Вы тут

Што новае сёлета з'явіцца ў сталічных зонах адпачынку?


Калі вам здаецца, што пра гарадскія пляжы не ўспаміналі з заканчэння мінулага сезона, вы памыляецеся. Работа па добраўпарадкаванні — справа пастаянная, проста ў яе бываюць пікі актыўнасці. Позняя вясна — якраз адзін з іх. Пра тое, што ўжо зроблена, а што ёсць у планах на найбліжэйшы час, расказалі на прадпрыемстве «Мінская лесапаркавая гаспадарка».


У ведамстве прадпрыемства знаходзіцца 20 зон адпачынку на чатырох вадасховішчах: Заслаўскім (якое ў народзе часцей называюць Мінскім морам), Цнянскім вадасховішчах, Дразды і Крыніца. Цалкам іх падрыхтоўка да летняга сезона завершыцца да 18 мая.

Кожны год на пляжах з'яўляюцца новыя альтанкі і стацыянарныя мангалы, дадатковыя урны і лаўкі. Так, сёлета ў зонах рэкрэацыі ўсталявалі 54 «грыбкі», 82 лаўкі, 111 урнаў. Для дзяцей абсталявалі дадатковыя гульнявыя комплексы. Цяпер пляцоўкі для гульняў можна знайсці практычна на кожным з 20 пляжаў. Паклапаціліся супрацоўнікі прадпрыемства і аб мінчанах, якія вядуць здаровы лад жыцця: існуючыя спартыўныя пляцоўкі дапоўнілі 15 новых трэнажораў. Устаноўка біяпрыбіральняў на пляжах пачнецца з 15 мая — іх колькасць у гэтым сезоне павялічыцца.

Па леташнім прыкладзе Цнянскага вадасховішча замянілі і старыя кабінкі для пераапранання на двух пляжах вадасховішча Дразды і Мінскага мора. Яны значна зручнейшыя за сваіх папярэдніц: унутры ёсць сядзенне і перакладзіна, на якую можна павесіць рэчы. Зноў жа, па прыкладзе Цнянскага вадасховішча, у іншых зонах адпачынку з'явяцца велапаркоўкі — па дзве на кожным буйным пляжы.

Мабыць, самае нечаканае новаўвядзенне гэтага года — устаноўлена больш за паўтары сотні стацыянарных шэзлонгаў. У тапчаноў будзе металічны каркас і драўлянае ложа. Апрабаваць навінку можна будзе на Мінскім моры, на вадасховішчах Дразды і Цнянка.

Вялікая ўвага будзе ўдзяляцца не толькі стварэнню камфортных умоў для адпачынку, але і падтрыманню чысціні і парадку ў зонах рэкрэацыі. Так, летась для гэтых мэт набылі пляжаўборачную машыну. Яна прызначана для прасейвання пяску і выдалення з яго дробнага смецця. Дарэчы, рабочая глыбіня машыны даходзіць да 15 сантыметраў, а значыць, выдаляецца нават тое смецце, якое паспеў прысыпаць пясок. Самае спрыяльнае надвор'е для такой тэхнікі сухое, з вільготным пяском работа ідзе трохі павольней. Аднак пакуль машына не можа цалкам замяніць чалавечую працу, таму зараз прадпрыемства наймае сезонных прыбіральшчыкаў, якія будуць дапамагаць падтрымліваць парадак на пляжах.

Ужо завершана ўладкаванне пад'язных дарог да зон адпачынку. Самі пляжы, у першую чаргу Цнянскае вадасховішча і Дразды, таксама закранула абнаўленне. Тут падсыпана каля сямі тысяч квадратных метраў сеянага і мытага пяску.

Не застаўся па-за ўвагай і горад у цэлым. Толькі за час правядзення вясновага месячніка па добраўпарадкаванні і азеляненні гарадскіх тэрыторый, які праходзіў у красавіку, было прыведзена ў парадак больш за 16 тысяч гектараў гарадскіх тэрыторый. Як на аператыўнай нарадзе паведаміла начальнік упраўлення гарадской гаспадаркі і энергетыкі Мінгарвыканкама Марына МАЛАЕВА, з горада вывезлі каля 20 тысяч кубічных метраў смецця, адрамантавалі звыш 78 тысяч квадратных метраў асфальтавага пакрыцця, 1,8 тысячы прыпыначных навесаў і больш за 700 святлафораў, абнавілі дарожную разметку. Акрамя таго, было адрамантавана і пафарбавана 45 тысяч адзінак малых архітэктурных формаў і дзіцячага абсталявання. За месяц у сталіцы з'явілася 10 тысяч новых дрэў і 25 тысяч кустоў.

У цёплы перыяд на вуліцах горада будзе высаджана каля 1,8 мільёна летніх кветак. Дарэчы, сёлета, паводле слоў спецыялістаў «Мінскзелянбуда», будзе ўкаранёна новая форма азелянення — кветнікі з мнагалетніх і злакавых раслін.

У цэлым у сталіцы імкнуцца ўжываць толькі расаду, устойлівую да агрэсіўнага гарадскога асяроддзя.

Мабыць, адным з самых цікавых «зялёных» праектаў можна назваць жывы лабірынт у выглядзе карты Беларусі. Яго высаджваюць у скверы Старосцінская слабада непадалёк ад гасцініцы «Беларусь». Кампазіцыя будзе складацца з трох тысяч хвойных кустоў вышынёй каля метра. Паглядзець на гатовы твор ландшафтнага дызайну можна будзе ўжо ў сярэдзіне мая.


У тэму

Як паведаміў на аператыўнай нарадзе начальнік упраўлення спорту і турызму Мінгарвыканкама Сяргей ФУРМАНАЎ, ва ўсіх раёнах Мінска з'явяцца тыпавыя спартыўныя пляцоўкі, ужо вызначаны месцы для іх размяшчэння. Яны будуць складацца з міні-рампы, комплексу снарадаў для заняткаў і трэнажораў для пажылых людзей. Таксама запланаваны рамонт ужо існуючых пляцовак — да канца сезона мінімум адна пляцоўка ў кожным раёне будзе мадэрнізаваная. Дарэчы, спортам на пастаяннай аснове займаецца кожны чацвёрты мінчанін.

Дар'я КАСКО

Загаловак у газеце: Да лета гатовыя!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».