Вы тут

Анастасія Мазго: Мяне з дзяцінства прывучылі да перамог


У гандбольнага «БНТУ-БелАЗ» — адзін з самых паспяховых сезонаў.

Пасля двухгадовага перапынку клуб вярнуў сабе званне чэмпіёна краіны, абыграўшы прынцыповага саперніка «Гомель». У розыгрышы Кубка ЕГФ усяго два мячы аддзяліла сталічных гандбалістак ад групавога раўнда, наперадзе толькі Кубак Беларусі, які стартуе ў Мінску ўжо заўтра. Вынікі сезона падводзіць адна з лідараў БНТУ-БелАЗ і зборнай Беларусі паўсярэдняя Анастасія Мазго. Спартсменка расказала пра тое, чаму многія не верылі ў іх каманду, наколькі складана дзяўчыне займацца такім кантактным відам спорту, як гандбол, і чаму Анастасія пакуль не спяшаецца пераязджаць у замежны клуб.


— Гэты сезон быў удалы для нашай каманды з самага пачатку. Паспяхова выступалі ў Кубку ЕГФ, атрымалі вельмі добрую гульнявую практыку, што дапамагло ў далейшым у гульнях з «Гомелем». Што датычыцца гэтага саперніка ў нацыянальным чэмпіянаце, то кожная гульня давалася нам вельмі цяжка. Сур'ёзна настройваліся, падыходзілі да гэтых паядынкаў вельмі адказна. Канец сезона таксама прайшлі ўпэўнена, выйгралі чэмпіянат з адчуваннем, што так яно і мусіла быць, нават эмоцый асаблівых не адчулі. За апошнія два гады мы ўжо забыліся, што такое быць найлепшымі, таму хацелася вярнуць кубак і медалі ў Мінск.

— У Кубку ЕГФ здавалася, што каманда магла дасягнуць большага.

— Наогул, у нас чамусьці заўсёды не вельмі вераць. І цяпер, перад стартам, чулі, маўляў, паедуць у Чэхію і адразу вылецяць, а мы абыгралі пражскую «Славію» і прайшлі далей. Тая ж гісторыя была з сапернікам у другім раўндзе, нарвежскім «Тэртнесам». Калі мы прайшлі і іх, то гаварыць сталі ўжо па-іншаму. Гэта дадало нам упэўненасці. Наогул, я лічу, што на еўраарэне мы выступілі сёлета годна. Для нашай каманды гэта найлепшы ў гісторыі сезон.

— Наша нацыянальная зборная працягвае адбор на чэмпіянат Еўропы. Шанцы яшчэ ёсць?

— Вядома, у нас наперадзе яшчэ дзве гульні з камандамі Венгрыі і Галандыі. З першымі будзе прасцей, але нялёгка. З галандкамі цяжэй, хоць шанцы ўсё роўна ёсць заўсёды. Беларуская зборная з 2008 года не ўдзельнічала ў чэмпіянатах свету і Еўропы, балельшчыкі, напэўна, недзе згубілі ў нас веру. Пры жараб'ёўцы мы пастаянна знаходзімся ў ніжэйшым кошыку, а значыць, атрымліваем моцныя каманды ў сапернікі, таму змагацца, праўда, складана. Я мару пабываць з нашай зборнай на топ-турнірах, дзяўчаты кажуць, што там незабыўная асаблівая атмасфера.

— Шмат хто кажа, што выступленні за клуб і зборную краіны выклікаюць розныя эмоцыі.

— Сапраўды так, па сутнасці, ты заўсёды выходзіш і проста робіш сваю справу, але пачуцці ўсё роўна розныя. У гульнях за зборную на гульцу больш адказнасці, я чамусьці не магу адчуваць сябе так жа ўпэўнена, як у клубе. Нават сама ў сабе разабрацца пакуль не магу, чаму адбываецца менавіта так.

— Асноўны касцяк зборнай — гульцы БНТУ і «Гомеля», гэта значыць — прынцыповыя сапернікі. Як знаходзіце агульную мову, калі гуляеце ў адной камандзе?

— У нас з дзяўчатамі з «Гомеля» вельмі добрыя адносіны, мы прыязджаем у зборную і забываемся пра ўсё, што датычылася нашага супрацьстаяння ў клубах. Ніколі не было ніякіх канфліктаў, наадварот, можам яшчэ пажартаваць адна з адной. Ды і Томаж Чатар, які кіруе «Гомелем» і зборнай, заўсёды паводзіць сябе вельмі кваліфікавана, у яго няма падзелу гульцоў і ніякіх сімпатый.

Многія спартсмены ў вашым узросце пазіраюць у бок Еўропы. Пакуль не збіраецеся атрымліваць легіянерскі вопыт?

— У мяне ўжо былі прапановы з замежных клубаў, і я думала аб пераездзе, але раней па правілах гульцу нельга было з'язджаць да 23 гадоў. Цяпер ужо я свабодная, але мяняць клуб не хачу. У першую чаргу з-за таго, што мой малады чалавек — таксама гандбаліст, гуляе ў Беларусі, не хочацца, каб нас падзялялі тысячы кіламетраў. Да таго ж мне ўсё падабаецца ў БНТУ, усё задавальняе. Ды і, ведаеце, не так проста на легіянерскім хлебе, там пастаянна трэба адстойваць сваё права на месца ў складзе. Іншая краіна, мова. Адзінае, з-за чаго хацелася б паспрабаваць сябе за мяжой, — гэта з-за таго, што там больш гульняў, больш цікавыя чэмпіянаты.

Залатыя прызёры чэмпіянату Беларусі.

— Гандбол — не жаночы від спорту?

— Так, пра гэта шмат хто кажа, асабліва мужчыны, нават мой хлопец. Але ён не супраць таго, што я гуляю, бо мы пазнаёміліся ў гэтай сферы, гандбол нас зблізіў. Жаночая і мужчынская гульня — гэта розныя рэчы, розная хуткасць, рух. Вельмі кантактны від спорту, тут трэба быць з характарам, не баяцца болю, быць гатовым чымсьці ахвяраваць.

— Паміж дзяўчатамі на пляцоўцы могуць быць сутычкі?

— Вядома, хтосьці кагосьці жорстка сустрэў, гэта выклікае злосць, і ўзнікае канфлікт. Асабліва перад важнымі матчамі з-за таго, што ўсе хвалююцца, агрэсіі больш. Але да боек, як у хакеі, у нас не даходзіць.

— Вы гуляеце пад кіраўніцтвам алімпійскага чэмпіёна Канстанціна Шараварава. Як яму ўдаецца кіраваць жаночым калектывам?

— Ён кажа, што ніколі не пасталее, таму што заўсёды знаходзіцца сярод руж (смяецца). Канстанцін Рыгоравіч вельмі добры трэнер, ён да ўсяго ставіцца з разуменнем, заўсёды падтрымае, спакойна растлумачыць памылкі, але ніколі няма крыку, абраз, як часта бывае ў спорце.

— Ад чаго можаце заплакаць?

— Я цяжка перажываю паражэнні, таму магу заплакаць ад крыўды. Але наогул, калі шчыра, я сентыментальны чалавек, вось будзе дзяўчына стаяць плакаць і прасіць грошы, я магу побач стаць і заплакаць, таму што мне будзе яе так шкада. Магу заплакаць і ад радасці, але дзе трэба слёзы стрымаю.

На пляцоўцы я вельмі эмацыянальны гулец, не люблю прайграваць таму што, калі прыйшла з вучылішча алімпійскага рэзерву ў каманду БНТУ, трапіла ў клуб чэмпіёнаў, мяне з дзяцінства прывучылі да перамог. Калі не заб'ю гол, раззлуюся на сябе, пайду на вароты і кіну яшчэ раз, не заб'ю з другога разу, з трэцяга заб'ю дакладна, але не сяду на лаву і не апушчу рукі.

— Такая стараннасць з самага дзяцінства?

— Напэўна. Мама ў мяне займалася прафесійна танцамі, тата таксама досыць спартыўны. А я трапіла ў гандбол па звычайнай схеме, у 4 класе ў школу прыйшоў трэнер, запрасіў на трэніроўку, я з задавальненнем згадзілася. Мне і да гэтага бацькі казалі пра гандбол, я ж з Лепеля, а там ён вельмі развіты, нароўні з дзюдо. Дарэчы, на шчасце, барацьба абышла мяне бокам, занадта жорсткі від спорту.

Адразу на трэніроўку прыйшло чалавек 30, на другія заняткі ўдвая менш, у выніку засталося чалавек 10. У мяне наогул было насычанае жыццё, я займалася ўсім, акрамя вучобы. Заканчваліся ўрокі, ішла на валейбол, вярталася дадому, ставіла рэчы, каб бегчы на гандбол, і потым, нават не пераадзяваючыся, бегла на баскетбол. Мама пыталася: урокі зрабіла? Я казала — так. Былі нават танцы, але з гнуткасцю ў мяне не вельмі. Пазней яны адпалі самі сабой, таму што супадалі па часе з гандболам.

У класе 6-м мама прапанавала вызначыцца — вучоба ці спорт, выбар быў відавочны. З тых часоў толькі часам правярала дзённік.

— А з гульнявой пазіцыяй вызначыліся адразу?

— Не, спачатку я наогул была варатаром, але мне заўсёды хацелася ў полі гуляць. Таму першы тайм я стаяла на варотах, а другі — гуляла ў полі. І, дарэчы, адзін раз нават была найлепшым варатаром вобласці.

— У асноўны склад БНТУ-БелАЗ вы трапілі ў даволі маладым узросце.

— Праз год вучобы ў вучылішчы алімпійскага рэзерву. Як цяпер памятаю першы матч, у якім я выйшла на пляцоўку, — гульня з «Аркатронам» у зале на Філімонава. Я сяджу на лаўцы запасных, застаецца тры хвіліны да канца гульні, і мне кажуць: «Мазго, ідзі!» У мяне перад вачыма ўсё расплылося, куды бегчы? Мяч гэты ляціць, не відаць нічога, страшна. Абыграла саперніцу, зрабіла, мне здаецца, крокаў сем (у гандболе больш за тры крокі лічыцца прабежкай), мне свіснулі прабежку, але я ўсё роўна кінула па варотах. Гэта, напэўна, было вельмі смешна збоку.

Спачатку я была толькі другім, а то і трэцім нумарам на сваёй пазіцыі, але з часам усё змянілася.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?