Вы тут

Падарожжа ў святло


Наталля і Рыгор Івановы пра культуру творчасці і дыпламатыю ў сям’і

Гэта адна з самых знакамітых сямейных пар у беларускім сучасным мастацтве. Такія розныя ў творчасці і такія блізкія ў сям’і... Шмат гадоў яны разам ідуць наперад і падтрымліваюць адзін аднаго ў любых пачынаннях. Творцы выхавалі двух дачок, якія таксама займаюцца мастацтвам. Цяпер сямейная дынастыя часам выстаўляецца разам. Наталля і Рыгор Івановы расказалі, як разам пражыць шчасліва 35 гадоў і захаваць творчую індывідуальнасць, займаючыся адной справай.

Наталля Іванова «Гусі, мае гусі...».

Цяпло ў сям’і

— Ваша сям’я прызнаная мастацкай дынастыяй у Беларусі. Калі ўпершыню бачыш вашы работы, падаецца, што ў вас падобны стыль. Але пры больш глыбокім разглядзе заўважаецца індывідуальнасць. Раскажыце, як творча ўзаемадзейнічаеце ўнутры сям’і?

Рыгор Іваноў: У нас атрымліваецца захоўваць баланс як у творчасці, так і ў асабістых адносінах. Кожны гатовы пайсці на кампраміс. Навучыліся дамаўляцца і прыслухоўвацца адно да аднаго: сямейная дыпламатыя. Але галоўнае — любоў, якая аб’ядноўвае, іншыя складнікі — пасля.

Мастакі ў сям’і — гэта цікава: шмат агульных тэм, дзелімся адкрыццямі і заўсёды радуемся новым творам.

— На апошняй выстаўцы мастацкія творы ахапілі дзве залы. Вашы, Рыгор, былі вялікія, прамяністыя. Здавалася, быццам яны абараняюць творы ў другой зале, дзе размясцілі далікатныя і цёплыя работы Наталлі і дачок. Ці можна спраецыраваць тую экспазіцыю на ваша жыццё?

 Наталля Іванова: Мы жывём у гармоніі: ніякіх канфліктаў. Мне складана, калі ціснуць як у жыцці, так і ў творчасці, таму вялікае шчасце, што ўдаецца гэтага пазбегнуць. У кожнага з нас свой прафесійны шлях, таму важная сямейная падтрымка, а не марнаванне часу на дробязі.

— Дочкі самі выбралі мастацтва як род дзейнасці ці ўсё ж гэта было ваша бацькоўскае жаданне?

Н. І.: З упэўненасцю адкажу, што самі. Яны малявалі з самага дзяцінства. Нават у цацкі не гулялі. Для іх было цікава нешта ствараць. Вядома, паўплывала творчая атмасфера ў сям’і. Вакол усе малявалі, і ім не хацелася адставаць. З дзяцінства яны чыталі кнігі па мастацтве. Маглі казку не пачытаць, але прафесійныя кнігі разглядалі з радасцю.

Таму з прафесіяй было наканавана. Мне часам нават здаецца, што яны не ведалі, што можна было выбраць, напрыклад, прафесію эканаміста або бухгалтара. Мастацтва ў нашай сям’і — гэта лад жыцця.

Наша малодшая дачка вучылася ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце, вывучала візуальны дызайн. Здавалася б, такая перспектыўная прафесія, вельмі прыбытковая сёння, але ёй усё роўна бліжэй трымаць у руцэ пэндзаль.

— Канкурыруеце ўнутры сям’і як мастакі?

Н. І.: На шчасце, не. Дачок мы стараемся падтрымаць ва ўсіх пачынаннях. А з Рыгорам заўсёды побач: і дома, і ў майстэрні. За трыццаць пяць гадоў сумеснага жыцця настолькі адзін да аднаго прывыклі, што, напрыклад, адной у майстэрні мне было б сумна. Нават калі раз’язджаемся на дзень, здавалася б, можна адпачыць адзін ад аднаго, а я заўсёды пачынаю сумаваць. Мне здаецца, што мы адзіны арганізм... Напрыклад, у складаных момантах не ўпадаем у роспач, а, наадварот, падбадзёрваем адно аднаго.

Я ўвогуле лічу, што дзеці павінны быць лепшыя за нас, таму імкнуся перадаць ім свае веды, дапамагчы парадай. Але ў дзяўчат ужо сфарміраваны свой стыль у творчасці, таму яны нас таксама могуць чамусьці навучыць.

Узроўні святла

— Рыгор, вы — заснавальнік такога кірунку, як святлізм. Раскажыце, у чым яго сутнасць і як ён уздзейнічае на гледача?

— Святлізм — гэта калі сама карціна і ўсё ў карціне выпраменьвае святло, гэта адчуванне, працэс, пры якім чалавек у сабе адкрывае пачуццё святла, адчувае, што ён і сам святло. Мае работы не для секунднага прагляду. Глядзіш на карціну, і яна пачынае пульсаваць. Гэта вынік правільнага выбудавання святла.

Святло для мяне — сімвал Бога. Я звязваю святлізм з верай. Мне часам здаецца: глядзіш на твор, і ён — як лекі, дапамагае ад смутку, журбы, цемры. Святло аб’ядноўвае ўсіх. У кожным маім творы закладзена стыхія. У мяне калісьці была выстаўка «Водары колеру»: углядаешся ў карціны, і, здаецца, адчуваеш іх водар. Гэта ўсё асацыяцыі. Так і тут: чалавек, гледзячы на святло, знаходзіць у ім сваё чараўніцтва. У работах ёсць свабода. Няма прывязкі да канкрэтнага сюжэта, ёсць фантазія і ўяўленне. Мае светлавыя экраны канцэнтруюць чалавека, у гэтым святле ён стварае сваё кіно.

Можа падацца, што мае работы падобныя. Але ў іх па-рознаму расстаўленыя акцэнты. Нейкія больш эмацыянальныя, у іншых экспрэсія падкрэслена колерам. Ёсць жа і вельмі спакойныя творы. Чалавек, які тонка адчувае, адгукаецца на іх хутка.

Лічу, што на белым свеце жывуць менавіта святляне. У адрозненне ад іншых людзей святлісты якраз думаюць, што ўнутры іх святло — замест крыві. Святло ратуе чалавека ад зла і дапамагае не патануць у рацэ жыцця.

 — Вы самі для сябе падзялілі святлізм на тры ўзроўні. У чым асаблівасць кожнага?

— Я развіваўся ад рэальнасці да абстракцыі. Гэта вялікі шлях. Абстракцыя, на мой погляд, найбольш поўна адлюстроўвае маю фантазію, уяўленне. Напрыклад, «Чорны квадрат» Малевіча кожны можа трактаваць пасвойму. Гэтым я хачу сказаць, што абстракцыя шматгранная, развівае мысленне.

Першы ўзровень святлізму — гэта паверхня рэальнасці. У творах прысутнічаюць людзі. У работах можна ўбачыць размежаванне колераў, выразныя грані, якія паступова знікаюць, а карціны выпраменьваюць святло. На другім узроўні ў іх бачны знак маланкі. Прачытваецца сілуэт. Вобраз маланкі мы пераносім на сябе ў цэнтр святла — сонечнае спляценне. Адчуваецца энергія, сіла. Трэці ўзровень — узыход на вяршыню, адчуванне, што ты дасягнуў абсалюту. Тут пульсацыя і вібрацыя за кошт святла: чалавек нібы трапляе ў метафізічную прастору.

Кожны з гэтых узроўняў паўставаў адзін з другога. Сутнасць працэсу ў тым, што як мастак я стаў адыходзіць ад матэрыяльнага, абстрагавацца ад навакольных фактараў. У маіх работах паступова заставалася толькі святло.

Фарміраваць кірунак святлізму я пачаў прыкладна ў 2015 годзе. Да гэтага часу была больш фігуратыўная рэальнасць, але ішоў пошук у абстракцыі. Свой творчы шлях часам параўноўваю з лабараторыяй. Таму што гэта па-сапраўднаму навукова-даследчая праца.

Спачатку я часта выкарыстоўваў яркія колеры, потым прыйшоў да таго, што яны павінны пераходзіць у святло. Я існую ва ўсіх узроўнях адначасова. І здаецца, што ўсё з іх не вычарпаў.

Заўсёды ў трэндзе

— Рыгор, вы нарадзіліся ў Хабараўску, жылі ў Кітаі, шмат ведаеце пра культуры розных краін. Як гэта паўплывала? Што вам дала беларуская культура?

— Культуры розных краін добра ўспрымаюцца ў дзяцінстве: дзіця можа хутка засвойваць мовы, запамінаць матывы музыкі, чытаць літаратуру... Напрыклад, да гэтага часу памятаю водар палёў Кітая, вясну там. Вядома, цікава ўбачыць свет, вывучаць яго і потым вызначыцца, якія месцы табе бліжэй.

Далёкія дарогі таксама карысныя. Памятаю, як маленькі ездзіў у цягніках. Глядзіш у акно, факусіруеш абстаноўку, а вакол — столькі цудаў. Сам не заўважаў, як гэтыя ўспаміны праз многія гады адбіліся ў творчасці.

Памятаю, калі пераехалі ў Полацк. Такі прыгожы горад і тады, і цяпер. Я заўсёды любаваўся Дзвіной. Уражвала Сафія, якая стаіць на вялікім узгорку. Мне падабалася створаная прыродай шырыня і прастор. Я часта ўспамінаю адчуванні, калі свеціць сонца, а ты глядзіш на Дзвіну. Здаецца, што гарызонт падзелены на часткі.

Калі пра беларускую культуру, то на мяне моцна паўплывала творчасць Казіміра Малевіча і Марка Шагала. У іх ёсць чаму вучыцца.

— Вы заўсёды траплялі ў трэнд мастацтва. На адкрыцці вашых выставак шмат публікі. Адметна: большасць з тых, хто цікавяцца, — мэтры беларускага мастацтва...

— Я не згодны з тым, што толькі мэтры. Моладзі таксама падабаецца. У мяне нядаўна быў выпадак, калі хлопец на маю выстаўку прыходзіў тры разы. Хадзіў, глядзеў, думаў... Гэта вельмі важна! Што датычыцца прафесіяналаў, многія прыходзяць, таму што вучацца. Мастак, гледзячы на творы калег, развіваецца, разумее, што яму цікава, а што — не, адкрывае новыя стылі, разважае, наколькі яны пасуюць яго манеры.

— Як думаеце, што чапляе гледача ў вашых творах?

— Калі канкрэтна пра трэці ўзровень святлізму, мне здаецца, чапляе само святло. Глядач адчувае энергетыку. Я хачу адкрыць сувязь чалавека са сваім найвышэйшым я, з падсвядомасцю.

Светлавыя карціны — свайго роду медытацыя. Гледзячы на іх, знікае негатыў, дрэнная энергія (далёка хадзіць не трэба: кожны дзень у транспарце, у краме мы можам сутыкацца з непрыемнымі сітуацыямі). Заўважце: любое непрыемнае слова можа сапсаваць нам настрой. А мастацтва арганізм аднаўляе. Мы ў сям’і заўсёды падсілкоўваемся энергіяй мастацтва.

Вяртанне ў дзяцінства

— Наталля, і ў вашых творах прысутнічаюць светлавыя тоны. Гэта таксама зварот да святлізму?

— У мяне крыху іншая канцэпцыя. Хачу ў чалавеку дарослым абудзіць унутранае дзіця. Бо дзіця — гэта чысціня, непасрэднасць. Ва ўсіх філасофскіх вучэннях прапісана: імкніцеся да дзіцяці. Псіхолагі, псіхатэрапеўты для выздараўлення спрабуюць вярнуць хворага ў стан дзяцінства. Сваёй творчасцю хачу дапамагчы чалавеку адчуць сябе радасным, непасрэдным, лёгкім. Мне гэта ўдаецца. Колькі выставак ні рабіла, заўсёды чую ад наведвальнікаў фразу: «Мы як быццам вярнуліся ў дзяцінства». Мне прыемна, што людзі мяне разумеюць, ловяць пасыл, энергетыку.

Жывапісам я пачала займацца ў сорак гадоў. Да гэтага шмат гадоў займалася габеленам, захаплялася абразамі і традыцыйнай народнай творчасцю. Жывапіс стаў чымсьці асаблівым, вялікім крокам наперад! Люблю тое, што раблю. Гэта надае сілы. Вялікую ролю адыграла сям’я: гэта маё натхненне, стымул. Сёння мы з Рыгорам выстаўляемся ў розных краінах, і я вельмі рада, што там ведаюць і любяць беларускае мастацтва.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?