Вы тут

Май ці травень?


Якія сакрэты адкрывае «Гістарычны слоўнік».

Нават сёння мы можам знайсці словы, якімі карысталіся Францыск Скарына, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі і многія іншыя выдатныя асобы. Летась выйшаў апошні том «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы», які адлюстроўвае лексіку пісьмовых помнікаў, напісаных на старабеларускай мове ў перыяд з XІV да XVІІІ стагоддзя ўключна. Хіба гэта праца ў 37 кнігах не сведчыць аб тым, якой багатай была наша мова, і што мы — старажытны еўрапейскі народ з шыкоўнымі моўнымі традыцыямі?


Наша мова стала чацвёртай у Еўропе (пасля чэшскай, нямецкай і італьянскай), на якой была надрукавана Біблія. На ёй была створана першая еўрапейская канстытуцыя (статут Вялікага Княства Літоўскага). З ёй, афіцыйнай у Вялікім Княстве, павінны былі лічыцца нашы суседзі, у канцылярыях Маскоўскай дзяржавы і Каралеўства Польскага мусілі паважаць старабеларускую мову і пісаць на ёй афіцыйна-дзелавыя пісьмы.

Гістарычны слоўнік уключае больш за 75 тысяч слоў, зафіксаваных у граматах, дагаворах, статутах, летапісах, хроніках, воінскіх і рыцарскіх раманах і аповесцях, мемуарных, публіцыстычных, навуковых і рэлігійных творах. І гэта, бадай што, унікальная з'ява для ўсяго славянскага свету. Так, у нашых найбліжэйшых суседзяў пакуль такая праца яшчэ не зроблена.

Ідэя стварэння падобнага даведніка ўзнікла яшчэ ў 1927 годзе, але яе пачалі рэалізоўваць толькі праз 30 гадоў. І працавала над гэтым праектам некалькі пакаленняў даследчыкаў Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа.

Да сённяшняга часу захавалася багата крыніц, толькі Літоўская метрыка налічвае больш за 600 тамоў! Навукоўцам давялося правесці ў тым ліку і пошукавую работу. Не трэба забываць, што большасць рарытэтаў сёння знаходзяцца па-за межамі нашай краіны, і беларускія вучоныя ездзілі ў Кракаў, Варшаву, Львоў, Кіеў, Санкт-Пецярбург, Маскву, Вільню, каб збіраць матэрыял для такой фундаментальнай працы. Заўважым, што ў той час, калі пачалася работа над слоўнікам (а гэта 60-я гады), ні ксеракса, ні сканера не было. Напрыклад, Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага прывезены ў Мінск у выглядзе фотакопій і мікраплёнак.

Акрамя таго, не так проста было расчытаць старадаўнія тэксты, расшыфраваць іх. Уручную стваралася «дасье» (яно налічвае больш за мільён картак).

Наогул, у аснову слоўніка было пакладзена каля 150 старажытных кніг і рукапісаў. Напрыклад, адна з такіх крыніц — «Трыбунал абывацелям Вялікага Княства Літоўскага» — першая кніга дзелавога зместу на старабеларускай мове, створаная ў друкарні братоў Мамонічаў у 1586 годзе.

Даведнік цікавы тым, што даследчыкі стараліся паказаць, у якіх разнастайных тэкстах сустракалася пэўная адзінка, ілюстрацыйны матэрыял падбіраўся, каб максімальна перадаць ужывальнасць слова на ўсёй тэрыторыі і на на ўсім працягу функцыянавання старабеларускай літаратурна-пісьмовай мовы.

Гэта надзвычай важная праца будзе карысная не толькі для лінгвістаў — праз словы адлюстравана гісторыя ў 500 гадоў. У слоўніку багата інфармацыі аб сацыльна-эканамічным жыцці, матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага народа. Таксама праз мову можна прасачыць, якія стасункі наладжвалі нашы продкі з іншымі народамі свету. Напрыклад, даведацца, якія грашовыя сродкі выкарыстоўвалі раней нашы продкі. Так, у слоўніку сустракаюцца 22 назвы грашовых адзінак іншамоўнага паходжання, што, бясспрэчна, сведчыць аб развіцці гандлю.

Слоўнік утрымлівае і запазычаныя словы, якія ўжываліся ў старабеларускай мове. Даследаваннямі ўстаноўлена, што іх было звыш 3600 (на першым месцы — паланізмы, на другім — лацінізмы, трэцяе займалі словы нямецкага паходжання). А яшчэ слоўнік падкажа, калі гэтыя запазычаныя словы былі ўжыты ў нашых пісьмовых крыніцах. Напрыклад, слова «гандаль» упершыню зафіксавана ў 1566 годзе, «артыкул», «скарб» — у 1388, «тавар» — у 1478, «камерцыя» — у 1686, «калькулятар» — у 1689.

Некаторыя словы, якія мы ўжываем сёння, у старабеларускай мове мелі іншыя значэнні. Так, «кніжнік» — раней гэта знаўца Святога Пісання, законаў і правілаў рэлігійнай маралі. Дзеяслоў «гостити» меў значэнне гандляваць, а «госцем» — называлі іншаземнага купца і ўвогуле чалавека, які гандлюе. Слова «посадити» часта выкарыстоўвалася ў летапісах са значэннем — выбраць, прызначыць, надзяліць уладай.

Слоўнік будзе карысны даследчыкам, якія маюць справу са старымі крыніцамі, дапаможа лепш разумець творы на гістарычную тэматыку. Працаваць з даведнікам могуць і дыялектолагі, каб прасачыць сувязь паміж мовай XІV—XVІІІ стагоддзяў і сучаснай. Варта звярнуць увагу на гэтую працу і тым, хто цікавіцца паходжаннем назваў вёсак, гарадоў. Ды ў аснове прозвішчаў часта сустракаюцца словы, якія да нашага часу не дажылі, але вы зможаце іх знайсці ў гістарычным шматтомніку, убачыць тлумачэнні — і многае можна расшыфраваць.

— У слоўніку мы знойдзем адказы на пытанні, якія могуць нас хваляваць, — расказвае загадчык аддзела гісторыі беларускай мовы Інстытута мовазнаўства імя Я. Коласа Наталля Паляшчук. — Напрыклад, даведацца, хто ён, наш продак, па сацыяльным становішчы («смерд», «шляхціч»), па родзе заняткаў («залатар» — ювелір, майстар па вырабе розных рэчаў з золата, «медасытца» — той, хто робіць хмельны напітак з мёда, півавар, «скрыннік» — майстар па вырабе скрынь і скрынак). Хто наш продак па роднасці і сваяцтве? Тут вы сустрэнеце словы «братан» — сын брата, (адпаведна, «братанка, братана» — дачка брата), «дзядзьковіч» — сын дзядзькі, «уладычыч» — сын уладыкі.

Таксама мы даведаемся пра фізічныя якасці, эмоцыі людзей («немоцны», «ранны», «сляпы», «рослы»), іх статус у грамадстве, стасункі з іншымі.

Да гістарычнага слоўніка трэба звярнуцца, каб вырашыць розныя практычныя пытанні. Ён пацвярджае ці абвяргае аргументы на карысць ужывання ці неўжывання таго ці іншага слова ў сучаснай беларускай літаратурнай мове.Так, да гэтага часу не сціхаюць спрэчкі наконт таго, якая назва лепш — «май» ці «травень». Даследчыкамі была праведзена работа па пісьмовых помніках і вызначана, што слова «май» ужывалася вельмі шырока, яго вы знойдзеце ў метрыках Вялікага Княства Літоўскага, карыстаўся ім і Францыск Скарына. А слова «травень» зафіксавана толькі ў выданні 1653 года.

Значнай часткай тых слоў, што ўжываліся ў старабеларускай мове, людзі актыўна карыстаюцца сёння. Але некаторыя прыгожыя словы прызабылі. Наталля Вікенцьеўна прыгадала некаторыя: «лістоўня» — ёмішча для захавання лістоў; «раскошнік» — чалавек, які схільны да раскошнага жыцця; «цікавец» — дапытлівы чалавек; «важніца» — памяшканне, дзе ўзважваюць што-небудзь; «здастачыць» — быць у дастатковай колькасці; «ваеннік» — асоба, якая ўдзельнічае ў ваенным паходзе, аперацыі; «псавацель» — той, хто псуе што-небудзь. І, бясспрэчна, у гістарычным слоўніку можна знайсці багата іншых слоў, якія заслугоўваюць таго, каб іх вярнуць у сучасную літаратурную мову.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.