Вы тут

Чыя «нічыйная» маёмасць?


Да 2007 года працэс прыцягнення ў гаспадарчы абарот маёмасці, якая неэфектыўна або наогул не выкарыстоўвалася, быў несістэмным і хаатычным. Але з цягам часу сітуацыя пачала мяняцца да лепшага. Калі раней такая маёмасць прадавалася доўга і з вялікай асцярогай, то цяпер падыходы мяняюцца.


Але гэтаму кірунку па-ранейшаму трэба ўдзяляць вялікую ўвагу, адзначалася днямі на пасяджэнні Мінаблвыканкама. Многія аб'екты знаходзяцца ў непрывабным, нездавальняючым, паўразбураным стане, тэрыторыя вакол іх зарасла хмызняком і пустазеллем. Не заўсёды яны агароджаныя, не на ўсіх уладкаваны папераджальныя таблічкі. Такія безгаспадарныя будынкі як магніт прыцягваюць дзяцей. Нягледзячы на забарону дарослых, яны ладзяць тут свае гульні і забавы, што можа закончыцца трагедыяй. Акрамя таго, што «нічыйныя» будынкі псуюць эстэтыку гарадоў і іншых населеных пунктаў, яны яшчэ патрабуюць дадатковых расходаў на ўтрыманне. А колькі новых вытворчасцяў і рабочых месцаў мы не далічваемся!

— Гэта адзін з найважнейшых кірункаў, якому неабходна ўдзяляць значную ўвагу. Ад эфектыўнасці нашай работы цалкам залежыць выкананне даручэнняў кіраўніка дзяржавы і ўрада па навядзенні парадку на зямлі, што асабліва актуальна ў Год малой радзімы, — падкрэсліў старшыня Мінаблвыканкама Анатоль Ісачанка.

У цэнтральным рэгіёне не выкарыстоўваецца практычна 3 тысячы аб'ектаў усіх формаў уласнасці, у тым ліку 418 аб'ектаў камунальнага падпарадкавання. Пытанні прыцягнення ў гаспадарчы абарот маёмасці разглядаюцца штогод. Але, на жаль, прыкметнага прагрэсу не назіраецца: паказчыкі не выконваюцца. У 2017-м, напрыклад, план па прыцягненні ў гаспадарчы абарот, зносе і кансервацыі аб'ектаў усіх формаў уласнасці быў выкананы толькі на 42 %, камунальнай — на 78,6 %. Паказчыкі па раёнах адрозніваюцца: дзесьці лепш, дзесьці горш, а недзе — і зусім дрэнна. Хаця ўсе яны знаходзяцца ў адным прававым полі.

Дырэктар фонду «Мінскаблмаёмасць» Антаніна Палякова больш падрабязна спынілася на аб'ектах, якія знаходзяцца ў камунальнай уласнасці. Амаль палову нявыкарыстаных складаюць сацыяльныя: былыя дзіцячыя садкі, школы, ваенныя гарадкі, фельчарска-акушэрскія пункты, клубы. Вёска старэе, дэмаграфія пагаршаецца. Сацыяльныя і культурныя ўстановы аптымізуюцца, закрываюцца, паколькі на іх утрыманне, ацяпленне, заробкі персаналу трацяцца немалыя грошы. У той жа час гэтыя будынкі стаяць паўпустымі або пустымі. Не выключэнне і збудаванні сельскагаспадарчага прызначэння: малочнатаварныя, жывёлаводчыя фермы, склады, рамонтныя майстэрні.

Як правіла, усе гэтыя аб'екты аддаленыя ад буйных гарадоў, населеных пунктаў, транспартнай інфраструктуры. У выніку адсутнічае цікавасць да іх з боку пакупнікоў. Палохае інвестараў таксама высокі кошт і працягласць перыяду падрыхтоўкі праектна-каштарыснай дакументацыі, правядзення будаўнічых работ. У ліку прычын нежадання набываць нерухомасць — зацягванне тэрмінаў перапрадажнай падрыхтоўкі аб'ектаў, няякаснае і нясвоечасовае афармленне дакументаў, што цягне за сабой позняе выстаўленне іх на таргі, не дазваляе на працягу года правесці іх паўторна, у тым ліку з паніжэннем першапачатковай цаны.

Як лічыць Антаніна Палякова, без дадатковых затрат з боку дзяржавы істотна змяніць сітуацыю цяжка. Пастаянна каля 40 % аб'ектаў нерухомасці пераходзяць у план наступнага года. Пры гэтым заўсёды ідзе працэс вызвалення іншай маёмасці. А ў выніку агульны пералік аб'ектаў, што не выкарыстоўваюцца, скарачаецца марудна...

У 2017 годзе планавалася прыцягнуць у абарот, закансерваваць і знесці 337 адзінак камунальнай уласнасці. Работы выкананы па 265. З даведзенымі паказчыкамі справіліся толькі ў Бярэзінскім, Барысаўскім, Клецкім, Салігорскім і Старадарожскім раёнах.

Летась за недастатковае прыцягненне ў гаспадарчы абарот нявыкарыстанай маёмасці меры дысцыплінарнай адказнасці прымяняліся да пяці кіраўнікоў.

Як адзначыла спецыяліст, на Міншчыне за тры папярэднія гады скарацілася колькасць аб'ектаў, якія выстаўляюць на аўкцыён з першапачатковай цаной у адну базавую велічыню. Аналіз паказвае, што адчужэнне нерухомасці за сімвалічную цану або бясплатна не прыносіць жаданых вынікаў. З 2008 па 2017 гады заключана 277 такіх дагавораў. З іх 62 скасаваныя. Нядобрасумленных уласнікаў, паводле заканадаўства, прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці, ім павялічваюць стаўкі падатку на нявыкарыстаную маёмасць і зямельны падатак у дзесяць разоў.

Сярод асноўных прычын неэфектыўнага выкарыстання нерухомасці — няўзгодненасць дзеянняў службаў выканкамаў падчас планавання тэрмінаў выканання работ, адсутнасць каардынацыі работы ў далейшым.

На думку Антаніны Паляковай, праблемы можна пазбегнуць, калі дакладна вызначыць канкрэтныя тэрміны выканання задач. Неабходна таксама прызначыць адказных асоб, якія б кантралявалі ўсе этапы працэсу. Не трэба забываць і аб рэкламе — рухавіку прагрэсу, нагадала спецыяліст. Нядрэнна было б устанавіць расцяжку з каардынатамі, нумарамі тэлефонаў уласніка аб продажы аб'екта. Неабходна толькі яе падрыхтаваць, а распаўсюджвацца яна будзе бясплатна, як сацыяльная рэклама. Разам з тым сваю лепту ў агульную справу маглі б унесці і саветы па развіцці прадпрымальніцтва, якія маюць цесныя стасункі з бізнес-асяроддзем. Ім патрэбна своечасова даваць інфармацыю пра маёмасць, якая знаходзіцца на тэрыторыі рэгіёнаў. Ну, і нядрэнна было б часцей абнаўляць звесткі на сайце райвыканкамаў.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.