Вы тут

Новы блокбастар студыі «Марвел» базуецца на экалагічных страхах


Кажучы словамі самога доктара Стрэнджа, аднаго з галоўных герояў Кінематаграфічнага сусвету Марвел, гэта так ці інакш здарылася б. Масавы кінематограф дасягнуў найвышэйшага ўзроўню падладжвання пад кліпавае мысленне аўдыторыі, што сёння беспрэцэдэнтна дамінуе, і паказаў на вялікім экране свой у гэтым плане «шэдэўр» — фільм «Мсціўцы: вайна бясконцасці». Карціна б'е рэкорды пракату, называецца найлепшым прадуктам студыі «Марвел», апісваецца ў станоўчых рэцэнзіях, але не дае пазбавіцца ад думкі, што кіно яшчэ ніколі не было настолькі дзёрзкай маніпуляцыяй глядацкімі чаканнямі на шкоду мастацтву.


Студыя «Марвел» вырашыла задзейнічаць рэкордную колькасць са сваёй калекцыі звышнатуральных, папулярных і любімых публікай персанажаў, каб уключыць іх у найважнейшую барацьбу супраць Танаса. Калі раней Мсціўцы збіраліся, каб абараніць Зямлю, то цяпер найвялікшая, ні з чым непараўнальная пагроза навісла над усім Сусветам.

Аўтары зрабілі стаўку на ўдарную колькасць вядомых персанажаў і на яшчэ большую — галівудскіх зорак. З вялікай верагоднасцю глядач знойдзе на экране аднаго са сваіх любімых акцёраў, — для гэтага тут Бенядзікт Кэмбэрбэтч, Гвінет Пэлтрау, Марк Руфала, Скарлет Ёхансан, Роберт Даўні-малодшы і іншыя вядомыя твары. Таму да самога сюжэта патрабаванні невялікія —
не вымагаючы вялікай дасканаласці, ён даволі проста развівае вечны шаблон пра добрых супергерояў, якія абараняюць чалавецтва (у альбо нават усе народы Сусвету) ад навіслай пагрозы.

Але што цікава, гэтым разам сутнасць канфлікту заключаецца не ў самім супрацьстаянні дабра і зла ці распаўсюджаным матыве жадання ўлады. Карціна, хай і праз адмоўнага персанажа, затое праз стрыжань усяго сюжэта транслюе актуальную сёння заклапочанасць экалогіяй планеты. У фільме «Мсціўцы: вайна бясконцасці» суперзлодзей мае сваё бачанне раўнавагі: па яго меркаванні, на пэўных планетах часам трэба здзяйсняць генацыд, каб пазбегнуць знішчэння рэсурсаў, якое таксама прыводзіць да вымірання. Такім чынам Танас, як думае ён, клапоціцца пра баланс Сусвету. Натуральна, у гэтай матывацыі адгукаюцца распаўсюджаныя ў рэальным свеце страхі за планету, толькі развіваюцца яны ў даволі радыкальным кірунку.

Глядач аказваецца ў сканструяваным далёкім будучым, якое ўвабрала ў сябе найярчэйшыя мары пра адкрыццё космасу, дзе людзі могуць пачуваць сябе гэтаксама спакойна, як сёння вандруючы па Еўропе. Дзе ёсць разумныя яноты. Дзе супергероі выжываюць у нечалавечых умовах. Дзе старажытныя матывы суседнічаюць з новымі тэхналогіямі.

Дзіўныя планеты, істоты, вынаходкі — карціна «Мсціўцы: вайна бясконцасці» быццам увабрала ў сябе ўсе папулярныя візуальныя ўяўленні пра фантастычны/фэнтэзійны свет. «Зорныя войны» з іх абжываннем невядомых планет ці «Уладар пярсцёнкаў» з матывам некалькіх артэфактаў, якія могуць даць бясконцую сілу. У «Мсціўцах» гэта шэсць камянёў, што ўтварыліся ад выбуху падчас стварэння Сусвету. Танас мае на мэце сабраць іх усе, каб атрымаць неабмежаваную ўладу і магчымасць знішчаць народы шчаўчком пальцаў.

Прадказальна ў фільме ёсць вялікая колькасць нязгодных з пазіцыяй і намерамі Танаса, сярод якіх — Мсціўцы. На экране толькі і паспяваюць змяняцца галівудскія зоркі і запаралеленыя гісторыі з героямі, што супрацьстаяць злодзею. «Мсціўцы: вайна бясконцасці» ўвабралі ў сябе настолькі шмат сюжэтаў, аб'ядналі супраць Танаса такую вялікую колькасць топавых персанажаў, што фільм не паспявае стаць уласна фільмам. Марвел пацвярджае сваю «коміксавую» прыроду, карціна становіцца такім жа наборам малюнкаў, сэнс якіх толькі ў колькасці — такім чынам можна ўявіць магутнасць пагрозы, дзеля супрацьстаяння якой на экране ўвесь час пачынаюць падрыхтоўку ўсё новыя сілы. Пры гэтым фільм не мае часу крануць эмацыянальна, бо героі, што ахвяруюць сваімі блізкімі, так і застаюцца для гледача чужымі.

Трансляваць нешта нешаблоннае ў новага марвелаўскага фільма таксама не атрымліваецца (а такой задачы, пэўна, і не стаяла, бо навошта, калі студыя цудоўна жыве за кошт сваіх клішэ). Затое ў канфлікце паміж грамадскімі і прыватнымі інтарэсамі фільм яўна дэманструе пераможца. Танас ахвяруе сваім любімым чалавекам дзеля атрымання чарговага каменя, а Мсціўцы звычайна сентыментальна аддаюць перавагу ўласным пачуццям. Танас у выніку перамагае. Можна чакаць наступнага фільма, дзе ўсё вернецца ў звычайнае рэчышча, але «Мсціўцы: вайна бясконцасці» яўна шануе грамадскія інтарэсы больш за асабістыя (а індывідуалізм можна назваць яшчэ адной актуальнай тэмай).

У выніку найгалоўнейшы блокбастар свету, які ўжо некалькі тыдняў абмяркоўвае ўвесь свет, арыентаваны на глядацкія інтарэсы, няўдалы як фільм, комікс коміксаў, перадае заклапочанасць станам планеты і заклікае да ахвяр на карысць грамадскіх інтарэсаў. І добра, калі гэта значыць проста сартаваць смецце, а не ратаваць Сусвет цаной страты блізкіх.

Цудоўна, што некаторыя дылемы застаюцца толькі ў кіно.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Мсціўцы заклікаюць сартаваць смецце

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».