Вы тут

Што прапануе першы буйны інклюзіўны маршрут?


Унікальны праект «Валожын без бар'ераў» запрашае людзей з абмежаваннямі ў насычаныя ўражаннямі падарожжы. У межах яго распрацаваны сем турыстычных маршрутаў, пяць аграсядзіб атрымалі спецыяльнае абсталяванне, каб зрабіць свае паслугі даступнымі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.


Гэта раней інвалідам-калясачнікам быў закрыты выхад да вады: колы гразлі ў пяску. А сёння яны ўжо змогуць не толькі парыбачыць, але і выбрацца ў водныя падарожжы (зараз у сядзібе «За масточкам» вядзецца работа над спецыяльнай платформай). Таксама людзі з асаблівасцямі змогуць кіраваць коннай павозкай, назіраць за птушкамі, адкрываць «мядовыя» сакрэты ў сядзібе «Свет пчол» і нават малоць муку і выпякаць хлеб (у аграсядзібе «Ганка» ўзведзены будынак з ліфтам, і тут адначасова змогуць прыняць каля паўсотні турыстаў з абмежаванымі магчымасцямі).

Калі нехта з вашых родных мае пэўныя абмежаванні, ужо не трэба ўсёй сям'і адмаўляцца ад актыўнага адпачынку. Між іншым, турызм становіцца больш даступным не толькі для інвалідаў: з праблемамі ў падарожжах сутыкаюцца і цяжарныя жанчыны, маладыя бацькі з каляскамі, састарэлыя, а таксама людзі з часовымі праблемамі са здароўем, траўмамі.

І хоць у Беларусі пра інклюзіўны турызм загаварылі толькі ў апошнія гады, за мяжой ужо даўно заўважылі выгоды існавання такой галіны. Так, у ЗША яшчэ ў пачатку гэтага стагоддзя падлічылі, што ўнёсак людзей з інваліднасцю ў турызм у іх краіне штогод складае каля 13 мільярдаў долараў. Не трэба скідаць з рахунку і пенсіянераў. З узростам людзі часта страчваюць здароўе і могуць стаць спажыўцамі падобнага турпрадукту. Па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, да 2030 года колькасць людзей ва ўзросце старэй за 65 гадоў дасягне 1 мільярда. А да 2050 года 20 працэнтаў насельнікаў планеты будуць у паважным узросце.

Таму сёння ідэі агульнадаступнага адпачынку такія папулярныя ў свеце. Усё часцей у групе турыстаў можна заўважыць людзей з абмежаваннямі. І гатэлям, рэстаранам, установам культуры, каб у будучыні не страціць кліентаў, трэба задумацца пра арганізацыю безбар'ернага асяроддзя. Нядаўна ў адным з беларускіх гатэляў сарваўся добры заказ: вялікая група замежных турыстаў, у складзе якой быў адзін калясачнік, адмовілася ад паслуг толькі таму, што будынак не прыстасаваны для інвалідаў.

Маніторынг, праведзены актывістамі на Валожыншчыне два гады таму, сведчыў, што ў раёне наогул няма грамадскіх аб'ектаў, якія стапрацэнтна былі б даступныя для людзей з інваліднасцю. І арганізатары амбіцыйнага праекта «Валожын без бар'ераў» (Беларускае таварыства інвалідаў, грамадскае аб'яднанне «Адпачынак у вёсцы» і фонд «Інтэракцыя») распрацавалі план мерапрыемстваў па стварэнні даступнага асяроддзя да канца 2022 года, які быў ухвалены мясцовымі ўладамі.

І адной з самых важных мэт праекта стала праца над пераабсталяваннем будынкаў. Ужо сёння на 19 аб'ектах апушчаны бардзюры, пакладзена тактыльная плітка, з'явіліся парэнчы. У гэтым годзе адкрыецца турыстычна-інфармацыйны цэнтр для людзей з інваліднасцю. На яго базе ствараецца вялікая канферэнц-зала, якая будзе адаптаванай у тым ліку для гасцей з праблемамі слыху і зроку. Таксама пачне працаваць хостэл на 20 месцаў. Набыты і спецыяльны аўтамабіль.

Да лета павінны завяршыцца работы над турыстычнай сцежкай у Налібоцкай пушчы. Яе палатно, зробленае з экалагічна чыстых матэрыялаў, дазволіць падарожнічаць людзям з інваліднасцю, а інфармацыйныя шчыты з тактыльнымі картамі і шрыфтам Брайля зробяць больш насычанымі падарожжы турыстаў з парушэннямі зроку. На гэтай экасцежцы працягласцю ў паўтара кіламетра будзе некалькі месцаў адпачынку з лавачкамі і крытымі альтанкамі, таксама яна выводзіць да маляўнічых мясцін, дзе летам можна рабіць кемпінгі...

Валожынскі раён першым у Беларусі паказаў, як арганізаваць турызм для ўсіх. Але стваральнікі новага прадукту актыўна дзеляцца сваімі напрацоўкамі, ствараюць метадычную літаратуру, праводзяць сустрэчы ды фестывалі. Будзем спадзявацца, што ўніверсальныя турыстычныя маршруты ў хуткім часе з'явяцца і ў іншых рэгіёнах Беларусі.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Даступная вада і не толькі

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.