Вы тут

У ЕАЭС важна цаніць і выконваць дасягнутыя дамоўленасці


Пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета адбылося ўчора ў Сочы. Гэта першая ў бягучым годзе сустрэча кіраўнікоў дзяржаў — членаў ЕАЭС. На саміт прыехалі прэзідэнты Беларусі, Расіі, Казахстана, Кыргызстана і прэм'ер-міністр Арменіі. У якасці госця быў запрошаны Прэзідэнт Малдовы, і невыпадкова — на Вышэйшым савеце было прынята рашэнне аб наданні гэтай краіне статусу дзяржавы-назіральніка пры ЕАЭС. У цэлым падчас перагавораў у вузкім і пашыраным складах было разгледжана 14 пытанняў, у тым ліку праект пагаднення аб міжнародных дагаворах з іншымі краінамі ці аб'яднаннямі, рэалізацыя лічбавай павесткі ЕАЭС і асноўныя кірункі міжнароднай дзейнасці. На пасяджэнні таксама былі абмеркаваны асноўныя арыенціры макраэканамічнай палітыкі дзяржаў на 2018—2019 гады, лібералізацыя асобных сектараў паслуг на прасторы саюза.


Выступаючы на пасяджэнні, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў: «За мінулыя тры з паловай гады з дня ўступлення ў сілу дагавора (аб Еўразійскім эканамічным саюзе. — Заўвага БелТА) праведзена вялікая работа па пытаннях міждзяржаўнага ўзаемадзеяння. Аднак эфектыўнасць праводзімых мерапрыемстваў усё яшчэ вымушае жадаць лепшага». Паводле слоў Прэзідэнта, многія дамоўленасці застаюцца па-ранейшаму нерэалізаваныя. «Першапачаткова саюз ствараўся як структура для выключна эканамічнага супрацоўніцтва. Меркавалася выбудаваць сістэму раўнапраўных рынкавых адносін. Але ў гандаль рэгулярна ўмешваецца палітыка. Інтарэсы асобных таваравытворцаў перыядычна ставяцца вышэй за прынятыя намі рашэнні. Гэта ідзе насуперак нашым дамоўленасцям», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. «Адзіны станоўчы момант — гэта тое, што мы, нарэшце, разам задумаліся над стварэннем перспектыўных механізмаў не толькі ўрэгулявання спрэчак, але і іх прадухілення», — сказаў беларускі лідар.

Што датычыцца вырашэння спрэчак, якія ўзнікаюць паміж краінамі, Аляксандр Лукашэнка заклікаў не абменьвацца ўзаемнымі прэтэнзіямі праз СМІ, а цывілізавана вырашаць праблемы. «Сёння менавіта рэгіянальныя інтэграцыйныя аб'яднанні ствараюць перадумовы для росту сусветнай эканомікі. А мы, замест таго каб свабодна гандляваць, закрываемся адзін ад аднаго. Больш за тое — абменьваемся ўзаемнымі прэтэнзіямі нават у сродках масавай інфармацыі, рызыкуючы міжнародным аўтарытэтам саюза. Мы ігнаруем цывілізаваны спосаб вырашэння гандлёвых спрэчак праз Еўразійскую эканамічную камісію, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Я абсалютна падтрымліваю тых, хто сёння гаворыць, што трэба, канкрэтызаваўшы ролю камісіі з улікам нашага вопыту, узмацніць функцыі агульнага эканамічнага ўрада».

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што структура эканомік краін ЕАЭС шмат у чым розная. Хтосьці больш экспартуе сыравіну, хтосьці больш прадае прадукты перапрацоўкі. «І сыравінная, і вытворчая база ў саюза каласальная. Але мы так і не навучыліся эфектыўна яе выкарыстоўваць, не выпрацавалі адзіных правіл для агульнага рынку», — канстатаваў Прэзідэнт.

Ён звярнуў увагу, што зноў не гатовыя для абмеркавання на вышэйшым узроўні праграмы фарміравання агульных рынкаў газу, нафты і нафтапрадуктаў. «Спадзяёмся, што хоць бы да канца бягучага года мы паставім подпісы пад гэтымі асноватворнымі дакументамі. І не трэба тут падазраваць Беларусь, што гэта толькі ў яе інтарэсах. Мы дамаўляліся, што вырашым гэтае пытанне. Значыць, яго трэба вырашаць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Гаворачы аб станоўчым баку сумеснай працы краін у ЕАЭС, беларускі лідар адзначыў распрацаваны праект палажэння аб статусе дзяржавы-назіральніка. «Але нельга рабіць неабдуманых крокаў, асабліва калі краіны не гатовыя да ўсталявання больш цесных кантактаў з нашай арганізацыяй. ЕАЭС павінен сам даказаць сваю прыцягальнасць для трэціх дзяржаў», — лічыць Аляксандр Лукашэнка. Гаворачы аб дагаворна-прававой базе ЕАЭС, якая пастаянна ўдасканальваецца, беларускі лідар зазначыў, што важна, каб гэтыя дакументы не сталі сухімі інструкцыямі. Што датычыцца створаных спецыяльных галіновых органаў саюза, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што трэба зрабіць усё, каб іх дзейнасць была арыентавана на рашэнне канкрэтных праблем і яны змаглі ўнесці важкі ўклад у стварэнне агульнага рынку без выключэнняў і абмежаванняў.

Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь падтрымлівае прынятую лічбавую павестку Еўразійскага эканамічнага саюза да 2025 года. «Мы гатовы ўдзельнічаць у ініцыятывах у сферы лічбавага гандлю, электроннай лагістыкі і лічбавых транспартных калідораў. Неабходна стварыць сумесныя тэхнічныя і прававыя ўмовы, якія дазваляюць аб'ядноўваць нашы нацыянальныя сістэмы ў інтэграцыйныя лічбавыя платформы», — сказаў ён.

«Наш інтэграцыйны праект будзе развівацца толькі пры захаванні чатырох асноўных свабод, якія замацаваны ў Дагаворы аб Еўразійскім эканамічным саюзе. Вельмі важна цаніць і выконваць дасягнутыя дамоўленасці, вырашаць самыя складаныя праблемы, абапіраючыся на намі ж створаныя правілы, паважаць адзін аднаго, як гэта прынята ў саюзнікаў і дзелавых партнёраў. Беларусь настроена менавіта на такі стыль далейшых адносін», — заявіў Прэзідэнт.

* * *

У Сочы Аляксандр Лукашэнка правёў таксама двухбаковыя сустрэчы з лідарамі краін ЕАЭС і прэзідэнтам Малдовы.

У прыватнасці, на сустрэчы з кіраўніком Расіі Уладзімірам Пуціным было абмеркавана развіццё міждзяржаўных адносін. «У нас запланаваны Вышэйшы дзяржсавет. Мы з вамі яшчэ да выбараў (Прэзідэнта Расіі) вызначыліся, што ў Мінску яго правядзём, а затым у нас восенню Форум рэгіёнаў у Магілёве. Звычайна мы ладзілі гэты форум на найвышэйшым узроўні. Я думаю, знойдзеце час, восенню пабудуеце графік, каб наведаць Магілёў. Для вас гэта новы горад. Беларусы і расіяне годна рыхтуюцца, каб правесці форум на высокім узроўні», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі выказаў гатоўнасць падрабязна абмеркаваць назапашаныя пытанні ў двухбаковых адносінах. Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што, калі сёння не атрымаецца прыняць нейкія рашэнні, да іх можна будзе вярнуцца ў час будучых мерапрыемстваў.

У сваю чаргу Уладзімір Пуцін канстатаваў, што супрацоўніцтва паміж краінамі працягвае ўмацоўвацца, у тым ліку ў фармаце Еўразійскага эканамічнага саюза.

У адносінах Беларусі і Арменіі няма і не будзе праблем. Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з прэм'ер-міністрам Арменіі Ніколам Пашынянам. Прэзідэнт выказаў гатоўнасць падрабязна расказаць новаму прэм'еру Арменіі аб развіцці адносін паміж дзвюма краінамі, дзейнасці Еўразійскага эканамічнага саюза. «Вельмі важна, каб вы ад мяне пачулі тое, што датычыцца Беларусі і нашага стаўлення да брацкага армянскага народа і вашай дзяржавы. Таму гэта вельмі важная сустрэча, — заявіў беларускі лідар. — Наогул, вы малайцы. Вы вельмі дастойна і правільна выйшлі з гэтай сітуацыі, вы гэта самі ўжо адчулі. Мы рады за вас». Ён яшчэ раз павіншаваў Нікола Пашыняна з выбраннем прэм'ер-міністрам Арменіі і пажадаў поспехаў на гэтай пасадзе. «На нас вы можаце разлічваць, як і раней. Наша палітыка ў адносінах да вельмі блізкага нам армянскага народа ніколі не зменіцца. Гэта я вам абяцаю. Яна будзе такой жа канструктыўнай, дружалюбнай», — запэўніў Прэзідэнт.

На сустрэчы беларускага лідара з прэзідэнтам Малдовы Ігарам Дадонам было адзначана, што нашы краіны разлічваюць захаваць дынаміку росту тавараабароту. Ігар Дадон падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за афіцыйны візіт у Малдову. Ён расказаў, што трактары, якія былі падораны беларускім бокам, дастаўлены ў маючыя патрэбу рэгіёны, а сумесна пасаджаная прэзідэнтамі кукуруза ўжо ўзышла.

Паводле БЕЛТА

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Гульня па правілах

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.