Вы тут

Пачуцці і роз(д)ум у вадзяным жывапісе сяброў арт-студыі «АКВАВІР»


Погляд на свет, дзе зямны і нябесны аспекты быцця ўспрымаюцца як цэласная філасофская субстанцыя, — такую канцэпцыю выбрала для новай выстаўкі творчае аб’яднанне арт-студыі «АКВАВІР». Мастакі аб’яднання заклікаюць паглядзець экспазіцыю, каб паглыбіцца ў свет святла і чысціні. Выстаўка прадстаўлена ў мастацкай галерэі «Універсітэт культуры».


Наталля Шабуневіч «Ціхая раніца», 2017 г.

Сябры творчага аб’яднання «АКВАВІР» працуюць у тэхніцы вадзянога жывапісу. Асноўная частка членаў аб’яднання — былыя выпускнікі і выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Сярод іх — такія творцы, як Наталля Шапавалава, Ала Кушнер, Наталля Шабуневіч і іншыя. Кіраўнік арт-студыі — прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Уладзімір Рынкевіч распавядае:

— Наша аб’яднанне без перабольшання стварае разумнае мастацтва. Для мяне гэта творчасць, у якой сумешчаныя розум і ўнутранае пачуццё. Мы абстрагуемся ад масавага мастацтва. Здаецца, цяпер той самы час, калі мы можам вярнуць мастацтву паўнавартаснасць, каб розум і пачуцці не разыходзіліся. Такі жывапіс чапляе, развівае ўяўленне, фантазію і густ.

Сёння аб’яднанне налічвае амаль два дзясяткі акварэлістаў, кожны з якіх паспяхова працуе ў творчым кірунку. На выстаўцы «Зямное і нябеснае» прадстаўлены аўтары, якія неаднаразова выйгравалі міжнародныя конкурсы.

— Удзельнікі аб’яднання «АКВАВІР» выдатна разумеюць, чым мастацкі вобраз адрозніваецца ад прамога сэнсу, — адзначае Уладзімір Рынкевіч. — І актыўна выкарыстоўваюць веды. Перад тым, як узяць у рукі пэндзаль, мы выбудоўваем канцэпцыю, а потым малюем. Адчуваю, што маладым мастакам цікава вучыцца і бачыць вынік працы.

Выстаўка «Зямное і нябеснае» аб’ядноўвае творы розных жанраў, сюжэтаў і тэматычных кірункаў. Але галоўнае, што кожны з удзельнікаў выстаўкі робіць справу з душой. Працуючы над творамі, яны пачуваюцца не толькі мастакамі, але і філосафамі: абуджаюць асацыятыўнае мысленне і пакідаюць волю фантазіі — сваёй і гледачоў.

Вікторыя АСКЕРА 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.