Вы тут

Дзеля разумення творчых працэсаў


Міністэрства інфармацыі і Беларускі саюз мастакоў заключылі пагадненне аб супрацоўніцтве.


Дакумент мае на мэце папулярызацыю сучаснага мастацтва і павышэнне агульнага культурнага ўзроўню насельніцтва праз сумесныя праекты. Пра гэта расказаў міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч.

— Пагадненне арыентуе нас на сумесную працу, звязаную з грамадска-сацыяльнымі праектамі, якія асвятляюцца медыйнай супольнасцю, і з той сацыяльнай і творчай работай, якая разглядаецца ў межах працы Беларускага саюза мастакоў. Як прыклад: з дапамогай СМІ нам удалося прыцягнуць грамадскасць да распрацоўкі талісмана
ІІ Еўрапейскіх гульняў. Зараз мы спадзяёмся, што пэўныя карэктывы ў ідэю талісмана ўнясуць прафесійныя мастакі. На чарзе таксама цэлы шэраг агульных конкурсаў, якія атрымаюць такую ж шырокую інфармацыйную падтрымку, — запэўніў міністр.

Рыгор Сітніца, старшыня Беларускага саюза мастакоў, адзначыў, што пагадненне найперш дасць грамадству веды і разуменне мастацкіх працэсаў, якія ў нас адбываюцца ў краіне. Гэта асабліва актуальна, бо сёння большасць жыхароў краіны адарвана ад сучасных павеваў выяўленчага мастацтва. Катастрафічна не хапае якаснай аналітыкі, якая разглядала б творчасць у гістарычным і агульнакультурным аспектах. Між тым многа працы зроблена ў асвятленні мастацкіх працэсаў і трэба, каб занятыя ў гэтым кірунку людзі адчулі падтрымку і вартасць сваёй працы.

З азначанай праблемы нарадзілася ідэя рэспубліканскага творчага конкурсу на найлепшае асвятленне ў СМІ тэмы мастацтвазнаўства і мастацкай крытыкі. Да ўдзелу ў ім прымаюцца работы, апублікаваныя ў СМІ, альбо сюжэты, якія выйшлі ў тэлевізійны ці радыёвяшчальны эфір, а таксама матэрыялы, размешчаныя на сайтах у даменнай зоне .by на працягу 2018 года на беларускай або рускай мове.

— Усяго намі вылучана чатыры намінацыі. За асабісты ўклад будуць ушанаваныя дзеячы, што значную частку жыцця і сіл прыклалі на асвятленне і вывучэнне працэсаў выяўленчага мастацтва. У другой і трэцяй намінацыях плануем узнагароджваць аўтараў за аналітычнае асвятленне мастацкай падзеі або за аналітычнае асвятленне творчасці пэўнай асобы. Чацвёртая намінацыя будзе звязана з разглядам навуковых работ у галіне мастацтвазнаўчай крытыкі, — паведаміў старшыня Беларускага саюза мастакоў.

Умовы конкурсу будуць размешчаны на сайтах Беларускага саюза мастакоў і Міністэрства інфармацыі. Пераможцы акрамя дыпломаў могуць разлічваць і на матэрыяльную ўзнагароду.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».