Вы тут

На выставе «СМІ ў Беларусі» прадстаўлена каля 50 экспанентаў


У сталічным выставачным цэнтры «Белэкспа», што на праспекце Пераможцаў, 14, пачала працаваць XХІІ Міжнародная спецыялізаваная выстава «СМІ ў Беларусі». Шматлікія сродкі масавай інфармацыі, найлепшыя журналісты, самыя адданыя чытачы, слухачы і гледачы — гэта месца стала пунктам сустрэчы ўсіх зацікаўленых.


Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

У выставе, якая будзе доўжыцца да 5 мая, прымаюць удзел больш як 50 экспанентаў. Яны прадстаўляюць каля 400 сродкаў масавай інфармацыі з Беларусі, Расіі, Украіны, Казахстана, Латвіі, Літвы, Польшчы, Кітая, Турцыі і іншых краін. Экспазіцыя размясцілася на плошчы больш за 1 тыс. кв. м.

На ўрачыстым адкрыцці выставы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Жаўняк зачытаў прывітальнае слова Аляксандра Лукашэнкі: «Гэты форум праходзіць ужо на працягу двух дзесяцігоддзяў і з'яўляецца месцам актыўнага абмеркавання сродкамі масавай інфармацыі пытанняў развіцця медыясферы і ўмацавання партнёрскіх сувязяў. Тут рэгулярна дэманструюцца апошнія дасягненні ў рабоце друкаваных выданняў, радыё і тэлебачання, інтэрнэт-рэсурсаў. Асабліва прыемна адзначыць цікавасць да выставы прадстаўнікоў шырокага кола замежных краін.

Сродкі масавай інфармацыі павінны фарміраваць канструктыўную грамадскую думку праз своечасовую і аб'ектыўную падачу матэрыялаў, праз шчыры і ўдумлівы дыялог з аўдыторыяй. Перакананы, што такая прадстаўнічая міжнародная пляцоўка паспрыяе аб'яднанню грамадства, сцвярджэнню ідэй міру
і добрасуседства».

Фота БЕЛТА

Міністр інфармацыі Аляксандр КАРЛЮКЕВІЧ у сваім выступленні адзначыў:

— Сёння шырокая палітра сродкаў масавай інфармацыі, самых разнастайных медыйных рэсурсаў стварае шырокую карціну свету. Хацелася б, каб у гэтых памкненнях да дакладнай падачы інфармацыі, да самага сур'ёзнага, аб'ектыўнага расповеду пра нашу рэчаіснасць мы ўсе заставаліся ў кірунку да кансалідацыі, да адлюстравання светлых інтарэсаў нашай краіны.

Перад адкрыццём выставы ва ўрачыстай абстаноўцы было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве СМІ Беларусі і Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі Расіі. Адпаведная дамоўленасць была дасягнута на сустрэчы міністра інфармацыі Беларусі Аляксандра Карлюкевіча і віцэ-губернатара Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі Ірыны Сакаловай.

— Ямал лічаць энергетычным сэрцам Расіі, у нас здабываюць 85 % газу ўсёй краіны. Але галоўнае наша багацце — гэта людзі, — мяркуе Ірына САКАЛОВА. — Пры насельніцтве ў 500 тысяч чалавек у нас жыве 112 нацыянальнасцяў і народнасцяў, і 8 % з іх складаюць карэнныя народы Поўначы. У нас выходзяць газеты на нацыянальных мовах — і яны прадстаўлены на стэндзе ў Беларусі. У нашай акрузе працуе 160 сродкаў масавай інфармацыі — падчас выставы вы можаце ўбачыць іх рэгіянальныя і федэральныя структуры. Мы мяркуем, што выстава «СМІ ў Беларусі» дазволіць нам лепш даведацца адно пра аднаго. І стане добрым унёскам у скарбонку гуманітарных сувязяў нашых краін.

Фота БЕЛТА

Выставу наведала дэлегацыя кітайскіх журналістаў, якая гэтымі днямі знаходзіцца ў прэс-туры па нашай краіне. Замежныя госці ўжо пабывалі шмат дзе. Але адным з асноўных пунктаў іх вандроўкі, натуральна, стала наведванне выставы СМІ. Адна з замежных гасцей, шэф-рэдактар радыё «Qіnghaі» Чжу Чхэн Юань, адзначыла:

— У Кітаі выставы СМІ праходзяць амаль у кожным рэгіёне. Я заўважыла, што беларускія журналісты вельмі маладыя, вельмі працалюбівыя і старанныя. А мы, калі вернемся дадому, таксама пастараемся вельмі падрабязна расказаць усё, што даведаліся пра вашу краіну.

Фота БЕЛТА

Увагу наведвальнікаў выставы прыцягвае і стэнд Выдавецкага дома «Звязда». Шмат мерапрыемстваў праходзіць як на самім стэндзе, так і запланавана для правядзення ў канферэнц-зале. Сярод апошніх круглыя сталы, адзін з іх прысвечаны юбілею часопіса «Маладосць», якому споўнілася 65 гадоў. Другі ладзіцца сумесна з «Настаўніцкай газетай» і прысвечаны Году малой радзімы і краязнаўству.

Дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Павел СУХАРУКАЎ расказаў:

— Кожны часопіс і газета, якія ўваходзяць у Выдавецкі дом «Звязда», прадстаўляюць сваю праграму, якая прэзентуе гэтае выданне. Таму стэнд «Звязды» насычаны цікавымі мерапрыемствамі на працягу ўсіх трох дзён.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Загаловак у газеце: Існавалі, існуюць і будуць існаваць!

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.