалела. Актывістаў ад грамадскасці хвалюе перш за ўсё пытанне парадку на вуліцах, непрыбранае смецце.

Старшыня Магілёўскага гарсавета Андрэй Кіблоў, які мае вялікі вопыт работы ў сістэме ЖКГ, з веданнем справы супакойвае, што знайсці гаспадара «закінутай» тэрыторыі не праблема, але ж і самі жыхары могуць дапамагчы яе прыбраць.

А вось ушчэнт разбітыя дваровыя дарогі — як з імі быць?

— Двары дамоў № 6а і № 10 па Віцебскім праспекце — наогул жах, там няма нават дзіцячых пляцовак, — бярэ ў рукі ініцыятыву адна з удзельніц. — ЖЭУ нешта зрабіла па мінімуме і ўсё. Звярталіся ў адміністрацыю Кастрычніцкага раёна, але зрухаў ніякіх. Нам паабяцалі дапамагчы, а потым паведамілі, што грошай няма.

Кіраўнік адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Міхаіл Галушкоў згодны з тым, што ў раёне шмат болевых кропак, і на ўсе адначасова сапраўды не хапае грошай.

Але пустых абяцанняў ён даваць не прывык, трэба вызначаць прыярытэты.

— Па мікрараёне сёлета запланаваны рамонт дваровых праездаў, пешаходных дарожак, дзіцячага абсталявання і гэтак далей побач з некаторымі дамамі па вуліцы Аўтазаводскай, а таксама па адрасе: Віцебскі праспект № 22, — дзеліцца ён планамі. — Што да ўсяго астатняга, будзем наводзіць парадак сумеснымі намаганнямі з жыхарамі.

Кіраўнік адміністрацыі дзеліцца з грамадскасцю добрай навіной. Пры перадачы стадыёна «Тарпеда» (галоўнага спартыўнага аб'екта ў маштабах Кастрычніцкага раёна) прадпрыемства «БелАЗ» выдзеліла 1,2 мільярда рублёў на яго рэканструкцыю. Грошы ўжо паступілі, распрацоўваецца праект. На другім паверсе будынка будзе фітнес-зала з сучасным абсталяваннем, на 1-м — аздараўленчы комплекс з басейнам.

І ніякай крыўды!

Як камунальнік з вялікім вопытам, Андрэй Кіблоў бачыць рашэнне праблемы з добраўпарадкаваннем дваровых тэрыторый у выпрацоўцы новай стратэгіі.

— Кожны год у Магілёве зацвярджаецца адпаведны план, куды ўключаюцца тэрыторыі, якія трэба правесці ў належны від, — тлумачыць ён. — Асноўная задача, якую я бачу, — распрацоўка такіх планаў з удзелам Саветаў мікразон. Раней ўсё рабілася па прапановах ЖЭУ. Цяпер будзем прымаць пажаданні ад органаў самакіравання, абмяркоўваць іх з ЖЭУ і выбіраць у першую чаргу тыя двары, дзе самі грамадзяне выказалі жаданне актыўна паўдзельнічаць. Каб не было ніякай крыўды, што суседскі двор робяць, а наш не.

— Пра Саветы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання мы раней крыху забываліся, спрабавалі абысціся камунальнымі службамі, прадпрыемствамі. Але гэта няправільна, — лічыць Міхаіл Галушкоў. — Трэба самім захоўваць парадак там, дзе жывеш.

Часта людзі скардзяцца, што ў іх пад'ездзе або двары не прыбіраюць, а самі нешта карыснае зрабіць не могуць. Але ж ёсць і тыя, якія хацелі б удзельнічаць у развіцці свайго мікрараёна. А калі ёсць ініцыятыва, прасцей і грошы знайсці. У раёне шмат прыкладаў, калі добрую ідэю падтрымлівалі прадпрыемствы і прадпрымальнікі.


Старшыня Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў Андрэй Кіблоў:

— Мне цікава прысутнічаць на падобных пасяджэннях і назіраць за выбарамі ў Саветы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання. Я хачу, каб прадстаўнікі гэтых Саветаў ведалі сваіх дэпутатаў у твар, каб народныя абраннікі таксама ўваходзілі ў склад Саветаў мікразон. Людзі павінны бачыць, што мы ў курсе іх праблем, якія будзем вырашаць разам з імі. Хочацца, каб і актывісты расказвалі насельніцтву пра тое, што робяць улады ў горадзе. Нам дайсці да кожнага цяжка, а вось старшыням Саветаў грамадскага самакіравання, вулічкамаў, дамоў, пад'ездаў прасцей пераказаць суседзям усё, што яны пачулі на сустрэчы. Вельмі важна, каб на такіх сходах прысутнічалі і прадстаўнікі адміністрацыі раёна. Яны каардынуюць работу актыву мікразон і павінны ведаць, чым жыве народ.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Там, дзе ты жывеш

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».