Вы тут

Пачалося будаўніцтва новага прадпрыемства «Амкадор-Маш»


У цырымоніі закладкі капсулы ў падмурак будучага завода прынялі ўдзел першы намеснік прэм'ер-міністра Васіль Мацюшэўскі, памочнік Прэзідэнта Беларусі Аляксандр Косінец, памочнік Прэзідэнта — інспектар па Мінскай вобласці Ігар Яўсееў, старшыня Дзяржкаммаёмасці Андрэй Гаеў, старшыня Мінаблвыканкама Анатоль Ісачанка, пасол Кітая ў Беларусі Цуй Цымін і іншыя.


Генеральным падрадчыкам будаўніцтва завода выступае СІTІС Соnstruсtіоn — даччыная кампанія карпарацыі СІTІС Grоuр, адной з найбуйнейшых дзяржаўных інвестыцыйных кампаній Кітая. «Амкадор-Маш» будзе вырабляць франтальныя і ўніверсальныя пагрузчыкі грузападымальнасцю 2—5 тон, пагрузчыкі з тэлескапічнай стралой, трактары з шарнірна-сучлененай рамай магутнасцю 250—600 конскіх сіл. На новым заводзе будуць выпускаць і гатовыя машынакамплекты для зборачных вытворчасцяў холдынга «Амкадор».

Планаваны сабекошт праекта складае каля 230 млн долараў, магутнасць вытворчасці — каля 6 тысяч машын у год. Прэзідэнт карпарацыі Ван Цзюн падкрэсліў, што будаўніцтва завода паслужыць бліскучым прыкладам супрацоўніцтва дзвюх краін і адкрые новыя старонкі ў летапісе кітайска-беларускага сяброўства.

Старшыня савета дырэктараў таварыства «Амкадор» — кіруючая кампанія холдынга» Аляксандр Шакуцін адзначыў, што завод плануецца ўвесці ў эксплуатацыю на працягу двух, магчыма, паўтара года. «Будзе выпускацца эксклюзіўная прадукцыя, яе плануецца ў асноўным экспартаваць у краіны Еўрасаюза, Азію, Афрыку, краіны былога Савецкага Саюза», — дадаў ён. Аляксандр Шакуцін таксама выказаў упэўненасць, што новае прадпрыемства стане адным з сімвалаў паспяховага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва Беларусі і Кітая.

Праект прадугледжвае стварэнне 1350 працоўных месцаў. У бягучым годзе плануецца пабудаваць пяціпавярховы дом для работнікаў будучага прадпрыемства.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Завод пагрузчыкаў і кітайскія інвестыцыі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?