Вы тут

Яго ведалі ў Маскве, паважалі ў Варшаве


Перада мною папка з дакументамі аб жыцці і дзейнасці аднаго з арганізатараў і кіраўнікоў Кампартыі Заходняй Беларусі, чалавека незвычайнага лёсу Мікалая Сямёнавіча Арэхвы. Розныя гістарычныя крыніцы вывучаліся мною на працягу доўгага перыяду. Дзякуючы дапамозе маскоўскіх архівістаў яны папоўніліся звесткамі аб станоўчай ролі Мікалая Арэхвы ў вяртанні добрага імя заходнебеларускіх рэвалюцыянераў-падпольшчыкаў, пацярпелых ад сталінскіх рэпрэсій у сярэдзіне 1930-х гадоў. Сёлета выдатнаму змагару і мужнаму гісторыку споўнілася б 115 гадоў.


Алё­на Ля­во­наў­на Ва­я­вод­ская і Мі­ка­лай Ся­мё­на­віч Арэх­ва.

Мікалай Сямёнавіч Арэхва належыць да ліку дзеячоў, уяўленне аб якіх абапіраецца на паняцці «чырвонаармеец», «камсамольскі работнік», «рэвалюцыянер-падпольшчык», «адзін з кіраўнікоў заходнебеларускага рэвалюцыйнага руху», «удзельнік аднаўлення пасляваеннай Польшчы», «гісторык-даследчык». Сярод асоб, з якімі яго можна параўнаць, — Сяргей Восіпавіч Прытыцкі, Вера Захараўна Харужая, Васіль Емяльянавіч Самуцін (апошні, акрамя ўсяго, з 26.08.1944 па 18.04.1945 рэдагаваў газету «Звязда»).

Мікалай Арэхва нарадзіўся ў вёсцы Баруны Ашмянскага павета Гродзенскай губерні ў шматдзетнай сям'і. У бацькоў было дзевяць дзяцей, першыя чацвёра памерлі. Ён быў самы малодшы. Яго фізічнае і маральнае сталенне супадала з працэсамі «саветызацыі» і «бальшавізацыі» краіны. Гэта была любоў бедных: бедны Арэхва і бедная (па прычыне войнаў) краіна. Але Арэхва не здрадзіў ні сабе, ні сваёй краіне.

Першыя значныя падзеі ў жыцці Мікалая адбыліся ў Ноўгарадзе, куды ён і яго бацькі пераехалі ў 1915 годзе з-за падзей Першай сусветнай вайны. Тут ён сустрэў і падтрымаў ідэі Кастрычніцкай рэвалюцыі, стаў іх абаронцам у баях супраць войскаў Юдзеніча. У старажытным рускім горадзе юнак абіраўся сакратаром Ноўгарадскіх гарадскога і губернскага камітэтаў РКСМ, уступіў у 1920-м у рады РКП(б). Маладога чалавека заўважыла і Масква, якая ў 1923 годзе запрасіла яго на працу ў апарат ЦК РКСМ. Але гэта старонка дзейнасці была непрацяглая.

Ужо ў 1924 годзе, у час першага тэрытарыяльнага ўзбуйнення БССР, Арэхву паклікала да сябе Беларусь. Тут ён займаў пасады старшыні Часовага Беларускага Бюро ЦК РКСМ, першага сакратара ЦК ЛКСМБ, абіраўся членам ЦВК БССР.

Аднойчы, выступаючы на VІ Надзвычайным з'ездзе Саветаў БССР (сакавік 1924 года), Мікалай Арэхва ад імя моладзі сказаў: «Камсамол Беларусі гатоў знесці пагранічныя слупы паміж СССР і Польшчай і вызваліць беларускія землі». У тыя дні савецка-польская мяжа праходзіла ў 40 кіламетрах ад Мінска. Праз дзень старшыня ЦВК БССР Чарвякоў запрасіў яго да сябе і перадаў просьбу польскага консула ў Мінску «быць больш стрыманым». Арэхва паабяцаў прыслухацца да парады.

«Заходняя Беларусь», «Кампартыя Заходняй Беларусі» — паняцці, што існавалі ў ХХ стагоддзі. Назва «Заходняя Беларусь» была народжана Рыжскім мірным дагаворам паміж Расіяй і Польшчай, падпісаным 18 сакавіка 1921 года. Пад дакументам стаялі подпісы паўнамоцных прадстаўнікоў РСФСР і УССР. Адсутнасць прадстаўніка БССР тлумачылася пазіцыяй па гэтым пытанні Польшчы, якая заявіла, што БССР з'яўляецца часткай РСФСР. Старшыня ЦВК БССР Аляксандр Чарвякоў прысутнічаў на перагаворах толькі як назіральнік, пасля чаго заявіў, што больш агіднага становішча ў яго ніколі не было.

Уладзімір Ленін, улічваючы тагачасныя ўмовы Расіі, даў загад расійскай дэлегацыі пагадзіцца з прапановамі Польшчы. Так быў падпісаны Рыжскі мірны дагавор, па выніках якога да Польшчы адышлі тэрыторыі Гродзенскай, Брэсцкай, некаторых паўночна-заходніх раёнаў Мінскай і Віцебскай абласцей.

У некаторых работах па гісторыі Беларусі сцвярджаецца, што яе народ нібы не здолеў у пачатку ХХ стагоддзя стварыць сваю нацыянальную дзяржаўнасць. Але гэта не зусім так. Беларусь у той час прайшла праз два дзяржаўныя ўтварэнні: Беларускую Народную Рэспубліку (25.03.1918) і Беларускую ССР (01.01.1919). Беларусам удалося адстаяць толькі БССР, якую ў той час не хацеў прызнаваць Захад.

Масква з-за хваробы, а потым і смерці Уладзіміра Леніна на нейкі час страціла вядучую ролю ў вырашэнні праблем сусветнага рэвалюцыйнага руху. Не змог замяніць папярэдніка і Іосіф Сталін. Улічваючы сітуацыю, Камуністычная рабочая партыя Польшчы ўжо восенню 1923 года перафарміравалася ў Камуністычную партыю Польшчы, у складзе якой утварыліся ў якасці аўтаномных частак Камуністычная партыя Заходняй Беларусі і Камуністычная партыя Заходняй Украіны. Так адбылося нараджэнне КПЗБ. Масква дала станоўчую ацэнку гэтай падзеі як адпаведнай месцу і часу. У тыя дні быў утвораны і Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі (КСМЗБ).

КСМЗБ і Камуністычная партыя Польшчы змагалася за ліквідацыю памешчыцкага землеўладання, перадачу зямлі сялянам без выкупу, за права самавызначэння Заходняй Беларусі аж да яе аддзялення і ўз'яднання з БССР. У канцы снежня 1923-га ў шэрагі КПЗБ улілася Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя, якая прадстаўляла інтарэсы рэвалюцыйна настроенай беларускай інтэлігенцыі.

Гэта быў час, калі існавала неадпаведнасць паміж разуменнем сацыялістычнай рэвалюцыі на Захадзе і Усходзе (Расія). Рэвалюцыю на Захадзе (у Польшчы, Чэхіі, Венгрыі, Балгарыі, Германіі) чакалі, але не тую, якая вядзе да грамадзянскай вайны (калі брат супраць брата, дзеці супраць бацькоў). Гэта разумелі і ў Маскве, дзе ў 1920-я гады пачалі рыхтаваць новыя кадры падпольшчыкаў-рэвалюцыянераў, сваё месца сярод якіх заняў і Арэхва.

На­ву­ко­ва-прак­тыч­ная кан­фе­рэн­цыя, пры­све­ча­ная 50-год­дзю ўтва­рэн­ня КПЗБ і Ка­му­ніс­тыч­на­га са­ю­за мо­ла­дзі За­ход­няй Бе­ла­ру­сі ў Мін­ску (1973 год). Ад­кры­вае кан­фе­рэн­цыю сак­ра­тар ЦК КПБ А. Т. Кузь­мін, М. С. Арэх­ва — дру­гі зле­ва.

Ад тагачаснай гісторыі Заходняй Беларусі засталіся своеасаблівыя напаміны. Адзін з іх — дакладная запіска Беластоцкага ваяводы Генрыха Асташэўскага ў Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы «Праблемы ўмацавання польскага ўладнага становішча ў Беластоцкім ваяводстве» ад 23 чэрвеня 1939 года. Квінтэсенцыю польскай палітыкі ў адносінах да беларусаў перадаюць наступныя радкі: «Мы жадаем толькі аднаго і настойліва патрабуем, каб гэта нацыянальная меншасць (беларусы. — Аўт.) думала па-польску, і нічога ўзамен яму не даваць і нічога не рабіць у гэтым кірунку. У цяперашні час можна яшчэ беларусаў асіміліраваць у адзіны паток польскай культуры». Вось такую будучыню беларускаму насельніцтву маляваў гэты дзяржаўнік.

Перад намі дзве лініі чалавечага жыцця. Адна належыць Мікалаю Сямёнавічу Арэхву, другая — Алёне Лявонаўне Ваяводскай. Ён — выхадзец з працоўнай сям'і, яна — з Віленшчыны, дачка служачага і хатняй гаспадыні. Абое з маладых гадоў на падпольнай рэвалюцыйнай рабоце за мяжой. У 1931-м Алёна, ратуючыся ад польскай дэфензівы, трапляе ў Маскву, дзе знаёміцца з Мікалаем Сямёнавічам. Пакахала яго, выйшла замуж. У пачатку 1935-га застаецца з дачкой Ларысай у Мінску, а ён праз Прыбалтыку, Германію выязджае ў Прагу — прадстаўляць інтарэсы ЦК КПЗБ. (Да таго часу Мікалай Арэхва стаў членам Бюро ЦК Кампартыі Заходняй Беларусі.)

Мікалай Сямёнавіч вучыўся ў аспірантуры Міжнароднай ленінскай школы ў Маскве (двухгадовай). Яна лічылася камінтэрнаўскай навучальнай установай, што рыхтавала кіраўнічыя кадры сярэдняга звяна для кампартый капіталістычных краін. Навучанне праходзіла пры ўмовах канспірацыі. Быў залічаны туды пад імем Мікуліч Пётр Міхайлавіч. Атрымліваў стыпендыю 215 рублёў у месяц. Хапала на ежу і неабходныя расходы. Жонка, Алёна Лявонаўна, у той час была студэнткай беларускага сектара Камуністычнага ўніверсітэта нацыянальных меншасцей Захаду. Кожны жыў у сваім інтэрнаце. Потым, ужо вясной 1933 года, Арэхва атрымаў асобны пакой у інтэрнаце на Малой Нікіцкай вуліцы.

«Прашу пачаць судовае расследаванне...» — словы з пісем Арэхвы пасля яго вяртання зімой 1940-га з заходнебеларускага падполля. Яны датычацца трагічнага лёсу Алёны Ваяводскай. Лісты адрасаваны першаму сакратару ЦК КП(б)Б П. К. Панамарэнку.

Не ведаў Мікалай Сямёнавіч, што да таго часу быў арыштаваны і расстраляны першы сакратар ЦК КП(б)Б М. Ф. Гікала, памёр у час допытаў старшыня СНК БССР М. М. Галадзед, скончыў жыццё самагубствам старшыня ЦВК БССР А. Р. Чарвякоў.

У лісце ад 3 красавіка 1940 года гаворыцца: «У сваёй заяве Вам (П. К. Панамарэнку. — Аўт.) ад 2.02.1940 г. я хадайнічаў аб садзейнічанні ў пераглядзе справы і вызваленні з месцаў няволі маёй жонкі Ваяводскай Алёны Лявонаўны, арыштаванай НКУС у Мінску ў 1937 годзе ў той час, калі я знаходзіўся за мяжой на падпольнай партыйнай рабоце... Цяпер ужо вызваліць і вярнуць яе немагчыма. 31 красавіка ў пракуратуры БАВА я даведаўся, што мая жонка ў хуткім часе пасля арышту была расстраляна. Я вельмі здзіўлены, чаму прадстаўнікі НКУС БССР хлусілі, калі паведамлялі, што Ваяводская А. Л. 5.11. асуджана на 10 гадоў без права перапіскі. Хацелі ўтаіць?.. Але хоць яна, мая жонка, ужо расстраляна, я падаў заяву пракурору БАВА з хадайніцтвам аб пераглядзе яе справы і аб яе рэабілітацыі. Я рашуча настойваю, каб мне паведамілі факты, якія паслужылі падставай для прысуджэння маёй жонкі да расстрэлу за нібыта шпіёнскую і правакатарскую дзейнасць».

Так пачалася барацьба за чэснае імя роднага чалавека, якая паступова ператварылася ў змаганне за ачышчэнне ўсёй гісторыі КПЗБ ад фальсіфікацый і падазронасцяў. Поўнасцю ўсё гэта закончылася толькі пасля ХХ з'езда КПСС (1956 год).

Аўтар гэтых радкоў ведаў Мікалая Сямёнавіча Арэхву па сумеснай рабоце ў Інстытуце гісторыі партыі пры ЦК КПБ. Магу канстатаваць, што Мікалай Сямёнавіч ніколі не называў Польшчу буржуазнай краінай, а толькі польскай дзяржавай, быў супраць дзялення палякаў на «чырвоных» і «белых», бо ёсць толькі палякі як прадстаўнікі нацыі, якая гістарычна склалася. Наогул, усе яго выступленні вылучаліся карэктнасцю ў адносінах да гісторыі, яе падзей, удзельнікаў.

Грамадскі і палітычны партрэт Арэхвы складалі такія рысы, як вялікая працаздольнасць, добрае веданне ўнутранай і знешняй палітыкі, паважлівае стаўленне да беларускай мовы.

Дарэчы, «Звязду» ён чытаў у Празе, у падполлі — як крыніцу вывучэння БССР і СССР. Яе дастаўляў у Чэхію спецыяльны кур'ер.

Мікалай Арэхва — адзін з галоўных аўтараў і стваральнікаў гістарыяграфіі Заходняй Беларусі, у якой асобнае месца належыць калектыўным працам: «Рэвалюцыйны шлях Кампартыі Заходняй Беларусі», «У суровыя гады падполля», «Барацьба працоўных Заходняй Беларусі за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне і ўз'яднанне з БССР» і асабістым успамінам Мікалая Сямёнавіча «Справы і людзі КПЗБ» і іншым.

У 1963 годзе ў Брэсце, на будынку, у якім у 1927—1938 гадах знаходзілася падпольная друкарня КПЗБ, была ўстаноўлена мемарыяльная дошка. Сярод прысутных знаходзіўся і герой нашага артыкула. У 1981-м Мікалаю Арэхву прысвоілі ганаровае званне «Заслужаны работнік культуры БССР». Мікалай Арэхва пайшоў з жыцця 16 ліпеня 1990 года, але памяць аб ім жыве.

Яўген БАРАНОЎСКІ, кандыдат гістарычных навук

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».