Вы тут

Навошта задаваць пытанні?


Канкурыраванне розных арганізацый з мэтай стварэння найбольш арыгінальнай або нашумелай выстаўкі тэарэтычна павінна станоўча адбівацца на выставачнай дзейнасці ў Беларусі. Пастаяннае спаборніцтва павінна прысутнічаць у культурнай прасторы, але нярэдка здараюцца сітуацыі, калі выстаўкі сучаснага мастацтва ператвараюцца ў свайго роду маркетынгавую кампанію. Гэта не з’яўляецца мінусам у працы арганізацый, якія займаюцца прэзентацыяй мастацтва, але досвед паказвае, што выстаўкі з такой скіраванасцю часта не маюць выразнай канцэпцыі. У такіх сітуацыях галоўнае пытанне «пра што?» сучасныя куратары часам абыходзяць бокам.


Разгледзім у якасці прыкладу выстаўку, якая праходзіла ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў «Я Манэ Я Шышкін Я Малевіч». У першую чаргу варта адзначыць, што канцэнтрацыя ў адной прасторы разнастайных твораў сучасных аўтараў — гэта цікавы матэрыял для мастацтвазнаўцаў, культуролагаў і сацыёлагаў. Акрамя таго, гэта цікавы досвед для саміх мастакоў.

 Прэзентацыя твораў, якія прынеслі на выстаўку ўсе ахвотныя, праводзілася яшчэ ў ХХ стагоддзі. Улічваючы той факт, што ідэя далёка не новая, хацелася б убачыць яе пераасэнсаванне. Сучасныя куратары часта прадстаўляюць памяшканне для твораў класічнага мастацтва ў новым кантэксце. У самым простым выпадку прадстаўленыя работы можна было б разгледзець з пазіцыі лакальных асаблівасцяў або з псіхалагічнага пункту гледжання, вывучыўшы матывы людзей, якія хочуць прадэманстраваць публіцы сваю творчасць і г. д. На дзіва, выставачная зала стала нагадваць мастацкі салон у самым негатыўным яго праяўленні. Прастора, у якой суседнічаюць прафесійна напісаныя пейзажы і кошкі на фоне захаду сонца ператварылася ў дзіўны сінтэз мастацтваў, які не мае канкрэтнай мэтавай аўдыторыі.

Кожная прадстаўленая работа была адзначана нумарам, а ў пачатку выставачнай залы размешчаны стэнд з нумарамі, побач з якімі ўказвалася назва і аўтарства кожнага твора. Хутчэй за ўсё, гэтая сістэма прадугледжвала зручнасць галасавання за ўпадабаную работу. Але куратарская думка ўсё ж не зусім зразумелая: чаму ў такім выпадку этыкеткі не былі размешчаны побач з экспанатамі? Калі канцэпцыя прадугледжвае непрадузятую адзнаку твора мастацтва, калі глядач не ведае імя аўтара і не ведае часу яго стварэння, навошта ў такім выпадку размяшчаць падрабязную інфармацыю на стэндзе? Нават калі разлічваць на тое, што сэнс гэтай выстаўкі заключаецца ў галасаванні, з-за невыразнай канцэпцыі ўзнікаюць цяжкасці ў ацэнцы прадстаўленых твораў: што на такой выстаўцы можа быць «самым-самым»? Работа аўтара, які больш за ўсіх стараўся, ці работа, якая выкананая найбольш прафесійна?

Безумоўна, кожны наведвальнік такой выстаўкі знойдзе зразумелы для сябе твор, але ці можна лічыць такую мэту паказчыкам добрай выстаўкі сучаснага мастацтва? Нягледзячы на тое, што прынцып экспанавання работ ўсіх ахвотных аўтараў сам па сабе цікавы, важна добра прадумаць спосаб падачы такога матэрыялу. Вызначэнне мэты выставачнага праекта — адзін з найважнейшых этапаў стварэння добрага прадукту. Калі гэтага не ўлічваць, і мастакі, і тэарэтыкі мастацтва, і проста наведвальнікі рызыкуюць пастаянна сутыкацца з выстаўкамі, якія праводзяцца толькі для сцвярджэння мастакоў у статусе мастакоў альбо з арганізацыямі, якія працуюць толькі для падтрымання статусу дзеючай выставачнай пляцоўкі.

Алена РУСАКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.