Вы тут

Аб чым будуць гаварыць і што дэманстраваць на выстаўцы «Tibo-2018»


У сталіцы пачала сваю работу 25-я міжнародная выстаўка «Tibo». На працягу выставачнага тыдня кампаніі з 15 краін свету прадставяць тут свае апошнія дасягненні ў сферы інфармацыйных тэхналогій. Плануецца што ў працэсе шматлікіх пленарных пасяджэнняў і дыскусій з экспертамі ў ІT-сферы тут змогуць выпрацаваць эфектыўныя падыходы ў лічбавай трансфармацыі Беларусі і пераходзе яе на новы ўзровень укаранення інавацый у эканоміку.


Трансфармацыя ўсіх сфер эканомікі

Падчас цырымоніі адкрыцця намеснік прэм'ер-міністра Анатоль КАЛІНІН агучыў вітанне кіраўніка дзяржавы ўдзельнікам форуму, а таксама адзначыў, што Прэзідэнт і ўрад краіны ўдзяляюць вялікую ўвагу развіццю і стварэнню ўмоў нацыянальнай інфармацыйнай інфраструктуры і ІT-індустрыялізацыі.

«У рамках развіцця ІT-краіны робіцца вельмі шмат. Дзейнічае дзяржаўная праграма развіцця электронных тэхналогій, інфармацыйнага грамадства на пяцігодку. Штогод мы інвестуем каля 600 мільёнаў рублёў у стварэнне ўмоў, развіццё тэлекамунікацый, абнаўленне тэхналогій», — дадаў Анатоль Калінін.

Ён таксама падкрэсліў, што наша краіна працягвае развіваць партнёрскія адносіны з азіяцкімі дзяржавамі, у ліку якіх Кітай і краіны Усходняга партнёрства. Намеснік прэм'ер-міністра адзначыў, што ў Беларусі створаны ўмовы для высокага пранікнення інавацыйных тэхналогій у дзяржаўныя структуры. Як прыклад ён прывёў стварэнне электроннага ўрада. Каля 70 % дакументаў паступаюць ва ўрад і апрацоўваюцца ў электронным фармаце. Ідзе праца па стварэнні ІD-карты, якая да канца года будзе завершана. Акрамя таго, працуюць і над укараненнем сістэм беспапяровага гандлю.

Член Калегіі (міністр) па ўнутраных рынках, інфарматызацыі, ІКТ Еўразійскай эканамічнай камісіі Карынэ МІНАСЯН падчас цырымоніі адкрыцця адзначыла, што наша краіна з'яўляецца адным з лідараў у ІТ-сферы на прасторы ЕАЭС, і сёння гэта сапраўды можна ўбачыць на выстаўцы. «На гэтай пляцоўцы сканцэнтраваны ідэі, праекты і магчымасці якія могуць быць рэалізаваны на прасторы ЕАЭС», — падкрэсліла Карынэ Мінасян.

Што ўнутры

На стэндах «Tibo» ўжо можна ўбачыць у тым ліку і базавыя станцыі 5G. Іх ужо тэстуюць ў краіне. Стандарт пятага пакалення сувязі выйдзе ў свет толькі гэтай восенню, але з прынцыпам работы хуткаснага «індустрыяльнага» інтэрнэту, які зможа апрацоўваць вялікую колькасць інфармацыі, азнаёміцца можна ўжо сёння.

На думку намесніка міністра сувязі і інфарматызацыі Дзмітрыя ШАДКО, пілотныя тэставыя зоны 5G павінны з'явіцца ў Беларусі ў 2019 годзе.

Цэнтральнай экспазіцыяй на выстаўцы «Tibo-2018» стаў стэнд «ІT-краіна Беларусь». Тут можна ўбачыць апошнія распрацоўкі ў сферы інфармацыйных тэхналогій беларускіх ІT-кампаній, рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій, прадстаўлены нацыянальныя экспазіцыі Казахстана і Азербайджана, калектыўныя стэнды ДКНТ, Мінгарвыканкама, Дзяржкамваенпрама. Сярод экспанентаў ёсць і тыя, хто працуе з беспілотнымі лятальнымі апаратамі, тэхналогіямі віртуальнай і дапоўненай рэальнасці. Не менш цікавым у гэтым кірунку з'яўляецца і праект беларускай кампаніі, якая распрацоўвае касцюм віртуальнай рэальнасці. Ён здольны паглыбіць чалавека ў літаральным сэнсе ўнутр гульнявога свету. Убудаваная сістэма электрастымуляцыі і клімат-кантролю дапамагае адчуваць навакольнае асяроддзе гульні, а таксама ўсё тое, што там адбываецца.

На выстаўцы таксама прадстаўлены праграмы для гаджэтаў, якія закліканы спрасціць жыццё карыстальнікам, беларускі адкрыты геаінфармацыйны рэсурс дадзеных дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі — аналаг усім вядомага Gооglе Mарs. Рэсурс дае інфармацыю з высокай геадэзічнай дакладнасцю. Сфера прымянення яго дадзеных шырокая: сельскагаспадарчая вытворчасць, землеўпарадкаванне, картаграфія, лесаўпарадкаванне. Сёння іх ужо выкарыстоўвае Нацыянальнае кадастравае агенцтва Дзяржкаммаёмасці ў рэгістры кошту зямель, зямельных участкаў.

Варта адзначыць, што на выстаўцы сёння аднолькава прадстаўлены як буйныя кампаніі, так і невялікія распрацоўшчыкі. Арганізатары змаглі прадэманстраваць, што ў Беларусі сёння сур'ёзна ставяцца да ІT-бізнесу любога ўзроўню: пачынаючы ад невялікіх мясцовых стартапаў да буйных міжнародных праектаў.

На працягу трох дзён на палях выстаўкі пойдзе мноства дыскусій і абмеркаванняў, падвядуць вынікі конкурсу на самы лепшы беларускі інтэрнэт-рэсурс — «Інтэрнэт-прэмія «Tibo». Цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў адбудзецца 17 мая.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.