Вы тут

Беларусь і Грузія плануюць стварыць СП па перапрацоўцы мяса птушкі


Беларусь і Грузія плануюць стварыць сумеснае прадпрыемства па перапрацоўцы мяса птушкі на тэрыторыі Грузіі. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанід Заяц па выніках перагавораў з грузінскай дэлегацыяй на чале з міністрам аховы прыроды і сельскай гаспадаркі Леванам Давіташвілі, якія адбыліся ў Мінсельгасхарчы з удзелам намесніка прэм'ер-міністра Беларусі Міхаіла Русага.


"У адпаведнасці з даручэннем Прэзідэнта Беларусі, дадзеным пры наведванні Грузіі, нам неабходна паглыбіць узаемадзеянне галін аграпрамысловага комплексу дзвюх краін, павялічыць прысутнасць прадукцыі сельскай гаспадаркі Грузіі на харчовых рынках Беларусі і нарасціць пастаўкі з нашай краіны той прадукцыі, у якой мае патрэбу Грузія. У Беларусь прыехала грузінская дэлегацыя, каб арганізаваць узаемадзеянне па тых ключавых пазіцыях, напрамках, якія цікавы абодвум краінам, у прыватнасці, па перапрацоўцы мяса птушкі на тэрыторыі Грузіі. Цяпер арганізоўваецца рабочая група, каб прапанаваць варыянты супрацоўніцтва. Мы мяркуем, што будзе створана сумеснае прадпрыемства, на якім мяса птушкі будзе перапрацоўвацца па беларускіх тэхналогіях, з суправаджэннем беларускіх спецыялістаў і навучаннем грузінскіх. Мэта - паставіць на рынак Грузіі і іншых сумежных дзяржаў агульны прадукт, які будзе карыстацца папулярнасцю ў спажыўца", - сказаў Леанід Заяц.

Грузінская дэлегацыя раней наведала ААТ "Віцебская бройлерная птушкафабрыка". "Прадстаўнікі Грузіі азнаёміліся з дзейнасцю птушкафабрыкі, з сістэмай перапрацоўкі, шырокім асартыментам прадукцыі, якая прапануецца спажыўцу", - адзначыў міністр.

Разглядаецца магчымасць арганізацыі ў Грузіі вытворчасці агародніны ў закрытым грунце па беларускіх тэхналогіях. "Мы прапанавалі свае тэхналогіі, свае магчымасці па стварэнні такой вытворчасці на тэрыторыі Грузіі ў любым рэгіёне. Мы гатовы арганізаваць зборку гэтых цяпліц, забяспечыць суправаджэнне тэхналогіі і навучанне грузінскіх спецыялістаў", - падкрэсліў Леанід Заяц.

Леанід Заяц

Міністр аховы прыроды і сельскай гаспадаркі Леван Давіташвілі дадаў, што разглядаецца пытанне аб стварэнні сумеснага прадпрыемства па перапрацоўцы сухога малака ў Грузіі. "Гэта новы напрамак супрацоўніцтва, які мы вызначылі ў час гэтага візіту. У вас вельмі якасныя прадукты, якія запатрабаваны на грузінскім рынку. Думаю, што ў Грузіі ёсць вялікі патэнцыял у гэтым напрамку, калі стварыць сумеснае прадпрыемства. Гэта пытанне мы таксама будзем вывучаць і аналізаваць разам з беларускімі калегамі", - сказаў ён.

Падчас візіту Прэзідэнта Беларусі ў Грузію ў сакавіку бягучага года падпісаны пратакол аб намерах паміж Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі і Міністэрствам аховы прыроды і сельскай гаспадаркі Грузіі, у якім абазначаны напрамкі супрацоўніцтва і планы па садзейнічанні ў развіцці ўзаемнага гандлю. Прыярытэтны напрамак узаемадзеяння - пастаўка сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчавання. Беларускі бок таксама зацікаўлены ў развіцці супрацоўніцтва ў галіне аграрнай адукацыі, па пытаннях развіцця жывёлагадоўлі, у рэалізацыі сумесных аграрных праектаў у Грузіі.

Арганізацыі Мінсельгасхарча за 2017 год экспартавалі ў Грузію прадукцыі на $8,58 млн (рост у 2,9 раза адносна 2016 года), а за студзень-сакавік 2018 года - на $1,95 млн. Пачаты пастаўкі мяса птушкі на грузінскі рынак.

БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.