Вы тут

Багатая спадчына Мая Данцыга вартая асобнай выставачнай прасторы


Яркі, таленавіты, энергічны. Менавіта такім сучаснікі ўспамінаюць народнага мастака Беларусі Мая Данцыга, які зрабіў неацэнны ўнёсак у нацыянальную культуру краіны. У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі адбыўся вечар памяці і адкрыццё выстаўкі Мая Вольфавіча.


«Мінск. Вясна. 1944 год», 1975 г.

За шэсцьдзясят пяць гадоў творчасці Май Данцыг стварыў вялікую колькасць карцін, у тым ліку цэлую галерэю вобразаў роднага Мінска. Яшчэ ў самым пачатку творчага шляху майстар вызначыў для сябе некалькі галоўных тэм, якія распрацоўваў і інтэрпрэтаваў на працягу ўсяго жыцця: вайна, горад, новабудоўлі, працоўныя будні, партрэты дзеячаў культуры.

— Для мяне як мастака Май Вольфавіч зрабіў галоўнае — захаваў дух 50, 60, 70-х гадоў, які панаваў у нашым любімым Мінску, — падкрэсліў на вечары памяці народны мастак Беларусі Уладзімір Тоўсцік. — Розніца ва ўзросце ў нас была прыстойная, але аб’ядноўвала тое, што мы абодва карэнныя мінчане. Мы вельмі любілі гаварыць пра Мінск. Май Вольфавіч расказваў, якім наш горад быў пасля вайны. Дзіўна, як ён памятаў пахі горада, успамінаў пра пахі вясны, якія літаральна захоплівалі Мінск у палон. Але важна, што ён гэта не толькі памятаў — данёс успаміны да нас у творах.

У палотнах, прысвечаных роднаму гораду, майстар стварыў абагульнены паэтычны вобраз, у якім часцяком зліваюцца разам сучаснасць і мінулае. Дачка майстра Ала Данцыг кажа, што бацька зараджаў любоўю да горада ўсіх, хто аказваўся побач.

Май Данцыг умеў і любіў пісаць партрэты сучаснікаў, адораных і моцных, якія валодаюць вялікай унутранай глыбінёй, акрыленых мастацтвам і самаадданых, як і ён сам. Жывапісец Уладзімір Уродніч падкрэсліў, што Май Вольфавіч праз размовы ўмеў выхоўваць чалавека, мог перавярнуць яго свядомасць у адно імгненне.

«Гудзе зямля Салігорская. Вячэрняя змена», 1960 г.

Асаблівае месца ў творчасці Мая Данцыга займала ваенная і гарадская тэматыка. Творца ўнёс у беларускае мастацтва сваё асэнсаванне сутнасці вайны, трагізму яе страт і героікі барацьбы. Самым галоўным днём у годзе мастак лічыў 9 Мая. Цікава, як майстар умеў падаваць ваенныя палотны. На іх не ўбачыш баталій і жахаў вайны, але ў іх кранае драматызм.

Па словах калег, калі мастак браўся за пэндзаль, адразу станавіўся сур’ёзны, удумлівы. Але ж у жыцці ён быў добры і пазітыўны. Яму хацелася ўсё паспець і ўсім дапамагчы.

— У яго быў незвычайны гумар, які не заўсёды можна было зразумець адразу. Але калі зразумеў, што да чаго, гэты чалавек выклікаў захапленне, — расказвае мастацтвазнаўца Ларыса Бортнік. — Пасля майстра засталася вялікая мастацкая спадчына, і калі разбірала яго работы, зразумела, што многія бачу ўпершыню. Спадзяюся, што ўсе яны будуць прадстаўлены ў будучым музеі імя Мая Данцыга.

Вікторыя АСКЕРА

Загаловак у газеце: Сустрэнемся ў будучым музеі?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».