Вы тут

У чым паспяховасць сучаснага аграгарадка?


Вёска Лазавічы знаходзіцца дзесьці за дваццаць пяць кіламетраў ад Клецка, можна сказаць, на самым ускрайку раёна. Паскоранае яе развіццё пачалося ў 2007 годзе, з наданнем статусу аграгарадка.


Ся­мей­ная ды­нас­тыя: Ана­толь Бар­на­то­віч, Жан­на Ні­ка­но­віч і Га­лі­на Па­юта.

— Аграгарадок Лазавічы рос і мяняўся на нашых вачах. Былі заасфальтаваны вуліцы, пад'езды да фермаў, вытворчых аб'ектаў, уладкаваны тратуарныя дарожкі. З'явілася ўся неабходная сацыяльная інфраструктура, вырасла новая вуліца Маладзёжная. Базавая гаспадарка — адкрытае акцыянернае таварыства «Лазавічы» выдзяляла тут жыллё ў асноўным моладзі, — кажа намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Галіна Паюта.

Дарэчы, акрамя яе ў Лазавічах жывуць і працуюць родныя брат і сястра Галіны Адамаўны — Анатоль Барнатовіч — брыгадзірам трактарнай брыгады, Жанна Нікановіч — загадчыцай сталовай. Сапраўдная сямейная дынастыя.

— Мы, мясцовыя, нездарма кажам: дзе нарадзіўся, там і згадзіўся. У гаспадарцы працуе нямала тутэйшых хлопцаў і дзяўчат. Абзавяліся сем'ямі, хатняй гаспадаркай, гадуюць дзяцей. А самае галоўнае, што ў кожнага ёсць уласнае жыллё, — дадае Жанна Адамаўна.

— У нас, можна сказаць, жыллёвая праблема вырашана цалкам: узведзена каля 70 катэджаў сядзібнага тыпу. Спадзяёмся, што сёлета зноў трапім у Дзяржпраграму аднаўлення і развіцця сяла і плануем за кошт банкаўскіх крэдытаў пабудаваць яшчэ тры катэджы, — дзеліцца планамі дырэктар ААТ «Лазавічы» Міхаіл Аскерка. — А гады праз два ў аграгарадок прыйдзе і газ — ужо рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя. Імкнёмся, каб у нас умовы працы, быту, пражывання былі не горшыя, чым у гарадскіх жыхароў.

У аг­ра­га­рад­ку, як у го­ра­дзе.

Як лічыць дырэктар, у кожным населеным пункце павінны быць бездакорныя дарогі, сацыяльнае абслугоўванне, неабходныя тавары паўсядзённага попыту, якасныя прадукты харчавання і вада, доступ да сучасных інтэрнэт-рэсурсаў. Толькі так можна забяспечыць камфортнае і якаснае пражыванне сельскіх людзей. А гэта ў сваю чаргу дазволіць прыцягнуць і замацаваць кадры на вёсцы, у тым ліку і маладых спецыялістаў.

— Што трэба сучаснаму маладому чалавеку, на вашу думку, Міхаіл Пятровіч? — цікаўлюся ў кіраўніка. — Здавалася б, у аграгарадках ёсць усе неабходнае, але чамусьці многія імкнуцца ў горад.

— Вёску трэба любіць. Без гэтага пачуцця тут не прыжывешся, — лічыць суразмоўнік. — А калі палюбіш зямлю ўсёй душой, то і зусім іншыя адносіны будуць да сельскай гаспадаркі. Падчас сезонных работ даводзіцца практычна ўвесь дзень шчыраваць на палетках, без выхадных. А маладыя хочуць адпачыць. Вядома, па меры магчымасці стараемся даваць моладзі выхадныя і ў пік асноўных работ. Шмат маладых спецыялістаў прыжываюцца ў нас, бо разумеюць, што ў горадзе такога дыхтоўнага жылля за дарма не атрымаеш.

— А як наконт занятасці? Работы ў аграгарадку ўсім хапае? — пацікавілася ў мясцовых жыхароў.

— Не лянуйся, толькі працуй. Калі добры работнік, то і жыць будзеш заможна. Паглядзіце, якія прыгожыя дамы навокал. Некаторыя сем'і маюць па дзве машыны, — прагучала ў адказ.

Сапраўды, у Лазавічах практычна запоўнены штат работнікаў. Хапае механізатараў, паляводаў, спецыялістаў, аператараў машыннага даення. Даяркі маюць па дзесяць выхадных у месяц з улікам падмены і зарабляюць па 800 рублёў.

Ган­на Со­ма­ва мае 50 га­доў ста­жу ў жы­вё­ла­га­доў­лі. Фо­та Ана­то­ля Ба­са­ва.

У аграгарадку вытрыманы ўсе сацыяльныя стандарты. Ёсць два магазіны, сталовая, аддзяленне банка, бібліятэка, клуб, дзіцячы сад, сярэдняя школа. Але вучыцца тут не так шмат дзяцей. Летась было толькі два першакласнікі. Таму бацькі вымушаны іх вазіць у школу суседняга аграгарадка Морач. Ды мясцовыя жыхары лічаць, што закрываць вучэбную ўстанову не варта. Няма будучыні ў населеных пунктах, дзе ліквідуюцца дзіцячыя ўстановы. Такога меркавання прытрымліваецца і Міхаіл Аскерка. Калі малыя растуць у сваім аграгарадку, то больш шанцаў, што яны тут застануцца і пасля школы або вернуцца на малую радзіму пасля заканчэння вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў.

— У нас створана ўся неабходная інфраструктура, каб людзі маглі жыць годна, — сустракае нас на сваім падворку Ганна Сомава.— Радуе, што ёсць магазіны, дзе набываем прадукты, тавары паўсядзённага попыту. А калі нечага не хапае, то можна зрабіць індывідуальны заказ і ўсё неабходнае прывязуць наступным разам. Рэгулярна да нас прыязджае аўтакрама, якая па просьбе можа спыніцца каля дамоў пажылых людзей. Гэта вельмі зручна і эканоміць час.

Ганна Іванаўна толькі нядаўна пайшла на адпачынак, да гэтага ўзначальвала жывёлагадоўчую ферму, агульны працоўны стаж жанчыны 50 гадоў.

— Вельмі добра, што ў аграгарадку ёсць фельчарска-акушэрскі пункт, — дадае яна. Урач агульнай практыкі заўсёды выслухае, прапіша неабходныя лекі. Тут можна памераць ціск, зрабіць кардыяграму, аналіз крыві, прайсці розныя працэдуры, палячыць зубы. Чым не зручна? У сваю чаргу ў амбулаторыі рэгулярна вядзе прыём і тэрапеўт з раёна.

— І ўсё ж, — звяртаюся да кіраўніка базавай гаспадаркі Міхаіла Аскеркі, — якім вы бачыце свой аграгарадок у будучым? Гарадком-садам, кветкай, сонцам?

— Якім ён будзе праз дзесяцігоддзі цяжка сказаць. Гэта залежыць ад моладзі, якая прыйдзе нам на змену. Але адназначна населены пункт будзе развівацца і прыгажэць, станавіцца больш камфортным для жыцця. Ды для гэтага трэба, на мой погляд, мяняць сістэму ўладкавання аграгарадкоў, мысленне жыхароў. Варта прыцягваць людзей, якія б рыхтавалі сваіх дзяцей, унукаў да працы ў сельскай мясцовасці. І нядрэнна, каб дзяржава выдзяляла крэдыты для будаўніцтва шыкоўнага катэджа, на закупку тэхнікі. У такім выпадку чалавек атрымае магчымасць адкрыць і развіваць сваю справу не толькі ў сельгасвытворчасці, але і ў турызме, іншых відах дзейнасці. І ў наступным пакіне набытае сваім нашчадкам, якія прадоўжаць справу.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Годныя ўмовы працы, быту і заробкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?