Вы тут

Барбі


 БАРБІ

Маленькая Касечка вельмі любіла лялек Барбі. Нават тады, калі была ўжо не зусім маленькая – гадоў да чатырнаццаці дакладна, калі ўсе яе аднакласніцы і сяброўкі забыліся, куды пазакідвалі сваіх лялек.

Лялькі Барбі былі такімі, якой Касечка стаць не зможа. У іх былі даўгія простыя валасы, велізарныя сінія вочы на дасканалых тварах, пры­гожыя фігуры, на якіх ідэальна сядзелі чароўныя лялечныя сукенкі.

Касечка любіла шыць для Барбі вопратку. Лялькі ў той час прадаваліся ў сукенках для балю. Хто ж ходзіць у сукенках для балю на працу штодзень? А Барбі не могуць не хадзіць на працу, на­ват калі яны – прынцэсы, бо жывуць у нашым свеце і часе. У вопратцы, пашытай Касечкай, Барбі не выглядалі такімі прыгожымі, як у крамавых су­кенках, і гэта выратоўвала Касечку ад комплексу непаўнавартасці (прынамсі, трэба было паспраба­ваць).

Тым не менш, Касечка Барбі любіла. Любіла больш, чым сябе. Давала ім імёны любімых гераінь з мульцікаў і серыялаў (Віка з «Маёй цудоўнай няні», Жадзі і Хадзіжа з «Клона» і іншыя).

Яна аддавала ім усе свае думкі, планы і мары. Кожная лялька пражывала некалькі чароўных жыццяў, пра якія марыла Касечка, пакуль сама яна жыла сваім, не надта чароўным, звычайным – занадта звычайным – жыццём не вельмі папу­лярнай школьніцы.

Касечка марыла пра лялечны домік для Барбі. Адмысловы, двух-, а лепш трохпавярховы, дзе будуць усе пакоі і рэчы, неабходныя для жыцця Барбі (насамрэч Касечкі). Вялікі ложак, шафа, дзе шмат сукенак, мяккая канапа з фатэлямі, таршэр з абажурам, кухонны гарнітур, маленькі посуд і пухнаты кот. Някепска яшчэ было б мець Кена і ляльку-малыша, але на дзясятак Барбі ў краме меліся ў лепшым выпадку тры Кены. А малышы прадаваліся толькі ў «сямейным» наборы з трох лялек. Вось і атрымлівалася, што на ўсіх ні дзяцей, ні мужчын не хапала.

Зрэшты, лялечныя дамкі ў Касечкін невялікі (амаль лялечны) горад увогуле не завозілі.

Касечка зрабіла домік сама: з жорсткага кар­дону склеіла крываваты двухпакаёвы лабірынт, абцягнула яго шпалерамі, што засталіся пасля ра­монту ў «дарослай» кватэры. Ложак змайстравала са скрыні з-пад абутку. Канапу – з кнігі, засцеле­най пухнатым шалікам. Кухонны гарнітур склеіла з запалкавых карабкоў, якія доўга і старанна збірала. З іх жа – камоду. Праўда, уся вопрат­ка ў такія «шуфляды» не змяшчалася, а з чаго і як зрабіць шафу, Касечка не прыдумала, таму заста­валася толькі марыць. Як і пра ванны пакой, пра кухню, і яшчэ два паверхі. Агулам кватэра была недасканалая, але ўтульная.

Касечка любіла Барбі, але ў гэтай любові была мяжа. Рана ці позна пасля шматлікіх змен строю рвалася бальная вопратка. Пасля розных пры­чосак, якія Кася старанна заплятала, валасы блыталіся і рабіліся суцэльным жоўтым воблакам. Касечка нейкі час яшчэ гуляла з такой лялькай, але з кожным разам гульні рабіліся невыноснымі. Праблемы, здавалася, дробныя, але гэтыя дробачкі якраз і не давалі спакою: ідэальны свет, які і так трымаўся на скотчы і кавалках шпалер, руйнаваўся.

Можа, неідэальнасць Барбі нагадвала пра Касечкіны хібы ў рэальным свеце – куды больш сур’ёзныя, якія не схаваеш за сценамі кардоннага доміка?

Кацярына ЗАХАРЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».